Polyhistor, Rerum toto Orbe Memorabilium Thesaurus Locupletissimus
Нягледзячы на тое, што пра саму постаць Гая Юлія Саліна нам вядома няшмат, але ягоная творчасць пакінула нам многа цікавостак.

Гай Юлій Салін быў рымскім пісьменнікам, граматыкам, географам і кампілятарам, чыя творчая дзейнасць дасягнула росквіту ў пачатку ІІІ-га стагоддзя н.э. Салін быў аўтарам трактату «De mirabilibus mundi» («Цуды свету»), які распаўсюджваўся як пад назвай «Collectanea rerum memorabilium» («Калекцыя цікавостак»), так і пад назвай «Polyhistor» («Шматапісальны» альбо «Шмат гісторычны»). Сам Гай Юлій Салін назваў свой твор «Polyhistor, Rerum toto Orbe Memorabilium Thesaurus Locupletissimus» («Шматапісальныя, найбагацейшыя скарбы памятных рэчаў ва ўсім свеце»).




У Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваецца базэльскае выданне друкарскага дома Яна Бебеля (пра гэта сведчыць клеймо з відарысам пальмы «PALMA BEB.») «Polyhistor, Rerum toto Orbe Memorabilium Thesaurus Locupletissimus», падрыхтаванае да друку Майклам Ізінгрыніем і Генры Пітэрам са шматлікімі заўвагамі і пазначэннямі Себасцьяна Мюнстэра, якія карэктуюць тэкст Саліна новай геаграфічнай і гістарычнай інфармацыяй.




У дачыненні да мастацтва друку адзначым, што кніга ўтрымлівае 18 гравюраў з тапаграфічнымі выявамі, 2 з якіх – раскладныя мапы, зробленыя на дрэве (ксілаграфія). Сярод іх вылучаюцца шматлікія вытанчаныя гравюры ініцыялаў розных памераў, як дэкаратыўных, так і гістарычных. Так напрыклад, ініцыял літары «С» падаецца ў выглядзе Адама і Евы, выгнаных з Раю.

Асаблівасцю экзэмпляра ЦНБ НАН Беларусі з’яўляецца тое, што «Polyhistor, Rerum toto Orbe Memorabilium Thesaurus Locupletissimus» Гая Юлія Саліна сшыты разам з «Strabonis Geograficorum lib. XVII» («XVII Геаграфічная кніга Страбона») 1539 г. Таксама маецца мастацкая вокладка з відарысамі расліных арнаментаў, святых і манаршых асоб. Кнігі былі аб’яднаны па тэматычнаму прызнаку (абедзве кнігі прысвечаны геаграфічнаму апісанню) і змешчаны пад адной вокладкай у 1540 г.


Неабходна акрэсліць і асаблівасці мовы Саліна. Твор, напісаны на вельмі «манернай латыні», уяўляе сабой усяго толькі кампіляцыю шматлікіх прац іншых антычных пісьменнікаў. Большая частка ўзята з натуральнай гісторыі Плінія і геаграфіі Пампонія Мэла. Паводле нямецкага гісторыка Тэадора Момзена, Салін абапіраўся на хроніку Карнэлія Бокха, а таксама на «Chorographia pliniana» (увасабленне працы Плінія з дапаўненнямі, зробленымі прыкладна ў часы Адрыяна і Гая Святонія). Моцна перапрацаваная версія арыгінальнага тэксту Гая Юлія Саліна была зроблена, магчыма, самастойна. Гэтая версія змяшчае ліст, які Салін напісаў у якасці ўвядзення да працы, дзе ён і назваў яе «Polyhistor». Гэтая назва спарадзіла блытаніну і «Polyhistor» часта выкарыстоўвалі як імя самога аўтара, а не назву твора. Сам Салін перапісваў са сваіх крыніц урыўкі тэкстаў, выбіраючы перш за ўсё тыя, што змяшчалі апісанне розных дзівосных рэчаў.

На пачатку твора змяшчаецца ўзгадванне нейкага Адвента, якому Салін прысвячае працу. Сёння ўзгаданая постаць суадносіцца з Аклацініем Адвентам, рымскім консулам у 218 г. н.э.
Твор уяўляе сабой апісанне цікавостак у хараграфічных межах. Мэта аўтара – даць займальнае чытанне адукаванай публіцы, таму яго ўвага звернута на рознага роду рарытэты і кур’ёзы сярод людзей, жывёл, раслін і мінералаў.
Пачынаецца твор Саліна з абмеркавання гісторыі Рыма ад яго вытокаў да прынцыпата Аўгуста. Затым даследуюцца Італія, Грэцыя, рэгіёны вакол Чорнага мора, Германія, Галія, Брытанія і Іспанія. Затым ідуць правінцыі Афрыкі, і апісанне працягваецца Аравіяй, Малой Азіяй, Індыяй і Парфянскай імперыяй.



Варта адзначыць, што менавіта ў Саліна ўпершыню з’яўляецца тэрмін Міжземнае мора (лац. «Mare Mediterraneum»). Разам з гэтым, у працы прысутнічае мноства памылак як геаграфічных, так і гістарычных. Спасылкі на Саліна сустракаюцца ў сачыненнях Сервія, Аўгустына, Марцыяна Капэлы, Прысцыана, Ісідора і інш.




Цудоўная тэма кнігі і яе вельмі абмежаванае пашырэнне ў параўнанні з творамі Плінія Старэйшага абумовілі яе поспех у Сярэднявеччы з некаторымі перапрацоўкамі, з якіх, у прыватнасці, мы ўзгадваем тыя, што ў гекзаметрах традыцыйна прыпісваліся Тэадарыху і П’етра Дзьякану. Плёнам захаплення працай Гая Юлія Саліна у сярэднія стагоддзі таксама з’яўляецца роля, паралельная ролі Вяргілія ў «Боскай камедыі».
Матэрыял падрыхтаваны Радзівонам Коласам