Беларусь вачыма Язэпа Драздовіча
Галоўная мэта мастацтва – гэта раскрыць прыгажосць і схаваць постаць творцы.
Оскар Уайльд
2023 год праходзіць пад знакам 135-гадовага юбілею выдатнага беларускага мастака-графіка, этнографа-фалькларыста, аднога з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу, майстра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Язэпа Нарцызавіча Драздовіча.

З гэтай нагоды на працягу года мы будзем знаёміць чытачоў з рознымі бакамі творчай дзейнасці Язэпа Драздовіча, а таксама раскрываць ягоны фонд, што захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Асабісты архіў беларускага жывапісца быў набыты Цэнтральнай навуковай бібліятэкай НАН Беларусі ў 1965 годзе ў ягонай сястры. Пасля навукова-тэхнічнай апрацоўкі ён уключае 79 адзінак захоўвання за 1890-1953 гг., а таксама некалькі дакументаў больш ранняга перыяду. Дэтальны разгляд дадзенага архіва дазваляе раскрыць постаць Язэпа Дроздовіча не толькі як класічна вядомага для беларусаў мастака, але і як публіцыста, пісьменніка-фантаста, паэта ды этналінгвіста.
Драздовіч-мастак пряцягваў закладзеную Напалеонам Ордай традыцыю адлюстравання мясцовых краявідаў і архітэктурных помнікаў.



Мабыць самым плённым перыядам пейзажнай дзейнасці Язэпа Нарцызавіча было дзесяцігоддзе паміж 1922–1933 гг. Увесь гэты час ён вандраваў па Беларусі, замалёўваў адзін аркуш альбома за другім. Старонкі напаўняліся алоўкавымі і атрамантавымі накідамі, і толькі некаторым з іх было наканавана стаць паўнавартаснымі карцінамі, што размалёўваліся акварэллю.



Менавіта лета 1926 г. уяўляе найбольш «каляровы перыяд» у творчасці Драздовіча-акварэліста. Ён стварае шэраг замалёвак Кармеліцкага касцёла і кляштара ў мястэчку Глыбокае. Цікавай з’яўляецца і тэхніка малявання Язэпа Драздовіча. Відавочна, што ён першапачаткова ствараў алоўкавы накід зямной паверхні, гарызонту, ніколі не кранаючыся нябёсаў. Толькі дрэвы і кусты, якія бяруць пачатак у глыбі зямной, урываюцца ў нябёсную прастору краявіда. Нябёсы ў яго – асаблівыя. Яны заўсёды лёгкія, бязмежныя, быццам бы намаляваныя збыткоўна, але разам з гэтым, яны з’яўляюцца канчатковай рысай твору. Менавіта імі аўтар кажа: «Усё, скончана». Можна заўважыць, што неба стваралася вытанчаным, тэхнічна дасканалым, цэльным, моцным у эмацыйнай перадачы, але і лёгкім пры націску. Адзіным і завершаным.



На малюнках Глыбоцкага касцёла відавочна дамінацыя зялёных і блакітных каляроў. Зялёны для Драздовіча – гэта колер зямлі, лясных багаццяў Беларусі, блакітны – бясконцае неба над краінай, што нагадвае пра боскую дапамогу, апекунства і прысутнасць ласкі Госпада. Язэп Нарцызавіч стварае некалькі накідаў: з выявай левага боку касцёла і фасада, як бы спрабуючы падступіцца да добрага ракурсу, каб было бачна ўсё багацце віленскага барока.
Вельмі важнымі прадстаўляюцца накіды Наваградскай Фары Вітаўта і Замкавай гары, зробленыя ў 1928(27?)–1929 гг. Адзіны накід выкананы атрамантам, а два іншыя – алоўкам. Варта зазначыць, што гэта, бадай, нешматлікія малюнкі, зробленыя алоўкам, якія ўяўляюць сабой закончаны твор: мы бачым як аўтар адлюстроўвае неба – нязменны знак якасці. Гэтымі малюнакамі Драздовіч паказвае рэшткі Наваградскага замка і вымалёўвае Фару з усіх бакоў. Можна заўважыць як «нетыпова» выглядае гатычнае збудаванне на фоне прыроды, але пры гэтым яны ўступаюць у сэнсава-стылістычнае супрацьстаянне. Рэшткі замка быццам нагадваюць аб былой велічы Вялікага Княства Літоўскага. Узіраючыся ў накіды, мы пераносімся ў гармонію паміж штучным чалавечым светам і прыродай. Як напамін паўстаюць руіны вялікіх замкаў, даносіцца водгулле баляў. Няма ўжо ні тых, ні іншых, яны пакінулі край, сышлі ў нябыт. І толькі Фарны касцёл Праабражэння Гасподняга стаіць, нагадваючы пра тое, што застаўся толькі Бог. Ён тут, на гэтай зямлі.




На аркушах альбомаў перад вачыма гледача паўстаюць простыя сялянскія хаткі, каменныя велічныя храмы, рассылаюцца палі, Галубіцкая пушча, Панёманне – ўсё гэта і ёсць Беларусь вачыма яе выдатнага сына Язэпа Драздовіча.



Дзякуючы ягоным замалёўкам, мы можам прасачыць як змяняліся на працягу ХІХ–ХХ стст. прыродныя ландшафты і збудаваныя аб’екты. Вандруючы па Заходняй Беларусі, Драздовіч здолеў намаляваць тысячы мясцін з іх натуральным хараством, сотні сялянскіх хатак, касцёлаў і цэркваў, рэшткі неўміручых у памяці народа помнікаў, як тастамент нашчадкам: бачыць прыгажосць у маленькім, захапляцца простым, зберагаць і ўзбагачаць.
Матэрыял падрыхтаваны супрацоўнікам аддзела маркетынгавых камунікацый Радзівонам Коласам