Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Велікабрытаніі
15 студзеня 2020 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Велікабрытаніі», арганізаваная Брытанскім інстытутам міжнароднага і параўнальнага права сумесна з Нацыянальнай Акадэміяй Навук Беларусі пры падтрымцы Амбасады Велікабрытаніі ў Беларусі.
На пленарным паседжанні выступілі з дакладамі прафесар Колін Уільямс, навуковы супрацоўнік Кембрыджскага ўніверсітэта, акадэмік Аляксандр Лукашанец, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Дыскусіі адбыліся ў рамках трох напрамкаў:
- Праблема забеспячэння рэалізацыі дзяржаўнага двухмоўя.
- Юрыдычныя гарантыі забеспячэння дзяржаўнага двухмоўя.
- Практычная рэалізацыя дзяржаўнага двухмоўя.
Сярод гасцей канферэнцыі – Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Злучанага Каралеўства Велікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Жаклін Перкінс, якая з задавальненнем прыняла прапанову азнаёміцца з асобнымі выданнямі з фонду аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.
Спадарыні паслу дэманстраваліся рэдкія і ўнікальныя кніжныя помнікі, якія захоўваюцца ў бібліятэцы. Сярод іх: Берасцейская Біблія 1563 г., сапраўдны помнік мастацтва друкароў Вялікага княства Літоўскага; «Напрастольнае Евангелле», асобнік XX ст. з сярэбраным акладам. Таксама спадарыня Перкінс мела магчымасць азнаёміцца з адной з інкунабул – «Хроніка Гартмана Шэдэля» (1493 г.). Ёй былі прадстаўлены англійскія выданні Уільяма Шэкспіра, прыжыццёвыя выданні шматлікіх аўтараў XVII-XVIII стст.
Асаблівую цікавасць выклікала калекцыя пергаментных рукапісных грамат XV-XVI стст., сярод якіх знаходзіцца нават «Прывілей караля Сігізмунда I, які пацвярджае права на валоданне рознымі зямельнымі надзеламі, якая была выдана Яну Івачковічу».
Да мерапрыемства Бібліятэка таксама падрыхтавала кніжную выставу «Праблемы беларуска-рускага двухмоўя», на якой дэманстраваліся выданні супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і іншых ўстаноў. Сярод выданняў – аўтарскія і калектыўныя манаграфіі, слоўнікі, даведнікі, падручнікі, артыкулы, выдадзеныя ў розныя часы, але ўсе яны прысвечаны пытанням даследаванне дзвюх дзяржаўных моў Беларусі – беларускай і рускай – на розных моўных узроўнях.
Неабходнасць забеспячэння існавання канстытуцыйна замацаванага дзяржаўнага беларуска-рускага двухмоўя ў краіне садзейнічае бесканфліктнаму функцыянаванню моўнай сферы жыцця грамадства Беларусі, а таксама пашырэнню грамадскай значнасці беларускай мовы як мовы тытульнай нацыі. Частка выданняў асвятляе тыпалогію двухмоўя і шматмоўя на прыкладзе розных краін свету, таксама прапануецца аналіз сучаснай моўнай сітуацыі ў Беларусі і інфармацыя аб выкарыстанні білінгвамі – жыхарамі Беларусі рускай і беларускай моў у розных сферах грамадскага жыцця.