Новые поступления: языковедение и литературоведение
Предлагаем вашему вниманию новые издания, поступившие в фонд библиотеки, с которыми можно ознакомиться в универсальном читальном зале.

Информацию о новых поступлениях можно также найти в электронном каталоге ЦНБ НАН Беларуси.

У кнізе даследуюцца жыццё і творчасць М. Танка як грамадска-культурнага феномена, аднаго з самых магутных і яркіх талентаў у гісторыі беларускай літаратуры; прасочваецца працэс фарміравання і развіцця творчай індывідуальнасці паэта – рэвалюцыянера, франтавіка, патрыёта, гуманіста; выяўляюцца роля і значэнне ў гэтым працэсе традыцый нацыянальнага фальклору і літаратурнай класікі; раскрываюцца духоўна-філасофская адметнасць асобы паэта, глыбіня і арыгінальнасць ідэйна-мастацкага дыскурсу, спецыфіка творчага майстэрства.
Адрасуецца літаратуразнаўцам, выкладчыкам і студэнтам ВНУ, настаўнікам і ўсім, хто цікавіцца беларускай інтэлектуальна-творчай спадчынай.

Французска-беларускі слоўнік скарачэнняў змяшчае каля 8 тыс. скарачэнняў (больш за 11 тыс. расшыфровак). Абрэвіятуры сустракаюцца ў тэкстах рознай жанравай прыналежнасці і могуць ускладняць іх разуменне. Слоўнік закліканы дапамагчы вырашыць праблемы з дэшыфрацыяй абрэвіятур і іх адаптацыяй сродкамі беларускай мовы.
Прызначаны для шырокага кола чытачоў – навучэнцаў, студэнтаў, спецыялістаў, якія карыстаюцца французскай мовай у навучальнай, навуковай, прафесійнай дзейнасці, а таксама ў прыватным жыцці.

Кніга ўключае як арыгінальныя матэрыялы, так і тыя, што друкаваліся ў розных хрэстаматыйных выданнях па беларускай дыялекталогіі. Тэксты аб’ядноўваюць запісы дыялектнага маўлення, якія рабіліся з сярэдзіны і на працягу ХХ ст., а таксама на пачатку ХХІ ст. Усе яны тэматычна аднастайныя: у іх узнаўляюцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта гісторыі-¬ўспаміны ў расказах жывых сведак мінулага, якое сёння стала нявыдуманай гістарычнай памяццю пра яго.
Выданне будзе карысным шырокаму колу лінгвістаў, даследчыкам гісторыі, настаўнікам, краязнаўцам, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй сваёй зямлі, лёсам людзей, якія былі відавочцамі розных падзей, прайшлі праз цяжкія жыццёвыя выпрабаванні.

У літаратуразнаўчым навуковым выданні на прыкладзе творчасцi класікаў (Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максiма Багдановiча, Цёткi, Максiма Гарэцкага) i сучаснікаў (Максiма Танка, Рыгора Барадулiна, Алега Лойкi, Галіны Тварановiч, Генадзя Пашкова, Алеся Адамовiча, Яўгеніі Янiшчыц, Вольгі Русiлкi, Алеся Разанава i інш.), у тым лiку рэгiянальных пісьменнікаў (Аляксея Пяткевiча i Ігара Жука, Дануты Бiчэль i Людмiлы Кебіч, Людмілы Шаўчэнкі i Анатоля Апанасевiча, Ірыны Фамянковай i Вiктара Кудлачова) даследуюцца нацыянальная самабытнасць айчыннай літаратуры, грамадска-культурны кантэкст, кантактныя сувязі беларускай літаратуры са славянскай i сусветнай літаратурай.

У манаграфіі даследуецца праблема ўсходне- і заходнеславянскіх моўных кантактаў, у прыватнасці ўплыў чэшскай мовы на старабеларускую, стараўкраінскую і старарускую мовы. Па выніках гісторыка-этымалагічнага аналізу было ўстаноўлена больш за 180 запазычанняў чэшскага і чэшска-польскага паходжання ва ўсходнеславянскіх мовах XIV–XVII стст. Іх пранікненне абумоўлена пашырэннем чэшскай літаратурна-пісьмовай традыцыі сярод іншых заходнеславянскіх народаў у XIV–XVI стст. Польская мова часта выступала ў ролі пасрэдніка, праз якую ўсходнеславянскімі мовамі запазычваліся чэшскія словы. Разам з тым, існавалі прамыя шляхі пранікнення багемізмаў, перадусім у старабеларускую і стараўкраінскую мовы.
Адрасуецца славістам, этымолагам, гісторыкам мовы і спецыялістам па міжславянскіх моўных сувязях.

Выданне прысвечана акадэміку Б. А. Тарашкевічу – буйнейшаму беларускаму лінгвісту, мовазнаўцу, перакладчыку і грамадскаму дзеячу першай паловы XX ст., які ўвайшоў у гісторыю сучаснага беларускага мовазнаўства перш за ўсё як аўтар першай нарматыўнай «Беларускай граматыкі для школ» і распрацоўшчык асноўных прынцыпаў і сістэмы арфаграфічных норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Выданне дапоўнена архіўнымі дакументамі, большасць з якіх друкуецца ўпершыню.
Адрасуецца лінгвістам, выкладчыкам, настаўнікам, аспірантам, а таксама шырокаму колу чытачоў, якія цікавяцца пытаннямі мовазнаўства і яго гісторыяй.