Прэзентацыя 100-томнага праекта “Беларускі кнігазбор”
13 снежня ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася не проста ўрачыстасць з нагоды выхаду сотага тома кніжнай серыі “Беларускі кнігазбор”, а, па словах удзельнікаў мерапрыемства, сапраўднае свята нацыянальнай культуры. У імпрэзе прынялі ўдзел навукоўцы, пісьменнікі, прадстаўнікі ўніверсітэтаў, музеяў, культурныя і грамадскія дзеячы. Да віншаванняў аўтараў і укладальнікаў 100-томнага праекта далучыліся кіраўніцтва Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага інстытута адукацыі, іншыя ганаровыя госці.
Прывітальныя словы даслалі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, дырэкцыя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, розныя замежныя ўстановы і ўкладальнікі кніг праекта “Беларускі кнігазбор”, якія працуюць за межамі Беларусі.
Сваім выступленнем імпрэзу распачаў акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі А. А. Каваленя. Ён адзначыў вялікую важнасць праекта для беларускай культуры.
Серыя распрацавана ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі (зараз – Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі), а з 2008 г. да ажыццяўлення праекта далучылася акадэмічнае выдавецтва “Беларуская навука”. Дзякуючы сумесным намаганням, убачылі свет яшчэ больш за трыццаць кніг, у тым ліку і 100-ы юбілейны том “Беларускага кнігазбору” – “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Выбраныя творы”.
Прысутныя мелі магчымасць з першых вуснаў даведацца пра гісторыю фундаментальнага праекта. Сваімі ўспамінамі падзяліліся заснавальнікі серыі Кастусь Цвірка і Генадзь Вінярскі, а таксама ўкладальнік кніг серыі, у тым ліку і 100-га юбілейнага тома, Язэп Янушкевіч.
Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі з нагоды мерапрыемства падрыхтавала кніжную выставу “Ад першага да сотага!”, на якой дэманстраваліся ўсе сто тамоў знакамітай серыі “Беларускі кнігазбор”.
Другая частка выставы была прысвечана працам Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, сярод якіх 18 тамоў з серыі “Залатая калекцыя беларускай літаратуры” (яшчэ адзін вялікі літаратурны праект, заснаваны Інстытутам), зборы твораў классікаў беларускай літаратуры І. Шамякіна, Я. Брыля, І. Навуменкі, Я. Янішчыц, калектыўныя манаграфіі па праблемах даследавання гісторыі беларускай літаратуры, а таксама кнігі вядомых вучоных-літаратуразнаўцаў, такіх як М. Мушынскі, В. Жураўлёў, У. Гніламедаў, М. Тычына, І. Саверчанка, Т. Голуб і інш.
На працягу вечара для гасцей гучала жывая музыка ў выкананні музычнай капэлы CANTUS ALBA RUTHENIAE (СПЕЎ БЕЛАЙ РУСІ) Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі пад кіраўніцтвам кандыдата мастацтвазнаўства, загадчыка аддзела музычнага мастацтва і этнамузыкалогіі Галіны Паўлаўны Цмыг.