кабінет Пятра Глебкі online
Новы віртуальны праект – кабінет Пятра Глебкі online
6 ліпеня спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Пятра Фёдаравіча Глебкі, беларускага паэта, драматурга, перакладчыка, грамадскага дзеяча, акадэміка АН Беларускай ССР, члена Саюза пісьменнікаў СССР.
Каштоўны набытак Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (ЦНБ НАН Беларусі) – асабістая бібліятэка Пятра Глебкі. Кнігазбор, які налічвае больш за 3800 экзэмпляраў выданняў на беларускай, рускай, украінскай і іншых мовах, разам з абсталяваннем рабочага кабінета Пятра Фёдаравіча захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў. Лёс хатняй бібліятэкі вельмі турбаваў пісьменніка, ён жадаў, каб кнігі з яе не разыйшліся па прыватных зборах, а пряцягвалі захоўвацца разам. П. Ф. Глебка паведаміў аб сваім намеры перадаць свой кнігазбор і рукапісны архіў на захаванне ў акадэмічную бібліятэку. Кніжная калекцыя П. Ф. Глебкі разам з абсталяваннем яго рабочага кабінета перайшла ў ЦНБ АН БССР у лістападзе 1986 г.
З нагоды 115-гадовага юбілею акадэміка Пятра Фёдаравіча Глебкі ЦНБ НАН Беларусі прапануе ўнікальную магчымасць трапіць online ў мемарыяльны кабінет беларускага паэта, створанага на інтэрнет-партале: http://libglebka.basnet.by/
З дапамогай спецыяльнага сэрвісу можна будзе перанесціся ў атмасферу сярэдзіны мінулага стагоддзя і пабываць у працоўным кабінеце вучонага і пісьменніка. Акрамя гэтага, будзе даступная інфармацыя пра жыццё і творчасць Пятра Фёдаравіча, яго бібліятэку, фотаматэрыялы і кнігі з яго кнігазбору.
У чэрвені ў бібліятэцы адбылася цёплая сустрэча з дачкой Пятра Глебкі – Ларысай Пятроўнай. У мемарыяльным кабінеце Пятра Фёдаравіча не толькі кнігі, але і шмат асабістых рэчаў, кожная з якой захоўвае сваю гісторыю. Некаторыя з іх Ларыса Пятроўна і распавяла нам. Яна падзялілася таксама ўспамінамі пра свайго бацьку, уласнае жыццё і людзей, з якімі давялося бачыцца.
Работа па напаўненні кантэнта будзе працягвацца.
А мы нагадваем, што бібліятэку П.Ф. Глебкі можна наведаць падчас экскурсіі, калі будуць знятыя абмежаванні і ЦНБ НАН Беларусі адкрыецца для чытачоў.