Апостал (Вільня, пасля 1595 года)
Працягваем візуальны праект да 100-годдзя з дня адкрыцця нашай бібліятэкі. Ён знаёміць вас з найбольш цікавымі экзэмплярамі, якія захоўваюцца ў ЦНБ НАН Беларусі.
Перад вамі Апостал (Вільня, пасля 1595 года).
Кніга была надрукавана ў Вільні пасля 1595 г. у друкарні Мамонічаў.
“Апостал” – богаслужэбная кніга, якая змяшчае: часткі Новага Запавету – “Дзеянні” і “Пасланні святых апосталаў”. У кнізе таксама прыведзены гадавы богаслужбовы расклад новазапаветных чытанняў з указаннем пракімнаў і алілуарыяў.
Маюцца чытацкія пазнакі: «Зри какая | община», «зри | что зна|читъ во всехъ | языцехъ | пріятенъ», «зри хто | противится | Христу то | отресаетъ | ризы свои | и отходитъ», «зри | отъступащъ |от хулящихъ» – ХХ ст., алоўкам. А таксама ўказанні чытанняў – XVII–XVIII стст., скорапісам.
Вокладка (верагодна) XVIII ст., дошкі ў цёмна-карычневай скуры з блінтавым цісненнем, вечкі з кантам і фаскамі. На фасках лінейнае цісненне. Скура вокладкі моцна дэфармаваная, як мяркуецца, пад уздзеяннем высокай тэмпературы, у выніку чаго цісненне праглядаецца невыразна. На верхнім вечку бачныя сляды арнаментальных рамак, у цэнтры – камбінацыя з сярэдніка і куткоў расліннага арнаменту. Па перыметры ніжняга вечка тры арнаментальныя рамкі, у цэнтры – камбінацыя з арнаментальных палос, размешчаных вертыкальна. Захавалася верхняя зашпілька жоўтага металу «ў зачэп»: прабой, замацаваны пад скурай пакрыцця верхняга вечка, і літая прачаканеная фігурная спражка з гаплікам (чаканка ў выглядзе расліннага арнаменту), прыбітая цвікамі да скуранога рамяня. Ад другой зашпількі захаваліся прабой і рамень для мацавання спражкі. Рамяні зашпілек карычневага колеру, пазнейшага паходжання. Прабоі і рамяні прыбіты да вечкаў цвікамі.
Ілюстрацыі ў кнізе: гравюра апостала Лукі.
Асобнік быў набыты ў 1973 г. у М. С. Севасцьянава праз кнігарню № 2.
Віленскі Апостал (пасля 1595 года выдання) захоўваецца ў Цэнтры даследаванняў старадрукаў і рукапісаў.
Падрабязней з асаблівасцямі можна азнаёміцца ў навуковым выданні «Кириллические издания XVI века: каталог изданий из коллекции Центр. науч. б-ки им. Якуба Коласа Нац. акад. наук Беларуси».
Падрыхтавана Купцовай М. С.









