Брэсцкая (Радзівілаўская) Біблія. 460 гадоў.
Менавіта сёння ўнікальнаму кніжнаму помніку XVI ст. – Брэсцкай (Радзівілаўскай) Бібліі – спаўняецца 460 гадоў.

У сувязі з тым, што ў свой час многія асобнікі Бібліі былі знішчаныя прыхільнікамі Контррэфармацыі, яна стала «сапраўды бібліяграфічнай рэдкасцю».
У кнігасховішчах Расіі і Літвы знаходзіцца каля 20 экзэмпляраў, у тым ліку тры экзэмпляры – у бібліятэцы Расійскай акадэміі навук, два – у Расійскай Нацыянальнай бібліятэцы, пяць – у Расійскай Дзяржаўнай бібліятэцы, пяць – у бібліятэцы Літоўскай акадэміі навук, некалькі экзэмпляраў – у Нацыянальнай бібліятэцы Літвы. У Беларусі знаходзяцца два экзэмпляры Брэсцкай Бібліі. Адзін з экзэмпляраў рэдкага выдання захоўваецца ў нашай Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а другі – падораны гораду Брэсту ў гонар 1000-годдзя.

Каб зрабіць Брэсцкую Біблію даступнай сучасным даследчыкам, у 2013 годзе Цэнтральнай навуковай бібліятэкай НАН Беларусі сумесна з бібліятэкай імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук пры фінансавай падтрымцы Белаграпрамбанка створана электронная копія знакамітай кнігі з каментарамі і разборам Брэсцкай Бібліяй, зробленымі кандыдатам гістарычных навук Аленай Іосіфаўнай Цітавец. У цяперашні час Брэсцкая Біблія ўяўляе цікавасць для грамадства не столькі па сваім змесце, а перш за ўсё дзякуючы багаццю мастацкага афармлення, як кніга, якая мае цудоўныя ілюстрацыі, шматлікія гатычныя ініцыялы.
Варта крыху паглыбіцца ў гісторыю стварэння і прадставіць цікавыя знаходкі, якія прыцягваюць на сябе ўвагу ў экзэмпляры Бібліі ЦНБ НАН Беларусі.
У 1525-1599 гг. з друкарняў Вялікага Княства Літоўскага на лацінскай мове выйшла 150 кніг, на польскай – 114, на беларускай – 50, на грэцкай – 1, на італьянскай – 1, на латышскай – 1, на літоўскай – 1. Таму польскамоўную прыроду Брэсцкай Бібліі нельга лічыць нейкім асаблівым фактам у гісторыі шматмоўнай дзяржавы, дзе ў той жа час квітнелі царкоўнаславянская, яўрэйская і татарская мовы.
Рэнесансны шэдэўр з’явіўся на еўрапейскай перыферыі, культура якой, як і культура Польшчы, у параўнанні з італьянскай, нямецкай, французскай і іншымі, захоўвала пэўны пурызм, але адрозна ад іх мела найважнейшую ўстойлівую рысу – шматнацыянальную і поліканфесійную разнастайнасць.
Шчырым патронам для еўрапейскіх аднадумцаў быў найбагацейшы ў Еўропе і найбольш уплывовы ў Вялікім Княстве Літоўскім дзяржаўны і ваенны дзеяч, канцлер, віленскі ваявода, князь Мікалай Радзівіл Чорны, які на пачатку 1550-х гг. далучыўся да лютэранскай царквы, а праз два гады перайшоў у больш радыкальную плынь – кальвінізм.
За яго часам Берасце і Нясвіж сталі цэнтрамі пратэстанцтва ў Беларусі і Літве, тут адкрыліся друкарні – берасцейская і нясвіжская. Акрамя сталіцы Прускага герцагства Караляўца (Кёнігсберга), асноўныя друкарні пратэстантаў ва Усходняй Еўропе знаходзіліся менавіта на тэрыторыі Беларусі.
Працы над пратэстанцкай Бібліяй пачаліся ў Піньчуве (Малая Польшча). Пераклад, рэдагаванне і падрыхтоўку каментароў рабіла вялікая група італьянскіх, польскіх і французскіх тэолагаў, літаратараў, педагогаў. Брэсцкая Біблія была першым пратэстанцкім выданнем Бібліі на польскай мове. Мікалай Радзівіл запрасіў найвядомейшых навукоўцаў рэфармацыйнага кірунку і даручыў ім перакласці на польскую мову ўсю Біблію: Стары Запавет з габрэйскай мовы, а Новы Запавет – з грэцкай мовы. Над перакладам Радзівілаўскай Бібліі працавалі польскія і замежныя навукоўцы: Іван Лаўскі, Сымон Сацыус, Георгій Арсацыус, Францыск Станкар, Пётр Статрой, Андрэй Тжычны і інш.
У якасці гістарычнага і інтэлектуальнага помніка эпохі Радзівілаўская Біблія ўяўляе значную каштоўнасць як выніковы аб’ект працы вучоных некалькіх краін. У розных аспектах яна далёка пераўзыходзіць іншыя падобныя працы, у т. л. польскамоўныя «царкоўныя» пераклады, якія з’явіліся да і пасля берасцейскага выдання (напрыклад, пераклад 1561 г., зроблены прафесарам тэалогіі Янам Леапалітам у Львове).



Вялікая па памеры (каля 750 лістоў), Брэсцкая Біблія багата ўпрыгожана. Кожны пачатак у Бібліі пачынаецца ініцыяламі, выкананымі ў гатычным стылі, якія, як адзначае B. Ф. Шматаў, з’яўляюцца адным з найважнейшых кампанентаў афармлення.

На тытульным аркушы з аднога боку знаходзіцца гравюра, якая паказвае Адама і Еву пад яблыняй (на думку даследчыкаў, яна з’яўляецца копіяй ксілаграфіі нямецкага мастака А. Альтдорфера), а з другога – гравюра, якая адлюстроўвае распятага Хрыста.



У арганічнай сувязі з рэнесанснай архітэктурай на старонках адлюстраваны старазапаветныя сюжэты: «Грэхападзенне», «Скрыжалі Майсея», «З’яўленне меднага змея» і інш. Пасля Скарыны – гэта першыя біблейскія выявы ў беларускім кнігадрукаванні.
Брэсцкая Біблія была выдадзена ў фармаце фоліо (у аркуш) і складаецца з дзвюх частак. Стары Запавет налічвае 13 ненумараваных аркушаў (у тым ліку прысвячэнне, прадмову, спіс, табліцы) і 579 нумараваных старонак. Другая частка, якая ўключае Новы Запавет і вялікі рэестр (Рэчы і галоўныя месцы Старога і Новага Запаветаў у парадку сабраныя) атрымала асобны тытульны аркуш, а таксама асобную нумарацыю; размяшчаецца яна на 143 нумараваных і 7 ненумараваных аркушах.

Асобнік, які знаходзіцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, быў падораны ёй у сувязі з яе 50-гадовым юбілеем Цэнтральнай бібліятэкай Акадэміі навук Літоўскай ССР (цяпер – бібліятэка імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук) 20 мая 1975 года, пра гэта можна даведацца, дзякуючы дарчаму надпісу на фарзацы кнігі.
Як адзначае А. І. Цітавец, замест адсутных першых 46 арыгінальных лістоў, у кнігу былі ўплецены іх ксеракопіі, выкананыя па поўным экзэмпляры Брэсцкай Бібліі з бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук.

Экземпляр Брэсцкай Бібліі, які захоўваецца ў нашым фондзе, змяшчае шматлікія запісы рознымі почыркамі, пакінутыя на палях і ў тэксце. Цікавым з’яўляецца зроблены ў самым пачатку асобніка запіс: «Biblia Brzeska z Biblioyeki Korwinow-Krasinskich … przez Jana Korwinа-Krasinskiego … Roxu 1839» (Біблія Брэсцкая з бібліятэкі Корвінаў-Красінскіх … ад Яна Корвіна-Красінскага … года 1839).


Акрамя запісаў на лістах кнігі сустракаюцца штампы, якія раскрываюць старонкі гісторыі асобніка, звязаныя з дзвюма кніжнымі калекцыямі: бібліятэкі Віленскага Евангелічна-рэфармацкага Сінода («Bibliot. Evang.-Reform. Vilnensis / Synodi» и «Biblioteka Synodu Wileńsk. Ewang.-Reform») і бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук («Lietuvos TSR Mokslų Akademija / Centr. Bibliotheka»).
Бібліятэка Віленскага Евангелічна-рэфармацкага Сінода пачала фарміравацца ў 1557 г. Яе заснавальнік Мікалай Радзівіл Чорны памёр праз два гады пасля выдання Брэсцкай Бібліі. Ён завяшчаў пакінуты тыраж Сіноду. Нягледзячы на тое, што пратэстанцкія выданні падвяргаліся знішчэнню, фонды бібліятэкі, відавочна, былі не кранутыя. Па сцвярджэнні Вацлава Гізберт-Студніцкага, у 20-30-х гг. ХХ ст., у бібліятэцы захоўвалася шэсць экзэмпляраў Брэсцкай Бібліі.
У 1941 г. фонды бібліятэкі Віленскага Евангелічна-рэфармацкага Сінода былі перададзены публічнай бібліятэцы імя Эўстахія і Эміліі Урублеўскіх. Пасля Другой сусветнай вайны бібліятэка стала называцца Цэнтральнай бібліятэкай Акадэміі навук Літоўскай ССР, а з 2009 г. – бібліятэкай імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук. Мяркуючы па штампу: «Lietuvos TSR Mokslų Akademija / Centr. Bibliotheka», сюды і трапіў дадзены асобнік.
У цяперашні час у бібліятэцы імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук захоўваецца пяць асобнікаў Брэсцкай Бібліі. Толькі на адным з іх захаваліся штампы бібліятэкі Віленскага Евангелічна-рэфармацкага Сінода, як і на экзэмпляры, падораным беларускім калегам.
Азнаёміцца з адсканаваным варыянтам Бібліі можна ў рэпазітары ЦНБ НАН Беларусі