Да 130 годдзя з дня нараджэння Іосіфа Васільевіча Воўка-Левановіча
6 лістапада спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння беларускага мовазнаўца Іосіфа Васільевіча Воўка-Левановіча.
Нарадзіўся Іосіф Воўк-Левановіч на хутары Лявонаўка ў збяднелай шляхецкай сям’і, якой належыў герб “Трубы”, вядомы з XIV стагоддзя.
Прозвішча Воўк-Левановіч знаходзіцца ў спісе старажытных шляхецкіх родаў Беларусі. Родапачынальнікам Воўкаў-Левановічаў з’яўляецца баярын Леон Рыгоравіч Воўк (ці Лявон, што парадзіла пэўны сумнеў, і ў розных крыніцах сустракаюцца розныя напісання прозвішча: Воўк-Леановіч ці Воўк-Левановіч), які ў 1562 годзе атрымаў ад караля Жыгімонта ІІ Аўгуста граматы на валоданне вотчынамі ў Рэчыцкім павеце. Прадзед Іосіфа Васільевіча – Фларыян Воўк-Левановіч – займаў пасаду гродскага суддзі ў Рэчыцкім павеце. Як сведчаць старадаўнія дакументы, да канца XVIII стагоддзя шырокія зямельныя ўладанні Левановічаў меліся ў паселішчах Высокая, Слабада Паташава і Азарычы, Кажаноўка, Сяроўка, Плутоўка.
Воўк-Левановіч у 1911 годзе паспяхова скончыў Бабруйскую класічную гімназію з срэбным медалём і паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе стаў вучнем акадэміка А. А. Шахматава і прафесара І. А. Бадуэна дэ Куртэнэ, семінары якіх наведваў. У гэты час ён зарабляў сабе на жыццё, даючы прыватныя ўрокі.
У 1914 годзе, здаўшы экзамены за трэці курс універсітэта, Іосіф Воўк-Левановіч паступае ў Мікалаеўскае кавалерыйскае вучылішча. Ужо 1 чэрвеня 1915 года яму было нададзена званне прапаршчыка, і ён быў накіраваны ў 7‑ы драгунскі Кінбургскі полк. Там Воўк-Левановіч даслужыўся да звання паручніка кавалерыі, быў узнагароджаны шматлікімі ордэнамі, сярод якіх ёсць ордэны святых Георгія, Ганны і Станіслава розных ступеней.
Восенню 1917 года ён быў адпраўлены ў Палтаўскі шпіталь для лячэння ад плеўрыту, які ўзнік як ускладненне ад ранення пікай. У снежні таго ж года прызнаны непрыдатным да далейшай вайсковай службы і выпісаны для лячэння ў хатніх умовах на хутар Лявоноўка да бацькоў.
У 1918–1920 гадах Воўк-Левановіч працуе выкладчыкам рускай мовы і латыні ў прыватнай гімназіі Гадыцкага-Цвіркі ў Бабруйску і Клецкай грамадскай гімназіі. У 1920 мабілізаваны ў Чырвоную Армію.
Пасля сканчэння грамадска-палітычных буйных падзей ён вырашае скончыць навучанне і вяртаецца ў Петраградскі ўніверсітэт, дыплом якога і атрымоўвае у траўні 1923 года. Як таленавітаму і перспектыўнаму выпускніку яму прапаноўваюць месца выкладчыка на кафедры рускай мовы, але Воўк-Левановіч адмаўляецца і вяртаецца на радзіму.
20‑я гады адзначаюцца даволі плённай працай. У 1924 годзе Іосіф Воўк-Левановіч паступае асістэнтам на кафедру гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, таксама ў гэтым жа годзе выдае сваю першую навуковую працу “Гістарычнае вывучэнне беларускай мовы ў славянскай філалогіі”, а праз тры гады становіцца дацэнтам кафедры гісторыі беларускай мовы ў БДУ.
Акрамя гісторыі беларускай мовы, Іосіф Васільевіч чытае навуковы курс рускай мовы, вядзе семінары па сучаснай беларускай мове, кіруе спецсемінарамі па мове “Літоўскай метрыкі”, па стараславянскай, польскай, чэшскай, сербскай, балгарскай мовах, якія заўсёды выклікалі вялікую цікавасць сярод студэнтаў.
Ён змог увабраць у сябе не толькі прыклад добрага выкладчыка, але разам з гэтым і навукоўца-даследчыка. Пэўныя педагагічныя здольнасці ў спалучэнні з шырокай эрудыцыяй вылучалі яго сярод выкладчыкаў.
У гэты ж час І. В. Воўк-Левановіч займаецца даследаваннем старажытных беларускіх пісьмовых помнікаў. У гэтай галіне даследчыка зацікавілі выданні Францішка Скарыны, пасля вывучэння якіх ён надрукаваў артыкул “Мова выданняў Францішка Скарыны” ў 1925 годзе. Сумесна з С. М. Некрашэвічам была падрыхтавана праца па беларускай зоне пераходных гаворак, з Я. Ф. Карскім, Т. П. Луставым – па фанетыцы беларускай мовы.
Праз два гады вучоны выдаў на ўласныя сродкі літаграфічным спосабам “Лекцыі па гісторыі беларускай мовы”, якія былі зацвержаны Народным камісарыятам асветы БССР як вучэбны дапаможнік. У гэтым жа годзе пры Інстытуце беларускай культуры была створана камісія па ўкладанні гістарычнага слоўніка беларускай мовы. Воўк-Левановіч стаў яе навуковым сакратаром.
У 1930 годзе, з прычыны нецярпімай абстаноўкі навушніцтва ў БДУ, Іосіф Васільевіч з’язджае ў Саратаў, дзе займае пасаду загадчыка кафедры ў Саратаўскім дзяржаўным універсітэце імя М. Чарнышэўскага і працягвае навуковую працу. А потым пераводзіцца ў Арэнбургскі педагагічны інстытут, дзе загадвае кафедрай рускай мовы і літаратуры.
2 лютага 1938 года Іосіф Воўк-Левановіч быў асуджаны за ўдзел у контррэвалюцыйнай, тэрарыстычнай і дыверсійна-шкодніцкай арганізацыі і быў прысуджаны да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці.
Разам з Я. Ф. Карскім і С. М. Некрашэвічам яго смела можна лічыць заснавальнікам сучаснага беларускага мовазнаўства.
У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўваюцца не толькі выданні навуковых прац Іосіфа Васільевіча Воўка-Левановіча, а і рукапісны архіў. які складаецца з 171 адзінкі захавання.
Прапануем азнаёміцца з віртуальнай выставай, прысвечанай І. В. Воўку-Левановічу.