Маргарыт Іаана Залатавуста (Астрог, 1595)
Працягваем візуальны праект да 100-годдзя з дня адкрыцця нашай бібліятэкі. Ён знаёміць вас з найбольш цікавымі экзэмплярамі, якія захоўваюцца ў ЦНБ НАН Беларусі.
Перад вамі Маргарыт Іаана Залатавуста (Астрог, 1595).




Маргарыт (грэч. Μαργαται − жамчужыны) − зборнік пэўнага зместу: розныя спісы яго складаюць у сабе розныя гутаркі Іаана Залатавуста. У найболей шырокіх грэчаскіх спісах колькасць Слоў Іаана Залатавуста дасягае 70 і 80, у славянскіх спісах іх звычайна змяшчаецца каля 20.




Маргарыт астрожскага выдання 1595 г. працягнуў слаўныя традыцыі кнігавыдання друкарні, заснаванай князем Канстанцінам Канстанцінавічам Астрожскім. Склад першага друкаванага зборніка Слоў Іаана Залатавуста ўзыходзіць да зборнікаў устойлівага складу: шэсць Слоў аб неспасціжным, супраць анамеяў, шэсць Слоў на іудзеяў, шэсць Слоў аб серафімах, пяць Слоў пра багатага і Лазара, тры Словы пра Давіда і Саўла, тры словы пра Іова.




Асобнік паступіў у 1965 годзе ў якасьці дара з Музея кнігі Дзяржаўнай Бібліятэкі СССР ім. В. І. Леніна (Масква).




Для форзацаў выкарыстана папера канца XVIII — пачатку XIX ст. Верхні форзац з суцэльнага ліста паперы блакітнага колеру. Ніжні — некалькіх пластоў макулатурнай паперы: верхні пласт з блакітнай паперы надарваны, пад ім віднеюцца лісты (верагодна, яшчэ 2-3 пласта) з паперы жаўтаватага адцення з рукапіснымі запісамі гаспадарчага характару (чорныя і карычневыя чарнілы, розныя почырку) (XVIII ст.) на верхнім пласце форзаца (з блакітнай паперы) след сіняй фарбы, скарыстанай для афармлення абрэза.







Скура вокладкі ў пацёртасцях і драпінах, разарваная па лініі згіну карэньчыка і верхняй крышкі, на ніжнім вечку дэфармаваная, верагодна, з-за дэфекту дошкі (дошка няроўная, прамацваецца западзіна, магчыма, пашкоджанне). Карэньчык надарваны ў верхняй і ніжняй частцы, адстае ад кніжнага блока, бачныя ніткі бінтоў.
Маргарыт Іаана Залатавуста 1595 года выдання захоўваецца ў Цэнтры даследаванняў старадрукаў і рукапісаў. Падрабязней з асаблівасцямі можна азнаёміцца ў навуковым выданні з дапамогай кнігі «Кириллические издания XVI века: каталог изданий из коллекции Центр. науч. б-ки им. Якуба Коласа Нац. акад. наук Беларуси».