“Філаматы і філарэты: творчы лёс пакалення ў гісторыі і сучаснасці”
13–14 снежня 2017 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбыліся Міжнародныя навуковыя чытанні «Філаматы і філарэты: творчы лёс пакалення ў гісторыі і сучаснасці», прысвечаныя 200-годдзю ўтварэння таварыства. Арганізатарамі выступілі Грамадскае аб’яднанне «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў», Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Польскі Інстытут у Мінску, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Ва ўрачыстым адкрыцці канферэнцыі прынялі ўдзел дырэктар Польскага Інстытута ў Мінску Матэвуш Адамскі, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцер Яцкевіч, загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Аляксандр Сцефановіч.
Да мерапрыемства супрацоўнікамі бібліятэкі была падрыхтавана кніжная выстава «Творчая спадчына філаматаў і філарэтаў», у экспазіцыі якой былі прадстаўлены творы філаматаў і філарэтаў, а таксама даследаванні пра іх творчасць і дзейнасць. З прадстаўленымі на выставе матэрыяламі пазнаёміла гасцей навуковы супрацоўнік Алена Дзенісенка.
Пачыналася экспазіцыя з рукапіснага дакумента аднаго з заснавальнікаў тайнага студэнцкага таварыства Тамаша Зана. Гэта перапісаны ім ад рукі Статут Таварыства. Запіс быў зроблены ў 1823 г., калі Тамаш Зан знаходзіўся ў турэмным зняволенні. Дакумент захоўваецца ў рукапісным фондзе «Калекцыя» аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў.
Сярод дакументаў – прыжыццёвыя выданні пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння Яна Чачота, Адама Міцкевіча, Ігнація Дамейкі, Эдварда Адынца, Аляксандра Ходзькі і іншых.
На паліцах зборнікі сялянскіх песен Яна Чачота, якія ў свой час мелі даволі шырокі рэзананс сярод перадавой грамадскасці. Зборнікі «Сялянскіх песень…» выдаваліся Чачотам доўгі час – на працягу дзевяці гадоў (1837—1846). У фондах аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў у калекцыі Пятра Глебкі захоўваюцца зборнікі «Сялянскіх песень з-над Дзвіны» (1840) і «Сялянскія песенькі з-над Нёмана і Дзвіны» (1846). Абодва зборніка выдадзены ў Вільні ў тыпаграфіі Юзафа Завадскага (Czeczot, Jan. Piosnki wiesniacze z nad Niemna і Dzwiny, niektore przyslowia і idiotyzmy w movie slawiano-krewickiej, s postrzezeniami nad nia uczynionemi / Jan Czeczot. — Wilno : Zawadzki, 1846).
Таксама прадстаўлены варшаўскія, львоўскія і парыжскія прыжыццёвыя выданні Адама Міцкевіча, сярод якіх зборнік паэзіі А. Міцкевіча (Парыж, 1829), які калісьці належаў бібліятэцы Радзівілаў Несвіжскай ардынацыі. Трэба адзначыць асобнік прыжыццёвага выдання Адама Міцкевіча — эпічную паэму «Гражына». Кніга вялікага фармату выйшла ў Познані ў 1864 годзе. У кнізе гравюры мастака Антонія Залескага, сам тэкст размешчаны у арнаментальнай рамцы. Дадатковую раскошу выданню дадаюць муаравыя форзацы.
У экспазіцыі можна пабачыць прыжыццёвае выданне 1883 г. Адама Міцкевіча – кнігу паэм і вершаў у перакладзе на рускую мову Мікалая Сямёнава. Гэты асобнік быў падараваны Сямёнавым князю Рыгору Галіцыну, генералу ад інфантэрыі, рускаму дзяржаўнаму дзеячу. Аб гэтым сведчыць дарчы надпіс на кнізе: «Князю Григорию Сергеевичу Голицыну от переводчика и товарища. 7 апреля 1885 года».
Сярод кніг Антонія Эдварда Адынца яго шматтомнае выданне «Падарожных нарысаў і успамінаў» (1867–1878 гг.), гістарычныя драмы «Фелічыта» і «Барбара Радзівіл», якія выйшлі з друку ў 1858 годзе. Дарэчы, у Зборніку паэзіі, які быў надрукаваны ў 1859 г. у Віленскай друкарні Сыркіна, размешчаны аўтограф аўтара. Гэты асобнік у свой час Адынец падпісаў свайму сябру у дар.
У другім раздзеле выстаўкі прадстаўлены работы беларускіх і польскіх даследчыкаў.
Найстарэйшыя кнігі ў гэтым раздзеле — «Album pamiatkowe Adama Mickiewicza», выдадзены Уладзіславам Пястам (Кракаў, 1889), варшаўскае выданне 1898 г. «Ksiega pamiatkowa na uczczenie setnej rocznicy urodzin Adama Mickiewicza: 1798-1898», прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча, выданне Фёдара Вяржбоўскага «К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодежи в 1819–1823 гг.» (Варшава, 1898).
Даследаванні пачатку ХХ стагоддзя прадстаўлены кракаўскімі і каршаўскімі выданнямі: пяцітомнікам «Карэспандэнцыя філаматаў за 1815–1823 гг.» (1913), выданнем «Таварыства філаматаў» (1924), двухтомнікам «Паэзія філаматаў» (1922), трохтомным выданнем «Матэрыялы па гісторыі Таварыства філаматаў» (1920).
У экспазіцыі кнігі беларускіх навукоўцаў Анатоля Грыцкевіча, Генадзя Кісялёва, Уладзіміра Мархеля, Кастуся Цвіркі і інш.
Удзельнікамі Канферэнцыі сталі навукоўцы і спецыялісты з Беларусі і Польшчы. Сярод выступоўцаў: Святлена Немагай (кандыдат мастацтвазнаўства, намеснік мастацкага кіраўніка Творчага аб’яднання «Беларуская капэла» пры Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь), Данута Завадска – доктар габілітаваны, прафесар (Універсітэт у Беластоку, Польшча), Язэп Янушкевіч (кандыдат філалагічных навук, незалежны даследчык), Ірына Будзько (кандыдат філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі), Сяргей Запрудскі (кандыдат філалагічных навук, дацэнт Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт), Ірына Багдановіч (кандыдат філалагічных навук, дацэнт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт), Тэрэза Рончка-Язёрска (доктар (Інстытут літаратурных даследаванняў Польскай Акадэміі навук, Варшава, Польшча), Ірына Бурдзялёва (кандыдат філалагічных навук, дацэнт, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт), Кастусь Цвірка (кандыдат філалагічных навук, пісьменнік) і інш.
З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў канферэнцыі ў другі дзень яе работы выступілі дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук Ігар Капылоў, намеснік дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук Сяргей Гаранін.
Працяг канферэнцыі адбыўся з удзелам Ежы Бароўчыка (доктар габілітаванага, Універсітэт імя Адама Міцкевіча ў Познані, Польшча), Ганны Запартыка (кандыдат гістарычных навук, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Аляксандра Фядуты (доктар габілітаваны гуманітарных навук), Ігара Запрудскага (кандыдат філалагічных наук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта), Разаліі Александровіч (магістр філалогіі Нацыянальнага інстытута адукацыі), Сержа Мінскевіча (кандыдат філалагічных навук, ст. навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі), інш.
На паседжанні Круглага стала разглядаліся пытанні дзейнасці Таварыства філаматаў і моладзевых згуртаванняў Віленскага ўніверсітэта 1817–1823 гг., лёсу і творчай спадчыны ўдзельнікаў філамацкага руху: Адама Міцкевіча, Ігната Дамейкі, Яна Чачота, Тамаша Зана, Антоні Эдвард Адынца і інш.
Змястоўныя даклады выклікалі цікавасць слухачоў. Амаль пасля кожнага выступлення разгортвалася дыскусія ўдзельнікаў мерапрыемства.