Да 100-годдзя з дня нараджэння Язэпа Аляксандравіча Юхо
100 год таму, 19 сакавіка 1921 года, у Мінску нарадзіўся Язэп Аляксандравіч Юхо – заснавальнік першай навуковай школы гісторыі дзяржавы і права Беларусі, доктар юрыдычных навук. Значную частку жыцця прысвяціў ён працы на кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, быў загадчыкам гэтай кафедры.
Навуковец даказаў, што статуты Вялiкага Княства Лiтоўскага 1529, 1566, 1588 гадоў мелi сваёй галоўнай крынiцай беларускае старажытнае права, сцвярджаў, што гэтыя помнікі права былi першымi ў Еўропе зводамi законаў (а не кодэксамi), створанымi на аснове мясцовага беларускага звычаёвага і пiсанага права.
Юхо вывучаў погляды Францыска Скарыны i лічыў, што ён зрабiў значны ўплыў на падрыхтоўку Статута ВКЛ 1529 г.
Падчас даследавання гiсторыі паходжання дзяржаў на тэрыторыi Беларусi i Вялiкага Княства Лiтоўскага даказаў, што Крэўская (1385), Вiленска-Радамская (1401), Гарадзельская (1413) i нават Люблiнская (1569) унii з Польшчай не прывялi да лiквiдацыi Вялiкага Княства Лiтоўскага i не парушылi яго адасобленасцi i суверэннасцi.
Даследчык абгрунтаваў сцвярджэнне, што Рэч Паспалiтая была канфедэратыўнай дзяржавай, у састаў якой уваходзiлi дзве суверэнныя дзяржавы: Вялiкае Княства Лiтоўскае i Польшча, а пасля прыняцця Канстытуцыi 1791 г. Рэч Паспалiтая павiнна была пераўтварыцца ў федэратыўную дзяржаву. Вывучаў паўстанне 1794 г. пад кiраўнiцтвам Тадэвуша Касцюшкi, яго беларускае паходжанне i ўдзел у барацьбе Злучаных Штатаў Амерыкi з Вялікабрытанiяй.
Язэп Аляксандравіч працаваў у саставе камiсii па падрыхтоўцы праекта Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь 1994 г. Удзельнiчаў у працах па перавыданнi Статута Вялiкага Княства Лiтоўскага 1588 г. i Статута 1566 г. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны.
Выбітны даследчык права, сапраўдны інтэлігент і выдатны чалавек Язэп Аляксандравіч Юхо памёр 29 ліпеня 2004 года.