Праект «Колас у сэрцы» ў гонар 135-годдзя Якуба Коласа
Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, 1882—1956) – народны беларускі паэт («Дзядзька Якуб»), а таксама празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч. Паўнавартаснае грамадска-культурнае жыццё нашай краіны сёння цяжка ўявіць без творчых здабыткаў аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры, юбілей якога адзначаецца ў гэтым годзе. Чаго толькі вартыя ўлюбёна-песенная «Новая зямля», лірычна-лагодны «Сымон-музыка», алегарычна-ўдумлівыя «Казкі жыцця» і многія іншыя коласаўскія творы, якія з’яўляюцца нашым нацыянальным гонарам і агульнай духоўнай скарбніцай…
Юбілей Коласа ў лістападзе, а пачынаем весці гаворку пра яго зараз, на пачатку года. Чаму так? І чаму менавіта Колас у нашым сэрцы?
А таму, што Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальная акадэміі навук Беларусі з гонарам носіць імя народнага паэта Беларусі, акадэміка, віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР Якуба Коласа.
Калі 50 гадоў таму адчыніліся дзверы новага будынка бібліятэкі, пачэснае месца на першым паверсе было адведзена для мармуровага бюста Якуба Коласа — работы вядомага беларускага скульптара Сяргея Селіханава.
І зараз «Дзядзька Якуб» першым сустракае кожнага чытача разам з персанажамі сваіх твораў, таму што сцены хола бібліятэкі ўпрыгожаны барэльефамі з іх выявамі.
Даведка:
Сяргей Іванавіч Селіханаў (8 сакавіка 1917, Петраград — 28 верасня 1976, Мінск) —беларускі скульптар, народны мастак БССР.
Найвышэйшае творчае дасягнення Сяргея Селіханава — скульптурная кампазіцыя «Няскораны чалавек» ў сусветна вядомым мемарыяльным комплексе Хатынь (1969 г.), за якую аўтар ганараваны Ленінскай Прэміяй. Постаць мужчыны з забітым хлопчыкам на руках — асноўны элемент Мемарыяла — сімвал мужнасці і непакорлівасці беларускага народа. Скульптар Селіханаў стварыў галерэю герояў грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, выбітных дзеячоў культуры і мастацтва Беларусі, прадстаўнікоў гарадоў і вёсак.
Пазіравалі яму паэты Якуб Колас і Янка Купала.
Сяргей Селіханаў адносіцца да старэйшага пакалення беларускіх скульптараў. Ён увайшоў у чацвёрку самых вядомых скульптараў, сярод якіх Андрэй Бембель, Заір Азгур, Аляксей Глебаў.
Зараз мы знаходзімся у працэсе пошуку цікавага матэрыялу, малавядомых фактаў і артэфактаў з жыцця вядомага класіка. Вывучаем звесткі з дзённікавых запісаў, успамінаў родных і блізкіх Якуба Коласа, правяраем дакладнасць інфармацыі па кніжных крыніцах. Карацей, пагружаемся ў бібліятэчнае расследаванне. І ёсць чым падзяліцца, пачынаючы з сённяшняга дня.
Таму стартуем! Усе матэрыялы і знаходкі будуць размешчаны на старонцы бібліятэкі ў Facebook.
Далучайцеся і сачыце! Няхай праект “Колас у сэрцы” падорыць хвіліны цеплыні і радасці ўсім, хто зацікавіцца!
Калі наша ідэя знойдзе водгук і ў вас, далучайцеся і рабіце публікацыі з хэштэгам #КоласУсэрцы. Давайце разам ізноў адкрыем для сябе Коласа як чалавека і як творцу, чыя спадчына, як зерне, захоўваецца і прарастае ў нашых сэрцах!