Цікавы асобнік “Вялікага мастацтва артылерыі” Казіміра Семяновіча
А яшчэ ёсць у бібліятэцы НАН Беларусі вельмі цікавы асобнік “Артылерыя” Казіміра Семяновіча. Цікавы ён тым, што тытульны аркуш не супадае з тэкстам. Калі бярэш кнігу ў рукі, адразу бачыш нямецкую назву і год выдання 1676. Але пачынаеш гартаць – і адразу ў вочы кідаецца французская мова. Што гэта? Нейкая памылка? Ці можа нейкая старажытная інтрыга?
Насамрэч, у XVII-XVIII стст. такая з’ява была даволі звычайнай справай. Часцей за ўсё такое рабілі самі друкары, кнігары для таго, каб як мага даражэй прадаць асобнікі. Яны папросту ўстаўлялі тытульны аркуш з іншага выдання, больш старога, і такім чынам кніга набывала штучную каштоўнасць.
Але наша выданне – такі свайго роду эксклюзіў. У ім усё наадварот: сам тэкст з выдання 1651 г., а тытульны аркуш – 1676 г. Цікава? Цікава! Яшчэ шмат загадак тоіцца ў кнігах.
Аўтар тэксту: Анастасія Сакаловіч
Фота: Валерыя Гусева