Круглы стол-выстава “Нетыповы Багдановіч”
9 снежня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі прайшоў круглы стол-выстава “Нетыповы Багдановіч” (да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча).
Гэтая прыемная дата аб’яднала пад адным дахам розных людзей, з рознымі поглядамі, працамі, але адзінай любоўю і павагай да годнага сына Бацькаўшчыны.
На самым пачатку мерапрыемства зайграла прыгожая кампазіцыя ансамбля “Песняры” на верш “Зорка Венера”, якая шмат у чым задала хаду гэтай сустрэчы.
З прывітальнай прамовай выступіў дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі Аляксандр Іванавіч Груша. Як ён адзначыў, па ўсёй краіне ў гэты дзень зазырчэлі маленькія агеньчыкі, а творчасць самога Багдановіча звыш за сто год натхняе і матывуевось ужо не адно пакаленне.
Дырэктар філіяла «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Іван Васільевіч Саверчанка заўважыў, што дадзенае мерапрыемства аб’яднала акадэмічную супольнасць Беларусі. Ён адзначыў: “У Багдановіча мы назіраем найвялікшы сінтэз беларускай ідэнтычнасці, еўрапейскай літаратуры, антычнай спадчыны, рускай класікі, хрысціянскай і паганскай неўміручасці”.
Таццяна Барысаўна Мацюхіна (кандыдат філалагічных навук, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Крытыка і літаратуразнаўства», стыпендыят Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь таленавітым маладым вучоным) у сваім дакладзе адзначыла важкую ноту светасузірання Багдановіча, важнасці ягонай дзейнасці для станаўлення беларускай нацыі і ўзрастання нацыянальнай самасвядомасці.
Ірына Уладзіславаўна Смірнова (вядучы бібліятэкар сектара навукова-метадычнага забеспячэння работы бібліятэкі пры арганізацыях НАН Беларусі навукова-даследчага аддзелу бібліятэказнаўства) распавяла гледачам і ўдзельнікам аб рукапісах і дакументах, звязаных з жыццём і дзейнасцю М. Багдановіча, перададзеных ў Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы, заклікаючы захоўваць спадчыну паэта па сёняшнія дні і важнасці перадачы яе нашчадкам.
Ганна Мікалаеўна Кісліцына (доктар філалагічных навук, заг. аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы) прадставіла свой даклад “Творчасць Максіма Багдановіча як крыніца роздуму і натхнення М. Стральцова і А. Разанава”.
Доктар філалагічных навук, супрацоўнік аддзела ўзаемасувязяў літаратуры Наталля Васільеўна Якавенка сваім даволі пяшчотным выступам аб перакладах “Апокрыфа” Багдановіча падкрэсліла значнасць творчасці Багдановіча-перакладчыка, а таксама ягоную моцную залежнасць ад мовы і тонкае яе адчуванне.
Навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Алена Аляксандраўна Карп з тэмай «Максім Багдановіч як літаратурны аглядальнік» выказала свае меркаванні аб ролі Багдановіча ў Беларускім Адраджэнні.
Шмат чаго з раней ніколі не пачутага было сказана ў гэты вечар. І шмат што яшчэ трэба сказаць пра нашага найвыбітнейшага Паэта Максіма Адамавіча Багдановіча.
Урачыстае пасяджэнне праходзіла ў акружэнні кніг і часопісаў з творамі Максіма Багдановіча. Да 130-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча (1891–1917) супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі ўзрушальную выставу “Нязгасная зорка паэта”.
Аб экспанатах госці пачулі з вуснаў Алены Пятроўны Дзенісенка (навуковы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі).
Большая частка экспазіцыі выставы прадстаўлена прыжыццёвымі публікацыямі класіка. Пры жыцці М. Багдановіча быў выдадзены ўсяго адзіны яго зборнік паэзіі “Вянок” (выйшаў у пачатку 1914 г. у Вільні ў Друкарні Марціна Кухты – на тытульным лісце пазначаны 1913 г.), дзе змешчаны каля сотні вершаў лірычнага і патрыятычнага характару і дзве паэмы. У экспазіцыі выстаўкі – першае выданне і перавыданне, якое датуецца 1927 г.
Другое выданне выйшла ў Вільні ў “Віленскім выдавецтве Б. Клецкіна”.
Максім Багдановіч друкаваўся, галоўным чынам, на старонках газеты “Наша Ніва”, у газеце “Гоман”. Прыжыццёвыя вершаваныя творы класіка беларускай літаратуры прадстаўлены на выставе не толькі ў гэтых часопісах, але і іншых выданнях – “Зборніку “Нашай нівы” (1912 г.), “Першым календары “Нашай нівы” (1910 г.), “Беларускім календары “Нашай нівы” (1911–1916 гг.) і інш.
Плённа працуючы над паэтычнымі творамі, Максім Багдановіч звяртаўся і да мастацкай прозы. У 1913–1916 гг. ён напісаў шэраг апавяданняў і нарысаў. На выставе прадстаўлены “Апавяданне аб іконніку і залатару…” (“Наша Ніва”, 1914, № 7) і “Шаман” (“Наша Ніва”, 1914, № 26).
У 1910 г. Багдановіч пачынае выступаць як літаратурны крытык. На паліцах выставы – літаратурна-мастацкі альманах “Калядная пісанка” (1913 г.), дзе змешчаны артыкул М. Багдановіча “За тры гады”, з падзагалоўкам “Агляд беларускай краснай пісьменнасці. 1911–1913 гг.”
Максім Багдановіч вядомы і як гісторык беларускай літаратуры. На выставе дэманструецца адбітак з часопіса “Украинская жизнь”(1915, № 1–2) з яго нарысам “Белорусское возрождение”.
М. Багдановіч як даследчык літаратуры і гісторыі славянскіх народаў пісаў артыкулы пра Т. Шаўчэнку, М. Ламаносава, А. Пушкіна, М. Лермантава, гісторыка-этнаграфічныя нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш. На выставе дэманструецца зборнік “Пушкин и его современники. Материалы и исследования…» (Вып. 28. Петроград, 1917), дзе змешчаны артыкул пісьменніка “Две заметки о стихотворениях_Пушкина”.
Творы М. Багдановіча неаднаразова выпускаліся асобнымі выданнямі, друкаваліся ў сродках масавай інфармацыі. У экспазіцыі выставы прадстаўлена выданне Інбелкульта – “Творы Максіма Багдановіча” (Творы Максіма Багдановіча: [у 2т.] / падрыхтавана Літаратурнай камісіяй Інбелкульта; пад рэдакцыяй [і з прадмовай] І.І. Замоціна. – у Менску: коштам Інстытута беларускай культуры, 1927–1928. – (Акадэмічная бібліятэка беларускіх пісьменнікаў).
У экспазіцыі публікацыі літаратуразнаўцаў у часопісах пачатку ХХ ст., прысвечаныя аналізу творчасці беларускага класіка. Сярод аўтараў беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык, філолаг, этнограф Вацлаў Ластоўскі. Яго артыкул “Мае ўспаміны аб М. Багдановічы” надрукаваны ў часопісе “Крывіч” (1926 г., № 11).
Цікава азнаёміцца з нарысам рускага гісторыка, филолага-славіста А.Л. Пагодзіна (1872–1947) “Белорусские поэты”, змешчанага на старонках “Вестника Европы” (Санкт-Пецярбург, 1911. 46-й год, студзень). Аўтар ацэньвае творчасць беларускага пісьменніка: “М. Богданович – одно из обычных явлений, сопровождающих национальное пробуждение народов: тонкая и чуткая натура, охваченная стремлением вернуться к униженному и забытому народу. “Ни один сытый не может так играть, как играет народное горе”, писал этот юноша в 1907 году, в символической легенде о происхождении поэзии”.
Яшчэ адзін раздзел выставы “Я не самотны, я кнігу маю…”, дзе прадстаўлена літаратурная спадчына паэта ў сучасных перавыданнях, даследаванні творчасці і біяграфіі, пераклады твораў на іншыя мовы, працягне сваю работу ў чытальнай зале гуманітарных навук.
Пералік выбраных твораў М. Багдановіча прадстаўлены ў буклеце: