IV Міжнародны Форум даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі
16 мая ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбыўся IV Міжнародны Форум даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі!


З вітальным словам выступіла Валодзіна Таццяна Васільеўна, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы.доктар філалагічных навук, прафесар.


У межах форуму праходзіў Дзіцячы конкурс выканальнікаў беларускай казкі. Па ўмовах конкурсу патрэбна было абраць любімую беларускую народную казку, запісаць яе расказ на відэа, размясціць ў сацыяльных сетках і даслаць заяўку на ўдзел. Крытэрыямі ацэнкі казкі сталі пераказ яе на беларускай мове або дыялекце, зварот да мясцовых казак, выканальніцкае майстэрства, а таксама ўменне імправізаваць.


На пасяджэнні экспертнага журы былі абраныя пераможцы конкурсу. Маленькія казачнікі і казачніцы атрымалі падарункі ад спонсараў конкурсу: беларускага рэспубліканскага ўнітарнага страхавога прадпрыемства “Белдзяжстрах”, мінскага гадзіннікавага завода “Луч”, Беларускага фонду міру, радыё “Культура”.


Трэба адзначыць, што актыўны ўдзел у Дзіцячым конкурсе выканальнікаў прынялі ўдзельнікі Фальклорнага калектыву “Мілавіца” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” г.Мінска, «Дзіцячая школа мастацтваў N2 г.Мінска, “Сярэдняя школа № 1 в.Копішча Мінскага р-на”, выхаванцы “Дзіцячага сада №352 г. Мінска”, “Сярэдняя школа № 1 г. Валожына”, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны фальклорны гурт “Берагіня” “Мётчанская сярэдняя школа Барысаўскага раёна” Мінскай вобласці, Студыя дэкаратыўна- прыкладной творчасці «Майстрыха.by» Цэнтра адпачынку і творчасці г.Бабруйска», а таксама сям’і Акушэвіч.


Маленькія казачнікі, пераможцы конкурсу прыехалі з розных рэгіёнаў Беларусі. Макар Халдзей з г. Глыбокае выступіў з казкай «Чалавек i козы, Васіліса Шпігановіч з дзіцячага садка № 352 г. Мінска расказала казку “Як курачка пеўніка ратавала”, Мальвіна Сачанка з сярэдняя школа № 2 г. Ельска падзяліўся казкай “Недалікатны сын”, Роза Пражэева з Магілёва распавяла казку “Не сілай, а розумам”, Цiмафей Дыдзiк з Ганцавiцкага раённаг цэнтру дзіцячай і юнацкай творчасці расказаў казку «Лёгкi хлеб».


Для ўзнагароджвання пераможцаў быў запрошаны акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Аляксандр Аляксандравіч Каваленя.




Пераможцы конкурса занялі наступныя месцы:
- Дыпломам III ступені ўзнагароджваецца Макар Халдзей г. Глыбокае.
- Дыпломам III ступені ўзнагароджваецца Роза Пражэева, г. Магілёў.
- Дыпломам II ступені ўзнагароджваецца Васіліса Шпігановіч “Дзіцячы сад № 352 г. Мінска”.
- Дыпломам II ступені ўзнагароджваецца Цiмафей Дыдзiк «Ганцавiцкi раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці».
- Дыпломам I ступені ўзнагароджваецца Мальвіна Сачанка “Сярэдняя школа № 2 г. Ельска”.
Спецыяльным прызам ад Беларускага фонду Міру была ўзнагароджана Ульяна Сянкевіч з Мінска з казкай “Як баба гусі прадавала”.




Асабліва каштоўным для даследчыкаў стаў выступ казачніка і апавядальніка з в. Судзілы Клімавіцкага раёна. Ён падзяліўся не толькі казкамі і легендамі, але і парадаваў слухачоў традыцыйнымі беларускімі спевамі.
У фае бібліятэкі была прадстаўлена кніжная выстава, якую падрыхтавалі да мерапрыемства супрацоўнікі ЦНБ НАН Беларусі.




Матэрыял падрыхтаваны Купцовай М. С.