Мастацка-дакументальная выстава «Новыя гарызонты»
Мастацка-дакументальная выстава «Новыя гарызонты» ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча з удзелам Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі.
«Новыя гарызонты» – гэта расповед пра ніжагародскі перыяд жыцця сям’і Багдановічаў праз прызму сяброўства з вядомым рускім пісьменнікам Максімам Горкім і яго акружэннем.
У 2021 годзе адзначаецца выбітная дата – 130-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, выдатнага класіка беларускай літаратуры.
Дванаццаць гадоў свайго кароткага жыцця Максім Багдановіч пражыў у Ніжнім Ноўгарадзе, куды з беларускага горада Гродна пасля смерці жонкі перавёз сваю сям’ю бацька паэта Адам Ягоравіч Багдановіч у 1896 г. Ніжагародскі перыяд (1896 – 1908) – першы і самы асноўны этап у фарміраванні Максіма Багдановіча як паэта, творцы, грамадскага дзеяча. Жыццё ў Ніжнім Ноўгарадзе для сям’і Багдановічаў стала памятным суадноснасцю да яго вядомага рускага пісьменніка М. Горкага. Адам Ягоравіч Багдановіч, ажаніўшыся другі раз, узяў за жонку Аляксандру Волжыну – родную сястру першай жонкі М. Горкага Кацярыны Волжынай. А. Я. Багдановіча зблізіла з М. Горкім агульнасць літаратурных інтарэсаў. М. Горкі да апошніх гадоў свайго жыцця вельмі высока цаніў А. Я. Багдановіча як навукоўца, дапамагаў яму і ў выданні прац, і матэрыяльна. Як рэліквію сям’я Багдановічаў з 90‑х гадоў ХІХ стагоддзя захоўвала падарунак М. Горкага – рэпрадукцыю вядомай «Сіксцінскай мадонны» Рафаэля Санці, якая зараз захоўваецца ў Літаратурным музеі М. Багдановіча ў Мінску.
Да ніжагародскага перыяду адносяцця першыя спробы пяра М. Багдановіча па-беларуску. І менавіта ў гэты час беларуская газета «Наша Ніва» надрукавала яго першае апавяданне «Музыка» (1907). Гэта быў літаратурны старт пятнаццацігадовага гімназіста, якому было суджана стаць зорным паэтам...
На выставе прадстаўлены планшэты з Дзяржаўнага ордэна Пашаны музея А. М. Горкага ў Ніжнім Ноўгарадзе, якія распавядаюць пра ніжагародскі перыяд і акружэнне сям’і Багдановічаў праз жыццё Максіма Горкага.
У вітрынах змешчаны матэрыялы з фонду Максіма Багдановіча. У ліку цікавых экспанатаў – кнігі з Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, якія належалі сям’і Багдановічаў – прыжыццёвыя выданні Максіма Горкага з дароўным надпісам Адаму Багдановічу.
Запрашаем наведаць выставу і, магчыма, адкрыць для сябе новыя гарызонты!
Дарэчы, цікавы аповед пра таленавітага паэта можна паслухаць і паглядзець у фільме «Максім Багдановіч. Вечна юны, як наша зямля», створаным бібліятэкай.