Неўміручая спадчына: прыжыццёвыя выданні Янкі Купалы
У чытальнай зале аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў экспануецца выстава “Неўміручая спадчына: прыжыццёвыя выданні Янкі Купалы”.
Выстава падрыхтаваная да 140-годдзя з дня нараджэння вялікага беларускага паэта, якое адзначаецца сёлета 7 ліпеня.
На выставе прадстаўленыя кніжныя выданні, якія выходзілі на працягу жыцця Янкі Купалы. Сярод ранейшых выданняў ‒ самы першы паэтычны зборнік “Жалейка” (1908), вершаваная п’еса “Адвечная песьня” (1910), зборнікі вершаў “Гусляр” (1910, выдадзены лацінскім шрыфтам) і “Шляхам жыцьця” (1913).
Пасля рэвалюцыі выйшлі драма “Раскіданае гняздо” (1919) і зборнік вершаў “Спадчына” (1922), якія таксама прысутнічаюць на выставе. Асобна можна вылучыць зборнік вершаў “Безназоўнае” (1925 і 1928), тры паэтычныя зборнікі “За што”, Адцвітаньне” і “Песьня-байка”, якія выйші ў 1930 г., а таксама тры выданні паэмы “Над ракою Арэсай” (1933, 1934 і 1937). Дэманструюцца зборы твораў і асобныя кнігі выбраных твораў, такія як збор твораў у шасці тамах 1925-1932 гг., збор твораў у трох тамах 1928-1932 гг., выбраныя творы ў чатырох тамах 1935–1940 гг., “Апавяданні ў вершах” у двух кніжках (1926), “1918-1928: творы” (1930).
Акрамя савецкіх выданняў выстава ўключае і кнігі, надрукаваныя ў Заходняй Беларусі, якая ў 1921-1939 гг. уваходзіла ў склад Польскай рэспублікі. Выстаўленыя такія заходнебеларускія кнігі Купалы, як “Паўлінка” (1927), “Адвечная песьня” (1927), “На куцьцю” (1928), а таксама два выдання “Шляхам жыцьця” (1923 і 1935).
Таксама на выставе можна пабачыць выданні ваеннага часу, што сталі апошнімі для Купалы, які загінуў ў 1942 г. Гэта такія кнігі, як “Ад сэрца” (1940), “Паэмы” (1940) і збор вершаў 1942 г.
Асаблівую каштоўнасць прадстаўляць кнігі з дарчымі надпісамі, зробленымі Купалам. На двух кнігах з бібліятэкі Пятра Глебкі, якая захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў, рукой Янкі Купалы пакінутыя памятныя надпісы: на зборніку твораў 1935 г. і на зборніку вершаў “Песня будаўніцтву” 1936 г. Дарчы надпіс на трэцім томе шасцітомнага збору твораў (1927) адрасаваны выдатнаму беларускаму літаратуразнаўцу Івану Замоціну.
Выстаўка будзе працаваць да канца ліпеня.