Кнігі ў дар ад Віктара Язневіча
Кнігі ў дар ад Віктара Язневіча
Першым наведвальнікам выставы «Шматгранны Лем», якая пачала працу ў чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў, стаў Віктар Язневіч – даследчык, перакладчык і папулярызатар творчасці Станіслава Лема. У дар бібліятэцы ён перадаў 14 выданняў з уласнага кнігазбору.
Творчасцю Лема Віктар Іосіфавіч захапіўся ў 1990‑я гады, калі пачаў перакладаць на рускую мову артыкулы польскага фантаста на тэму інфармацыйных тэхналогій. У далейшым перакладаў літаратурныя, навуковыя, публіцыстычныя творы Лема. Пераклады Віктара Язневіча ўключаны ў кнігі маскоўскага выдавецтва АСТ «Молох» (2005), «Так говорил… Лем» (2006), «Мой взгляд на литературу» (2009), «Черное и белое» (2015), друкаваліся ў перыёдыцы.
Віктар Язневіч – аўтар кнігі «Станислав Лем», якая выйшла ў 2014 г. у выдавецтве «Кніжны Дом» (Мінск), а таксама некалькіх дзясяткаў артыкулаў пра Лема і яго творчасць. Ён з’яўляецца ўладальнікам багатай калекцыі кніг Станіслава Лема (каля тысячы выданняў) на розных мовах свету і іншых матэрыялаў, прысвечаных пісьменніку.
Падараныя бібліятэцы кнігі – гэта выданні твораў Станіслава Лема на польскай мове, пераклады на нямецкую, італьянскую, украінскую і іншыя мовы, біяграфічныя і літаратуразнаўчыя працы, прысвечаныя славутаму фантасту. Усе гэтыя кнігі выдадзены за межамі Беларусі і ў нашай краіне з’яўляюцца рэдкасцю.
Наведвальнікі бібліятэкі змогуць пабачыць гэтыя выданні, наведаўшы выставу «Шматгранны Лем».