Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Да 130 годдзя з дня нараджэння Іосіфа Васільевіча Воўка-Левановіча

6 лістапада спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння беларускага мовазнаўца Іосіфа Васільевіча Воўка-Левановіча. 


Да 130 годдзя з дня нараджэння беларускага мовазнаўца Іосіфа Васільевіча Воўка-Левановіча 
Аўтабіяграфія. Аўтограф (2-я пал. 1920-х гг.)

Нарадзіўся Іосіф Воўк-Левановіч на хутары Лявонаўка ў збяднелай шляхецкай сям’і, якой належыў герб “Трубы”, вядомы з XIV стагоддзя. 


Герб Трубы ў дваранскай справе Ляўкоўскіх 
Герб Трубы ў Радаводнай кнігі дваран Валынскай губерні

Прозвішча Воўк-Левановіч знаходзіцца ў спісе старажытных шляхецкіх родаў Беларусі. Родапачынальнікам Воўкаў-Левановічаў з’яўляецца баярын Леон Рыгоравіч Воўк (ці Лявон, што парадзіла пэўны сумнеў, і ў розных крыніцах сустракаюцца розныя напісання прозвішча: Воўк-Леановіч ці Воўк-Левановіч), які ў 1562 годзе атрымаў ад караля Жыгімонта ІІ Аўгуста граматы на валоданне вотчынамі ў Рэчыцкім павеце. Прадзед Іосіфа Васільевіча – Фларыян Воўк-Левановіч – займаў пасаду гродскага суддзі ў Рэчыцкім павеце. Як сведчаць старадаўнія дакументы, да канца XVIII стагоддзя шырокія зямельныя ўладанні Левановічаў меліся ў паселішчах Высокая, Слабада Паташава і Азарычы, Кажаноўка, Сяроўка, Плутоўка. 


Фота прыватнай гімназіі Гадыцкага-Цвірка ў Бабруйску

Воўк-Левановіч у 1911 годзе паспяхова скончыў Бабруйскую класічную гімназію з срэбным медалём і паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе стаў вучнем акадэміка А. А. Шахматава і прафесара І. А. Бадуэна дэ Куртэнэ, семінары якіх наведваў. У гэты час ён зарабляў сабе на жыццё, даючы прыватныя ўрокі.

У 1914 годзе, здаўшы экзамены за трэці курс універсітэта, Іосіф Воўк-Левановіч паступае ў Мікалаеўскае кавалерыйскае вучылішча. Ужо 1 чэрвеня 1915 года яму было нададзена званне прапаршчыка, і ён быў накіраваны ў 7‑ы драгунскі Кінбургскі полк. Там Воўк-Левановіч даслужыўся да звання паручніка кавалерыі, быў узнагароджаны шматлікімі ордэнамі, сярод якіх ёсць ордэны святых Георгія, Ганны і Станіслава розных ступеней. 

Восенню 1917 года ён быў адпраўлены ў Палтаўскі шпіталь для лячэння ад плеўрыту, які ўзнік як ускладненне ад ранення пікай. У снежні таго ж года прызнаны непрыдатным да далейшай вайсковай службы і выпісаны для лячэння ў хатніх умовах на хутар Лявоноўка да бацькоў. 
У 1918–1920 гадах Воўк-Левановіч працуе выкладчыкам рускай мовы і латыні ў прыватнай гімназіі Гадыцкага-Цвіркі ў Бабруйску і Клецкай грамадскай гімназіі. У 1920 мабілізаваны ў Чырвоную Армію.

Пасля сканчэння грамадска-палітычных буйных падзей ён вырашае скончыць навучанне і вяртаецца ў Петраградскі ўніверсітэт, дыплом якога і атрымоўвае у траўні 1923 года. Як таленавітаму і перспектыўнаму выпускніку яму прапаноўваюць месца выкладчыка на кафедры рускай мовы, але Воўк-Левановіч адмаўляецца і вяртаецца на радзіму. 


План заняткаў аспіранта пры катэдры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзярж. Універсітэту – Воўк-Левановіча, Восіпа Васілёва, на 1925/26 акад. год”. Аўтограф. 1925  
Канспекты курса гісторыі беларускай мовы. Аўтограф. 1927–1929 гг. 
Аканнне ў сучасных беларускіх гаворках”. Запісы І.В. Воўка-Левановіча да нарыса Беларускае аканне. Аўтограф. (1926 г.)

Да 130 годдзя з дня нараджэння беларускага мовазнаўца Іосіфа Васільевіча Воўка-Левановіча

20‑я гады адзначаюцца даволі плённай працай. У 1924 годзе Іосіф Воўк-Левановіч паступае асістэнтам на кафедру гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, таксама ў гэтым жа годзе выдае сваю першую навуковую працу “Гістарычнае вывучэнне беларускай мовы ў славянскай філалогіі”, а праз тры гады становіцца дацэнтам кафедры гісторыі беларускай мовы ў БДУ. 


Запісы, зробленыя І.В. Воўкам-Левановічам падчас працы над гістарычным слоўнікам беларускай мовы. (1920-я гг.)

Акрамя гісторыі беларускай мовы, Іосіф Васільевіч чытае навуковы курс рускай мовы, вядзе семінары па сучаснай беларускай мове, кіруе спецсемінарамі па мове “Літоўскай метрыкі”, па стараславянскай, польскай, чэшскай, сербскай, балгарскай мовах, якія заўсёды выклікалі вялікую цікавасць сярод студэнтаў. 


Воўк-Левановіч з М.М. Нікольскім і А.М. Вазнясенскім. (2-я пал. 1920-х гг.)

Ён змог увабраць у сябе не толькі прыклад добрага выкладчыка, але разам з гэтым і навукоўца-даследчыка. Пэўныя педагагічныя здольнасці ў спалучэнні з шырокай эрудыцыяй вылучалі яго сярод выкладчыкаў. 


І.В. Воўк-Левановіч. Мова выданняў Францішка Скарыны. 1927 г. Асобны адбітак са зборніка “Чатырохсотлецце беларускага друку” з дарчым надпісам І.В. Воўка-Левановіча К.А. Пушкарэвічу.

Да 130 годдзя з дня нараджэння беларускага мовазнаўца Іосіфа Васільевіча Воўка-Левановіча 
Да 130 годдзя з дня нараджэння беларускага мовазнаўца Іосіфа Васільевіча Воўка-Левановіча

У гэты ж час І. В. Воўк-Левановіч займаецца даследаваннем старажытных беларускіх пісьмовых помнікаў. У гэтай галіне даследчыка зацікавілі выданні Францішка Скарыны, пасля вывучэння якіх ён надрукаваў артыкул “Мова выданняў Францішка Скарыны” ў 1925 годзе. Сумесна з С. М. Некрашэвічам была падрыхтавана праца па беларускай зоне пераходных гаворак, з Я. Ф. Карскім, Т. П. Луставым – па фанетыцы беларускай мовы.


І.В. Воўк-Левановіч. Беларускае аканне. 1926 г. Выданне з дарчым надпісам І.В. Воўка-Левановіча А.К. Сержпутоўскаму 
І.В. Воўк-Левановіч. Аб прынцыпах і метадах укладання гістарычнага слоўніка беларускай мовы. Кароткія ўвагі на некаторыя помнікі беларускай мовы. 1930 г. Асобны адбітак з “Запісак Аддзела гуманітарных навук. Працы класа філалогіі” 
Водзыў Я. Карскага пра навуковую дзейнасць І. Воўка-Левановіча. 1928 г.

Праз два гады вучоны выдаў на ўласныя сродкі літаграфічным спосабам “Лекцыі па гісторыі беларускай мовы”, якія былі зацвержаны Народным камісарыятам асветы БССР як вучэбны дапаможнік. У гэтым жа годзе пры Інстытуце беларускай культуры была створана камісія па ўкладанні гістарычнага слоўніка беларускай мовы. Воўк-Левановіч стаў яе навуковым сакратаром.


Заява І.В. Воўка-Левановіча ў дырэкцыю Саратаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аўтограф. (1930 г.) 
План семінарскіх заняткаў па рускай мове на другім курсе ў Саратаўскім дзяржаўным універсітэце, складзены І.В. Воўкам-Левановічам. Аўтограф. 1930 – 1931 гг.

Пасведчанне Саратаўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута аб камадзіроўцы І. В. Воўка-Левановіча ў Калмыцкую вобласць для правядзення лінгвістычнай працы. 1933 г.

У 1930 годзе, з прычыны нецярпімай абстаноўкі навушніцтва ў БДУ, Іосіф Васільевіч з’язджае ў Саратаў, дзе займае пасаду загадчыка кафедры ў Саратаўскім дзяржаўным універсітэце імя М. Чарнышэўскага і працягвае навуковую працу. А потым пераводзіцца ў Арэнбургскі педагагічны інстытут, дзе загадвае кафедрай рускай мовы і літаратуры.

2 лютага 1938 года Іосіф Воўк-Левановіч быў асуджаны за ўдзел у контррэвалюцыйнай, тэрарыстычнай і дыверсійна-шкодніцкай арганізацыі і быў прысуджаны да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці. 

Разам з Я. Ф. Карскім і С. М. Некрашэвічам яго смела можна лічыць заснавальнікам сучаснага беларускага мовазнаўства. 

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўваюцца не толькі выданні навуковых прац Іосіфа Васільевіча Воўка-Левановіча, а і рукапісны архіў. які складаецца з 171 адзінкі захавання. 

Прапануем азнаёміцца з віртуальнай выставай, прысвечанай І. В. Воўку-Левановічу.

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля