Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Да 130-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча

«…Калі‑б тыя беларусы, што прачытаюць гэтую кнігу, зацікавіліся сваёй Бацькаўшчынаю, каб узяліся самі за глыбейшае навуковае пазнаньне яе ці асобных праяваў яе жыцьця, каб заахвоціліся шукаць і бачыць яе арыгінальнае хараство, дык-бы аўтар лічыў сваю працу дайшоўшай мэты. А калі‑б у іх хоць крыху пабольшала замілаваньня да свае роднае многапакутнае стараны, такой простай і разам цудоўнай, навет у часы заняпаду свайго поўнай велічу і схаваных сілаў, каб яны паверылі ў яе вялікую будучыну і дзеля будучыны гэтай шчыра працаваць і змагацца пачалі, тады‑б аўтар быў папраўдзе шчасьлівы».

Аркадзь Смоліч у прадмове да першага выдання «Географія Беларусі» (1919 г.)

Бываюць навукоўцы, чые падручнікі чытаюцца з не меншай цікавасцю, чым добры мастацкі твор. Менавіта так чытаецца перавыдадзеная на пачатку 1990‑х гадоў «Геаграфія Беларусі» Аркадзя Смоліча, што ўпершыню пабачыла свет у 1919‑м годзе ў Вільні. 

Да 130-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча Да 130-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча

29 верасня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння таленавітага навукоўца, географа-эканаміста, прафесара, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Аркадзя Антонавіча Смоліча (1891–1938).

Аркадзь Смоліч нарадзіўся ў 1891 годзе ў вёсцы Бацэвічы Бабруйскага павета (цяпер Клічаўскі раён Магілёўскай вобласці). Яго дзед Аляксей Смоліч з 1859 па 1899 год быў святаром Бацэвіцкай Петрапаўлаўскай царквы, а бацька – псаломшчыкам гэтай жа царквы. 

А. Смоліч (у цэнтры з кнігай) у духоўнай семінарыі
Да 130-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча Да 130-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча

У 1905 годзе Аркадзь паспеў скончыць Мінскую духоўную семінарыю, перш чым зразумець, што жыццёвы шлях святара — гэта не яго. Смоліч імкнуўся да новых ведаў. Пасля сканчэння Нова-Александрыйскага інстытута сельскай гаспадаркі і лесаводства (цяпер тэрыторыя Польшчы), ён працягнуў навучанне ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце. 

Прага да ведаў шчыльна перапляталася з цікаўнасцю да грамадскага жыцця. З 1910 года Аркадзь Смоліч стаў сябрам Беларускай сацыялістычнай грамады, першай беларускай партыі. Менавіта Аркадзь Смоліч быў рэдактарам газеты «Грамада», якая ўяўляла з сябе тэарэтычную трыбуну беларускіх сацыялістаў.

Актыўны удзельнік клуба «Беларуская хатка», яшчэ ў 1914 годзе ён дэбютаваў у часопісах з эцюдамі на грамадскія тэмы.
Пасля падзей 1917 года, як актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальнага руху, увайшоў ва ўрад БНР, дзе стаў першым сакратаром асветы. 

Да 130-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча Да 130-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча
Да 130-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча

І ўсё ж Аркадзь Смоліч перш за ўсё навуковец. У 1918 годзе ён пачынае работу над стварэннем сваёй самай знакамітай працы – «Геаграфія Беларусі». Праз год фундаментальная праца была завершана. У ёй Смоліч выказвае здагадку аб тым, што ў старажытнасці на беларускай зямлі існавала Герадотова мора, на месцы якога праз стагоддзі засталіся вялікія балоты, што ляжаць уздоўж ракі Прыпяць і азёры: Князь-возера, Выгашанскее возера, Чорнае возера. Дадзенае меркаванне і дагэтуль бударажыць розумы навукоўцаў.

Да 130-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча Да 130-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча
Да 130-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча Да 130-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча

Усяго ж пасля 1919 года свет убачылі больш за 30 разнастайных навуковых прац вучонага, якія закраналі пытанні эканомікі, картаграфіі, навуковай беларускай тэрміналогіі. Акрамя геаграфічных работ, Смоліч з’яўляўся рэдактарам шэрагу тэрміналагічных зборнікаў, удзельнічаў у складанні батанічнага і сельскагаспадарчага выпускаў, працаваў над складаннем атласа БССР.

У 1922 годзе Аркадзь Антонавіч актыўна ўключыўся ў арганізацыйную працу маладой беларускай рэспублікі. Працаваў загадчыкам планава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства Беларусі. Адначасова з 1923 года быў дацэнтам, а з 1927 года – прафесарам і загадчыкам кафедры ў БДУ. З 1925 года быў намеснікам старшыні Інстытута Беларускай Культуры, кіраўніком сельскагаспадарчай секцыі і камісіі па раянаванні БССР. 

Аркадзь Смоліч унёс важкі ўклад у станаўленне і развіццё многіх напрамкаў фундаментальнай эканамічнай навукі Беларусі ў перыяд НЭПа, у прыватнасці ў галіне эканамічнай геаграфіі, размяшчэння прадукцыйных сіл, арганізацыі сялянскіх гаспадарак, эканамічнага раянавання, гісторыі народнай гаспадаркі Беларусі. У ходзе адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1924 года менавіта Аркадзь Смоліч даў навукова-практычнае абгрунтаванне неабходнасці стварэння на тэрыторыі Беларусі асобных раёнаў. 

У 1927 годзе адзіным сярод эканамістаў Смоліч быў абраны сапраўдным членам Інбелкульта. У 1928 г. быў абраны сапраўдным членам Расійскага геаграфічнага таварыства, а таксама ўзнагароджаны залатым медалём за свае фундаментальныя даследаванні.

Жыццё было няўмольным. Смоліч раздзяліў лёс тысячаў прадстаўнікоў савецкай інтэлігенцыі. Ен быў арыштаваны 26 чэрвеня 1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Вучоны быў сасланы на 5 гадоў у г. Оса Пермскай вобласці, адтуль – у г. Ішым Цюменскай вобласці. Але і там ён знаходзіць спосаб рэалізаваць сябе.

Да 130-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча Аркадзь Смоліч. Горад Ішым. Педтэхнікум

У 1935 году Аркадзю Антонавічу велікадушна дараць «свабоду» без права пражывання ў сталіцах рэспублік Савецкага Саюза. У выніку ён застаецца ў Ішыме. Прафесар праводзіць са студэнтамі шэраг навукова-даследчых экспедыцый, вынікам якіх стала навуковая праца «Зона лісцяных лясоў і поймаў Заходняй Сібіры на мерыдыяне Ішым». Як аказалася, гэтая праца стала апошняй у жыцці геніяльнага вучонага, яна так і засталася ў рукапісе.

18 ліпеня 1937 года Смоліч зноў быў арыштаваны, а праз год расстраляны ў Омску. 

На працягу многіх дзесяцігоддзяў імя Аркадзя Смоліча, вялікага энтузіяста і актывіста, бліжэйшага сябра Максіма Багдановіча і Зоські Верас, было незаслужана забыта. Яго публікацыі былі надзейна схаваныя, імя выкрэслівалася, біяграфія знаходзілася пад грыфам «сакрэтна». Смоліч быў аб’яўлены ворагам народа, і ў выніку яго спасцігла тая ж страшная доля, што і тысячы іншых талентаў, якія жылі ў той час, – расстрэл у спасылцы. Рэабілітацыя Цюменскім абласным судом бязвінна загінулага беларуса адбылася толькі ў 1957 годзе, канчатковая ж рэабілітацыя адбылася 10 чэрвеня 1988 года.

Да 130-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча Да 130-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча
Да 130-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча

Імя Аркадзя Антонавіча выйшла з ценю няведання і заслужана стала ў шэраг вялікіх навукоўцаў. Ужо сталі традыцыйнымі Смолічскія чытанні, у Бацэвічах працуе музей, у якім захоўваюцца рэчы нашага земляка, перададзеныя яго роднымі. Але не толькі ў нас шануюць гэтае імя. У віртуальным музеі ГУЛАГа можна знайсці фатаграфіі Аркадзя Антонавіча і копію яго рукапісу «Аб падрыхтоўцы выкладчыкаў геаграфіі ва ўмовах Ішыма» (1934). У нашы дні адной з вышэйшых узнагарод Беларускага геаграфічнага таварыства з’яўляецца медаль А. А. Смоліча. 

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля