Нязгаснае святло матчынай любові. Імпрэза да Дня маці
Свята, прысвечанае самай дарагой і любімай жанчыне для кожнага чалавека – маці, прайшло 14 кастрычніка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Разам з бібліятэкай арганізатарам літаратурна-мастацкай імпрэзы «Нязгаснае святло матчынай любові» выступіла Першасная арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын» НАН Беларусі». Імпрэза адбылася пры падтрымцы Аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў НАН Беларусі.
У інфармацыйна-выставачным цэнтры ЦНБ НАН Беларусі сабраліся навукоўцы, літаратары, а таксама моладзь, каб разам адзначыць Дзень маці і Пакроў Прасвятой Багародзіцы.
На пачатку мерапрыемства з прывітальным словам выступіў дырэктар ЦНБ НАН Беларусі Станіслаў Сцяпанавіч Юрэцкі, які павіншаваў усіх прысутных са святам і адзначыў важнасць падобных сустрэч.
Начальнік упраўлення навукова-арганізацыйнай і прававой работы НАН Беларусі, старшыня першаснай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» НАН Беларусі Юлія Васільеўна Качурка ў сваёй прамове акрэсліла важнасць сямейных каштоўнасцяў і ролі маці ў жыцці кожнага чалавека.
Старшыня Аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў НАН Беларусі Іван Андрэевіч Бараноўскі звярнуўся да ўсіх жанчын-матуль, сардэчна павіншаваў іх са святам.
Адкрыццё літаратурна-мастацкай імпрэзы пачалося з выканання Маргарытай Кучук музычнага твора Франца Шуберта «Авэ Марыя», што надало мерапрыемству асаблівую ўрачыстасць і значнасць.
У Беларусі Дзень маці, пачынаючы з 1996 года, адзначаецца разам з вялікім праваслаўным святам – Пакровамі Прасвятой Багародзіцы.
З гэтай нагоды супрацоўнікамі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў падрыхтавана кніжная выстава «Евангелле ад мамы», якая складаецца з трох раздзелаў: «Вобраз Багародзіцы ў старадруках і сучасных выданнях», «Свята Пакрова, пакрый замельку лісточкам, а галоўку вяночкам» і «То не яснага сонца праменні – гэта вочы матулі мае…».
Куратар выставы – навуковы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Вольга Аляксандраўна Губанава азнаёміла удзельнікаў імпрэзы з экспазіцыяй.
У першым раздзеле прадстаўлены выданні, якія ўтрымліваюць розныя сцэны з жыцця Дзевы Марыі, у тым ліку ўвасобленыя на гравюрах, а таксама даследванні, дзе разгледжана роля вобраза гэтай святой для беларусаў. Асаблівую ўвагу прыцягваюць да сябе кірылічныя старадрукі «ТРЫФАЛАГІЁН АБО ТРЫЁДЗЬ КАЛЯРОВАЯ» (Куцейна, 1647), «АПІСАННЕ СВЯТОГА БОЖАГА ГОРАДА ЕРУСАЛІМА» (Масква, 1771), «КАНОНЫ БАГАРОДЗІЦЫ З МАЛЫМ ПАВЯЧЭРКАМ» (Кіеў, 1781) і інш.
Паводле падання, у 910 годзе падчас богаслужэння Дзева Марыя паказала сябе людзям. Яна зняла са сваёй галавы покрыва і распрасцёрла над людзьмі, што былі ў храме, тым самым імкнучыся абараніць іх ад усіх бачных і нябачных ворагаў.
Здаўна лічыцца, што ў гэты дзень Прасвятая Багародзіца накрывае ўсіх нас сваім покрывам, бярэ пад апеку.
Выявы Божай Маці таксама былі прадстаўлены на часовай выставе старажытных беларускіх абразоў «Вялікая заступніца Беларусі» з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры. З імі гледачоў азнаёміла навуковы супрацоўнік музея Людміла Яўгенаўна Агеева.
Другі раздзел выставы прысвечаны народным традыцыям святкавання Пакроваў. У ім можна пабачыць шматлікія выдданні па этнаграфіі і фальклоры, якія ўтрымліваюць прыказкі, прымаўкі і павер’і, звязаныя з гэтым святам. З найбольш ранніх трэба адзначыць «АГЛЯД РУСКАГА НАРОДНАГА ПОБЫТУ ПАЎНОЧНАГА КРАЮ» А. Е. Бурцава. (Спб, 1902.), Этнаграфічны зборнік, які выдаваўся Імператарскім рускім геаграфічным таварыстывам з 1853 па 1864 гг. (Спб.,1854), адзін з тамоў знакамітага выдання «Маляўнічая Расія» (Спб., М., 1882).
Са старажытных часоў людзі прывыклі назіраць за надвор’ем, звяртаючы сваю ўвагу на пэўныя народныя прыкметы.
Народныя прыкметы на Пакроў дзень дазваляюць, напрыклад, людзям зразумець, якой менавіта будзе зіма. Як правіла, надыходзіць яна прыкладна праз сорак дзён пасля першага снегу. Таму «снежны» Пакроў кажа пра надыход ранняй зімы. Калі дзень Пакроў дажджлівы – дажджлівае надвор’е прастаіць да канца кастрычніка. Калі лісце не апала з дрэў – трэба рыхтавацца да снежнай і марознай зімы.
Апошні раздел выставы – «То не яснага сонца праменні – гэта вочы матулі мае…». На паліцах прадстаўлены шматлікія выданні белларускіх паэтаў і пісьменнікаў, прасякнутыя ўспамінамі, думкамі і пяшчотай да самага роднага чалавека ў свеце. Якуб Колас, Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Рыгор Барадулін, Яўгенія Янішчыць, Алесь Пальчэўскі – вось толькі некаторыя прозвішчы аўтараў, чые творы вы зможаце ўзгадаць, дзякуючы нашай выставе.
Імпрэзу працягнула прэзэнтацыя «Вобраз маці ў творчасці беларускіх літаратараў». Выступоўцы не толькі азнаёмілі прысутных з вершамі і паэтычнай спадчынай нашых класікаў, такіх як Алесь Гарун, Якуб Колас, Янка Купала, але і прыадкрылі заслону бакоў прыватнага жыцця пісьменнікаў і іх адносінаў з матулямі.
Пад час імпрэзы адбылася сустрэча яе ўдзельнікаў з беларускімі сучаснымі літаратарамі: Раісай Баравіковай і Віктарам Праўдзіным.
Адна з самых прыкметных постацяў ў культурным жыцці Беларусі, выдатная паэтка Раіса Андрэеўна Баравікова выступіла са сваімі вершамі, якія глыбока краналі душы слухачоў.
Вялікую цікавасць выклікала і тое, што Раіса Андрэеўна прынесла з сабою сямейную рэліквію – абраз, які перадаваўся з пакалення ў пакаленне.
Віктар Праўдзін – аўтар дэтэктыўных аповесцяў і раманаў, былы галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» сардэчна павіншаваў усіх матуль з іх святам, а прысутным у залі жанчынам падарыў свае кнігі.
Віктар Аляксандравіч распавёў шмат гісторый са свайго жыцця, звязаных з маці і якія знайшлі адлюстраванне ў ягонай творчасці.
Літаратурна-мастацкая імпрэза «Нязгаснае святло матчынай любові» прайшла ў досыць прыемнай, утульнай атмасферы. Шмат у той вечар было выказана пяшчотных словаў і падзяк у адрас матуль. Усе яны невычарпальныя, бо пра кожную маці можна казаць бясконца.
Калектыў супрацоўнікаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі сардэчна віншуе ўсіх матуль са святам! Няхай кожны дзень прыносіць радасць, надзею, шчасце, цеплыню, супакой і любоў.
Хай жа амафор Прасвятой Багародзіцы абараняе сем’і ад нягод, у кожнай хаце будзе светла і утульна!
Выстава старажытных беларускіх абразоў «Вялікая заступніца Беларусі» з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры працуе да 21 кастрычніка.
За інфармацыяй звяртайцеся ў аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў па тэл. + 375 17 379 40 12 Аляксандр Сцефановіч