Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Лёсік Язэп Юр’евіч

Мовазнаўца, пісьменнік, палітычны дзеяч. Правадзейны член Інбелкульта. Акадэмік НАН Беларусі.

Біяграфія

Язэп Юр'евіч Лёсік нарадзіўся 18 лістапада 1883 года ў в. Мікалаеўшчына Мінскага пав., цяпер Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці.

Бацькі былі арандатарамі ў князёў Радзівілаў. У сям'і было дзесяцёра дзяцей. Язэп скончыў 2 класы Мікалаеўскага народнага вучылішча. У 1898 г. паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, але праз год выключаны «за непакорлівасць» без права паступлення ў іншыя навучальныя ўстановы. Адукацыю ўдалося атрымаць у Ноўгарад-Северскім (Чарнігаўшчына), куды ён пераехаў у 1900 годзе. Там Я. Лёсік скончыў гарадское вучылішча (1902), здаў экзамен пры гімназіі на званне настаўніка народнай школы і хатняга настаўніка пачатковай школы. Вярнуўшыся на Беларусь, настаўнічаў у Бабруйскай сельскагаспадарчай школе, выкладаў рускую мову. 3 1903 года Я. Лёсік працаваў у Грамячанскай школе Ноўгарад-Северскага пав. Там ён актыўна ўключыўся ў нелегальны рух, у 1905 г. быў арыштаваны за чытанне сялянам газет і каменціраванне тагачасных падзей і зняволены ў Ноўгарад-Северскую турму. У 1907 годзе меўся быць суд у м. Старадуб, аднак Я. Лёсік уцёк з-пад варты, перахаваўся нейкі час у сваякоў і знаёмых у Стоўбцах. Спрабаваў уцячы за мяжу. У 1911 годзе зноў прыехаў у Ноўгарад-Северскі, дзе ён быў зноў арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае пасяленне ў Сібіры (каля г. Кірэнск Іркуцкай губ., потым Бадайбо). Там Язэп Лёсік працягваў самаадукацыю і падтрымліваў сувязь з цэнтрамі тагачаснага беларускага культурна-нацыянальнага адраджэння ў Вільні і Пецярбургу, дасылаў карэспандэнцыі, апавяданні і вершы ў газету «Наша ніва».

3 Сібіры на Беларусь Я. Лёсік вярнуўся пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года. Пасяліўся ў Мінску. Уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, рэдагаваў яго газету «Вольная Беларусь» (1917–1918). На з'ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый і партый абраны ў Выканаўчы камітэтт Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый, пазней увайшоў у Вялікую беларускую раду. У 1917 годзе Язэп Лёсік быў дзельнікам Усебеларускага з'езда . У час акупацыі Беларусі нямецкімі і польскімі войскамі жыў і працаваў у Мінску. Супрацоўнічаў з Народным сакратарыятам Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 25 красавіка 1918 года разам з іншымі кіраўнікамі падпісаў ад імя Рады БНР тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма II, у якой было заяўлена, што будучыню Беларусі яны бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Пасля расколу БСГ Я. Лёсік з’яўляўся адным з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У чэрвене 1918 года Я. Лёсік узначаліў Раду БНР. У 1919–1920 гг. супрацоўнічаў з газетай «Звон» і «Беларусь» (апошнюю некаторы час рэдагаваў). Пасля расколу Рады БНР на Найвышэйшую раду БНР і Народную раду БНР Я. Лёсік стаў старшынёй першай.

Пасля заканчэння грамадзянскай вайны Я. Лёсік застаўся ў БССР, адзін з першых заявіў аб прызнанні Савецкай улады. У наступныя гады ад палітычнай дзейнасці адышоў. Займаўся навуковай, культурна-асветніцкай, літаратурнай працай. 3 ліпеня 1921 года ён выкладаў у БДУ, на беларускіх лектарскіх курсах, у Белпедтэхнікуме. У 1922 годзе абраны сапраўдным членам Інбелкульта, удзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі (з пачатку 1930 года яе старшыня). Я. Лёсік быў адным з ініцыятараў правядзення Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (лістапад 1926 г.). У 1928 г. Я. Ю. Лёсіка зацверджваюць правадзейным членам Беларускай Акадэміі навук. З 1927 года з'яўляўся дырэктарам Інстытута навуковай мовы.

У 1920-я гады Я. Ю. Лёсік стварыў некалькі падручнікаў па беларускай мове: для школ — «Школьную граматыку», для тэхнікумаў — «Фанетыку», «Марфалогію» і «Сінтаксіс». Апрача гэтага ў перыядычным друку публікаваліся ягоныя публіцыстычныя артыкулы, пераклады, папулярна выкладзеныя навуковыя працы, апавяданні.

Летам 1930 года Я. Ю. Лёсік паехаў у Мацэсту (Каўказ), каб падлячыцца ад ішыясу, набытага ў Сібіры. Там быў арыштаваны па справе неіснаваўшага «Саюза вызвалення Беларусі». У адпаведнасці з прысудам калегіі ОГПУ ад 10 красавіка 1931 г. быў высланы на 5 год у г. Камышын над Волгай. Там працы не знайшоў, таму жыў у г. Нікалаеўскім, выкладаў у педтэхнікуме. Летам 1933 года да яго пераехала сям'я. У лістападзе 1934 года пастановай УЦВК амнісціраваны. Улетку 1935 года прасіў дазволу на вяртанне ў Мінск, але атрымаўшы катэгарычную адмову, пераехаў з сям'ёй на Браншчыну. Год працаваў настаўнікам у Малавышкаўскай школе (ст. Злынка), адкуль наведваўся ў Гомель. Потым яму і тут адмовілі ў працы. Летам 1936 года перасяліўся ў в. Дубаўка Саратаўскай вобласці , дзе выкладаў у школе. Праз год яму зноў адмовілі ў працы. Восенню 1937 года Я. Ю. Лёсік з сям'ёй пераехаў у г. Аткарск, дзе выкладаў у педтэхнікуме рускую мову і літаратуру. У час ссылкі напісаў сваю апошнюю працу — «Сінтаксіс рускай мовы» для педвучылішчаў. Рукапіс забраны ў час вобыску пры апошнім арышце 25 чэрвеня 1938 года. Спачатку Я. Ю. Лёсік адбываў зняволенне ў Аткарскай турме, потым быў пераведзены ў саратаўскую турму. Апошнюю звестку сям'я атрымала ад яго 16 ліпеня 1938 года (гэта была паштоўка, у якой ён развітваўся з сям'ёй). Я. Ю. Лёсіка расстралялі ў саратаўскай турме адразу пасля абвяшчэння пастановы так званай Асобай нарады пры НКУС СССР ад 31 сакавіка 1940 года. Справа 1938 года спынена Саратаўскім абласным судом у 1958 годзе. Справа 1931 года спынена судовай калегіяй Вярхоўнага суда БССР у 1988 годзе.

Літаратурную дзейнасць Я. Лёсік пачаў як празаік. Першы яго апублікаваны твор — пераклад даўнейшай грэчаскай казкі «Геркулес і селянін» (змешчаны ў «Нашай ніве» за 1912 год). Неўзабаве там жа з'явіліся яго допісы і карэспандэнцыі, а ў канцы 1912 года — апавяданне «Ня ўсе ж разам, ягамосьці!» і публіцыстычныя нататкі «Пра лёс беларускага народа і яго мовы». У далейшым Я. Лёсік найболей праявіў сябе як публіцыст, хаця яго прыроджаная адоранасць і разуменне асветніцка-адраджэнцкіх задач тагачаснай беларускай літаратуры выяўляліся то ў вершаваных спробах, то ў больш характэрных для яго празаічных жанрах. У 1921 рыхтаваўся да друку зборнік яго мастацкай прозы «Родныя вобразы», але быў забаронены. Кнігі Я. Лёсіка ў 20-я гады ХХ стагоддзя падвяргаліся значным цэнзурным праўкам.

Прозе Я. Лёсіка ўласціва эпічнасць, імкненне даць разгорнутую характарыстыку тыпажу, багатая палітра вобразна-маляўнічых сродкаў, псіхалагічная праўдзівасць. Асобую ўвагу ён звяртаў на канкрэтыку, дэталі быту, пейзажу. Аднак Я. Лёсіка нельга назваць бытаапісальнікам. Ён па-мастацку выяўляў душу простага беларуса, пазбягаючы пры гэтым тэндэнцыйнасці. Пераклаў на беларускую мову «Маніфест Камуністычнай партыі», перарабіў на сучасную мову «Пінскую шляхту» В. Дуніна-Марцінкевіча. Публіцыстычны талент Я. Лёсіка асабліва яскрава раскрыўся ў 1917–1920 гг., калі ён шмат выступаў у друку па нацыянальным пытанні, якое найбольш востра хвалявала яго ў той час. Менавіта публіцыстыку ставіў Я. Лёсіку ў галоўную заслугу М. Гарэцкі, аднак з жалем дадаваў, што публіцыст у ім, магчыма, міжволі зашкодзіў белетрысту. Гарэцкі падкрэсліваў талент Лёсіка-апавядальніка (асабліва адзначаў яго «Апавяданне без назвы»), вылучаў нацыянальны характар яго творчасці. Праз цяжкія напластаванні доўгатэрміновых рэпрэсіўных забарон і агавораў усё ж прабіліся прарочыя словы М. Гарэцкага пра Я. Лёсіка:

«Гэтага слаўнага пісьменніка чакае яшчэ слаўнейшая будучыня».

Кнігі

Практычная граматыка беларускай мовы : курс першы / Язэп Лёсік. — Менск : Дзяржаўнае выдавецтва Соц. Радн. Рэспублікі Беларусі, 1921 (5-я Радная друкарня). — 72 с.

Кніга ў бібліятэцы Поўны тэкст

Граматыка беларускай мовы : марфалогія : ухвалена Мэтадкамам для настаўнікаў, педтэхнікумаў і самаасветы / Язэп Лёсік. — Менск : Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1927. — 190 с.

Кніга ў бібліятэцы Поўны тэкст

1921–1930 : Зборнік твораў / Язэп Лёсік. — Мінск : Логвінаў, 2003. — 395 с. — Да 120-годдзя Я. Лесіка.

Кніга ў бібліятэцы

Спасылкі

Біябібліяграфічны паказальнік у рэпазіторыі бібліятэкі.

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля