Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы

З 13 па 21 лютага Нацыянальная акадэмія навук Беларусі арганізавала шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы. Да іх далучылася і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

14 лютага бібліятэка стала пляцоўкай для правядзення прэзентацыі першага ў гісторыі лексікаграфіі “Французска-беларускага слоўніка прававой лексікі”, падрыхтаванага супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы і выкладчыкамі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

20 лютага гасцінна адчыніліся дзверы інфармацыйна-выставачнага цэнтра бібліятэкі перад ўдзельнікамі прэзентацыі тэматычнага слоўніка «Плытніцтва», падрыхтаванага супрацоўнікамі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Сапраўдным упрыгожаннем свята роднай мовы падчас прэзентацыі стала выступленне фальклорнага ансамбля “Святкі” Палаца дзяцей і моладзі “ЗОЛАК” г. Мінска

Да мерапрыемстваў была падрыхтавана кніжная выстава Да Міжнароднага дня роднай мовы”. Экспазіцыю склалі працы супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы. Дэманстраваліся слоўнікі беларускай мовы, даведнікі, атласы беларускіх народных гаворак, манаграфіі па праблемах сучаснай беларускай мовы, кнігі па этнаграфіі, гісторыі і культуры асобных рэгіёнаў Беларусі.

Тыдзень роднай мовы працягнуўся да 24 лютага. У дзень народзінаў Рыгора Барадуліна адбылася сустрэча з вучнямі гімназіі № 23 г. Мінска. Для іх была падрыхтавана літаратурна-пазнавальная праграмаКалі рукаюцца душы...”, прысвечаная жыццёваму і творчаму шляху народнага паэта Беларусі Рыгора Іванавіча Барадуліна (1935 – 2014).

Разам з вучнямі мы віртуальна наведалі родныя мясціны паэта, паслухалі яго цудоўныя вершы, арганізавалі гучныя чытанні.

Нашы госці з задавальненнем прынялі ўдзел у літаратурных гульнях і квэстах.

“Вушацкі словазбор” – адзін з выніковых твораў Рыгора Барадуліна, які пісаўся, паводле словаў аўтара, амаль 60 год.

Яшчэ хлопчыкам у сёмым класе Барадулін узяў сшытак, зрабіў з яго нататнік і пачаў запісваць розныя народныя словы і выразы роднай Вушаччыны. І першай, за кім ён пачаў занатоўваць розныя цікавінкі, была маці Куліна.

Дзеці прынялі актыўны ўдзел у пошуках адпаведнікаў словам з “Вушацкага словазбору” у сучаснай беларускай літаратурнай мове.

Рыгор Іванавіч выдаў больш за 70 кніг лірыкі, сатыры, зборнікаў для дзяцей. Яго лірычны герой цалкам аўтабіяграфічны, таму кнігі – гэта само жыццё, якое ён ведаў з маленства. Барадулін пісаў вершы да самых апошніх дзён, яны блізкія да жанру малітвы, у іх ўсё мацней гучаць біблейскія матывы, але гэта перш-наперш споведзь шчырага чалавека.

Вершы Барадуліна перакладаліся на розныя мовы свету, і ён сам быў выдатным перакладчыкам. На кніжнай выставе ў кожнага была магчымасць пазнаёміцца з перакладамі на беларускую мову твораў А. Хаяма, У. Шэкспіра, Дж. Байрана, Н. Гільена, А. Міцкевіча, Ф. Г. Лоркі, Б. Пастарнака, А. Вазнесенскага, Я. Яўтушэнкі і іншых.

Знаёмства з кніжнай выставай перайшло ў яе інтэрактыўную прэзентацыю. Удзельнікі мерапрыемства з вялікай ахвотай і зацікаўленасцю прайшлі квэст па пошуку кніг на выставе. Быў прадстаўлены першы паэтычны зборнік Рыгора Барадуліна “Маладзік над стэпам” (1959), з дапамогай выдадзенных “Дзённікаў і запісаў” паэта, вучні адказалі на пытанне ў якім годзе Барадулін стаў весці іх цалкам на беларускай мове. Прэзентавалі зборнік “Ксты” (2005), пасля якога ў 2006 годзе паэт вылучаўся на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Пазнаёміліся з гісторыяй выдання кніг “Вяльмуе Бог абраннікаў сваіх» : паклон пашаны Блаславёнаму Яну Паўлу II” і “Рымскі трыпціх», а таксама распавялі пра сустрэчу з пантыфікам на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане. Прадставілі кнігі прозы і паэзіі Р. Барадуліна і В. Быкава, якіх звязвала моцнае сяброўства і шмат яшчэ іншых зборнікаў выдатнага беларускага паэта.

Моцным эмацыйным акордам напрыканцы свята роднай мовы стала прачытанне ўсімі яго ўдзельнікамі верша Рыгора Барадуліна “Маленне за Беларусь…”.

Божа, пашлі Беларусі

Ласку з Тваімі вачамі,

Сэрцы суцеш у скрусе,

Злітуйся над крывічамі…

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля