Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Евангелле вучыцельскае (Вільня, каля 1595)

Працягваем візуальны праект да 100-годдзя з дня адкрыцця нашай бібліятэкі. Ён знаёміць вас з найбольш цікавымі экзэмплярамі, якія захоўваюцца ў ЦНБ НАН Беларусі.

Перад вамі Евангелле вучыцельскае (Вільня, каля 1595).

Выданне ўяўляе сабой пераклад візантыйскага зборніка «Патрыяршы Гаміліярый», складальнікам якога, а таксама аўтарам асобных тэкстаў меркавана з’яўляецца Канстанцін Балгарскі (Прэслаўскі) (IX ст.). Шырокае распаўсюджванне на тэрыторыі Рэчы Паспалітай і Рускага царства зборнік набыў у XVI-XVII ст. Першае друкаванае выданне Евангелля вучыцельскага выйшла ў 1569 г. у Заблудаве, у друкарні Рыгора Хадкевіча.

Евангелля навучальнага (з фаліяцыяй і без фаліяцыі ), якія ўяўляюць сабой перадрук з заблудаўскага выдання, і выйшлі ў Вільні, у 1595 г., у друкарні Мамонічаў. Гэтыя выданні блізкія да заблудаўскай арфаграфіяй, наборам тэксту, афармленнем, але маюць і характэрныя адрозненні. Тытульны ліст Евангелля друкарні Мамонічаў упрыгожаны фігурнай рамкай, на яго абароце, змешчаны герб «каштлана» Сімяона Войны і вершы на беларускай мове, далей — выдавецкае прысвячэнне Сімяону Вайне, падпісанае Казьмой Іванавічам Мамонічам. Аднак, ужо ў працэсе бытавання большасць экзэмпляраў Евангелля 1595 г. згубіла свае адметныя асаблівасці, асобнікі з тытульным лістом і прысвячэннем сустракаюцца вельмі рэдка.

Мяркуецца, што лісты канфіскоўвалі самі кнігапрадаўцы з тым, каб схаваць месца і час выдання і, магчыма, выдаць віленскае выданне Евангелля за больш ранняе заблудаўскае 1569 г.

У друкарні Мамонічаў у 1595 г. выйшлі два выданні Евангелля: так званыя Евангелле навучальнае з фаліяцыяй і Евангелле навучальнае без фаліяцыі. Адрозніваюцца яны толькі малаважнымі асаблівасцямі арфаграфіі, набору і афармленні, а таксама адсутнасцю нумарацыі старонак у адным з выданняў.

У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (ЦНБ НАН Беларусі) прадстаўлены абодва выданні Евангелля вучыцельскага (з фаліяцыяй і без фаліяцыі). Абодва экзэмпляры Евангелля вучыцельскага з фондаў ЦНБ НАН Беларусі дайшлі да нас не ў поўным аб’ёме. Як і ў большасці экзэмпляраў гэтых выданняў, у іх адсутнічаюць тытульны ліст, прысвячэнне і прадмова, а таксама страчаны асобныя лісты з тэкстам.

Выданне Евангелля вучыцельскае 1595 г. проста аформлена, што ў цэлым характэрна для ўсёй прадукцыі друкарні Мамонічаў гэтага перыяду.

У экзэмпляры выдання Евангелля без фаліяцыі сустракаюцца шматлікія рукапісныя запісы, большасць з якіх патрабуе больш падрабязнага палеаграфічнага даследавання. Некаторыя запісы змяшчаюць просьбы памаліцца за жывых і ўспомніць памерлых. На ніжнім форзацы змешчаны запіс з інфармацыяй аб уладальніку: «Cia книга принадле Мите [к]рестьенину» .

Асобнік быў набыты ў 1984 годзе.

Евангелле вучыцельскае 1595 года выдання захоўваецца ў Цэнтры даследаванняў старадрукаў і рукапісаў. Падрабязней з яго асаблівасцямі можна азнаёміцца ў навуковым артыкуле В.А. Губанавай «Виленские издания Евангелия учительного 1595 г.в фонде Центральной научной библиотеки имени Якуба Коласа НАН Беларуси».

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля