Круглы стол да 160-годдзя Яўхіма Карскага
15 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі стартавала Нядзеля роднай мовы. Першым у шэрагу мерапрыемстваў, арганізаваных сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа, стал круглы стол «Акадэмік Яўхім Карскі – заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф», прымеркаваны да 160-годдзя вучонага і 100-годдзя Інбелкульта.
Яўхім Фёдаравіч Карскі ― акадэмік, заснавальнік беларусазнаўства, філолаг-энцыклапедыст, славіст, дыялектолаг, палеограф, літаратуразнаўца, фалькларыст, этнолаг, гісторык культуры, бібліёграф. Ён заклаў метадалагічныя асновы сучаснай гуманітарнай навукі, на якой грунтуюцца даследаванні ў галіне мовазнаўства, літаратуразнаўства, фалькларыстыкі і сёння.
Беларускі мовазнаўца А. А. Крывіцкі лічыў, што «праца Карскага «Беларусы. Мова беларускага народа» ― настольная кніга кожнага беларускага мовазнаўцы і філолага. З яе старонак мы спасцігаем не толькі глыбіні роднай мовы, але і творчую асобу яе самага славутага даследчыка».
Я. Ф. Карскі ― выдатны арганізатар універсітэцкай і акадэмічнай навукі, рэктар Варшаўскага ўніверсітэта, акадэмік Расійскай АН, член праўлення і Прэзідыума Расійскай АН, акадэмік Чэшскай АН, дырэктар Музея антрапалогіі і этнаграфіі. Ён адзін з аўтараў устава Інстытута беларускай культуры, кіраўнік камісіі па стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Акадэмік быў рэдактарам мовазнаўчага часопіса «Русский филологический вестник», часопісаў «Известия Отделения русского языка и словесности», «Известия по русскому языку и словесности».
Вывучаў беларускія пераклады Псалтыра, якія рабіліся на працягу XV–XVII стст.
Заснавальнік беларускай палеаграфіі Я. Ф. Карскі у сваіх працах вызначыў асноўныя заканамернасці змен у абрысах кірыліцкіх літар у старабеларускім пісьменстве ад XІV да XVII стст. Правёў вялікую пошукавую працу і ажыццявіў палеаграфічны аналіз шматлікіх унікальных тэкстаў, якія захоўваліся ў Патрыяршай рызніцы, у Сінадальнай і Тыпаграфскай бібліятэках, у архівах і кнігасховішчах Варшавы, Вільна, Кіева, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Троіца-Сергіевай лаўры, Слуцка, а таксама замежжа.
«Этнаграфічная карта беларускага племені. Беларускія гаворкі» была складзена Я. Ф. Карскім у 1903 г. на аснове асабістых падарожжаў і назіранняў над гаворкамі і з улікам сабраных матэрыялаў аб іх з розных крыніц. Змешчана ў 1 томе «Беларусаў». У 1917 г. Я. Ф. Карскі падрыхтаваў працу «Этнаграфічная карта беларускага племя». Яна з’яўляецца ўдакладненым вызначэннем межаў беларускага народа пераважна на падставе асаблівасцей жывой мовы.
Характарызуючы навуковую спадчыну вучонага-беларусазнаўца, аўтар манаграфіі «Евфимий Федорович Карский: Жизнь, научная и общественная деятельность» (1981), Міхаіл Гапеевіч Булахаў пісаў: «У працах Я. Ф. Карскага лінгвіст знойдзе ўзорнае апісанне стараславянскай, старажытнай рускай і сучасных славянскіх моў; палеограф ― сістэматычнае даследаванне старажытнай гісторыі славянскай пісьменнасці і яе трансфармацыю ў пазнейшую эпоху; літаратуравед – яркую карціну развіцця вуснай народнай творчасці і мастацкай літаратуры беларусаў са старажытнасці да першай чвэрці ХХ ст. уключна; фалькларыст ― узорныя запісы народных твораў на беларускай мове і разгорнутую характарыстыку гэтых твораў, а таксама фальклорных зборнікаў іншых збіральнікаў вуснай народнай творчасці, этнограф ― каштоўныя звесткі пра побыт, звычкі, традыцыйныя святы і павер’і беларусаў; гісторык ― дакладныя факты пра працэсы фарміравання беларускай народнасці і нацыі; юрыст ― каштоўныя тлумачэнні ў галіне прававых адносін у стражытнай Русі, у перыяд Літоўскага княства, Польскага каралеўства; тэкстолаг ― бездакорныя па дакладнасці рэканструкцыі шэрагу стараславянскіх, старарускіх і старабеларускіх тэкстаў; біёграф ― узоры лаканічных і ў той жа час вельмі змястоўных крытычных аглядаў філалагічнай літаратуры; педагог ― навуковую грунтоўнасць зместу і метадычна правільную пабудову вучэбных дапаможнікаў па рускай, стараславянскай і беларускай мовах; выдавецкі работнік ― бліскучыя ўзоры рэдактарскага майстэрства пры апрацоўцы філалагічных матэрыялаў; лектар ― глыбока навуковыя па змесце і выразныя па форме публічныя прамовы, выступленні».
Куратарам круглага стала выступіла В. М. Курцова, к.філ.н., загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.
У яго рабоце прынялі ўдзел акадэмік-сакратар Адзялення гуманітарных навук НАН Беларусі член-карэспандэнт А. А. Каваленя, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік А. І. Лакотка, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы В. І. Саверчанка, першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік А. А. Лукашанец і інш.
Далучыліся да канферэнцыі праз Zoom замежныя госці – праўнук Яўхіма Карскага – Аляксандр Аляксандравіч Карскі, даследчык беларусіст Міраслаў Янковяк (Славянскі інстытут Акадэміі навук Чэхіі), Радаслаў Калета, загадчык кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.
Да імпрэзы бібліятэка падрыхтавала кніжную выставу «Я. Ф. Карскі – першапраходец навуковага беларусазнаўства».
Аснову экспазіцыі склалі прыжыццёвыя выданні прац вучонага канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў з фондаў ЦНБ НАН Беларусі, а таксама прысвечаныя Я. Ф. Карскаму выданні нашага часу. Увазе удзельнікаў і наведвальнікаў прапаноўваліся працы Я. Ф. Карскага па беларусістыцы і славістыцы (кнігі па мовазнаўстве, палеаграфіі, этнаграфіі і інш.).
Найбольш каштоўным экспанатам было выданне самага вядомага твора вучонага – трохтомніка «Беларусы». Некаторыя з яго тамоў 1900–1920‑х гадоў выдання, прадэманстраваных на выставе, маюць адметную асаблівасць – дароўныя надпісы аўтара іншаму выдатнаму вучонаму-гуманітарыю – акадэміку Аляксею Аляксандравічу Шахматаву.
Акрамя таго, выклікалі увагу ўдзельнікаў круглага стала кнігі «К истории звуков и форм белорусской речи» (1893), «Славянская кирилловская палеография» (1928), а таксама грунтоўная сучасная біяграфія выдатнага беларусазнаўцы у двух тамах. Яна была складзена яго праўнукам Аляксандрам Аляксандравічам Карскім і убачыла свет ў 2019 г.