Прэзентацыя кніг «Антон Луцкевіч. Беларуская граматыка. Вільня, 1916»
29 чэрвеня 2017 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася прэзентацыя двухтомнай працы вядомага аўстрыйскага даследчыка, славіста, беларусіста Германа Бідэра “Антон Луцкевіч. Беларуская граматыка. Вільня, 1916”, арганізаваная пад эгідай інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Прэзентуемая праца ўяўляе выданне і навуковую апрацоўку рукапіснай граматыкі беларускай мовы А.Луцкевіча, якая з’явілася ў Вільні ў 1916 г., але не была надрукавана.
Сёння замежная беларусістыка існуе ў многіх замежных цэнтрах. З’яўляюцца новыя фундаментальныя працы. У шэрагу даследчыкаў Герман Бідэр займае асобнае месца. Прафесар Інстытута славістыкі Венскага ўніверсітата Герман Бідэр шмат увагі надзяляў пытанням, звязаным з гістарычным лёсам, сацыялінгвістычнай сітуацыяй. Ён з’яўляецца адным з нешматлікіх даследчыкаў, які здолеў асэнсаваць складаны шлях развіцця беларускай мовы, зразумець той няпросты культурна-гістарычны фон, на якім развівалася і мацнела беларуская думка.
З гісторыяй распачынання працы ўсіх прысутных падчас прэзентацыі азнаёміў доктар філалагічных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік аддзелу славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Генадзь Апанасавіч Цыхун. Каштоўнасць выдання, па словах навукоўца, перш за ўсё ў тым, што дзякуючы яму мы атрымалі больш поўны гістарычны малюнак шляхоў фарміравання беларускай літаратурнай мовы.
Чалавек, непасрэдна знаёмы з Бідэрам, і які прысвяціў яму не адну публікацыю, – доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч падкрэсліў, што такіх грунтоўных прац у нас нямнога. “Семдзясят старанок пераўтварыліся амаль у тысячу старонак”, – адзначыў выступоўца.
Яшчэ адзін прадстаўнік кафедры гісторыі беларускай мовы беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, экс-старшыня міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Сяргей Мікалаевіч Запрудскі таксама быў знаёмы з Германам Бідэрам. Беларускі даследчык быў упаўнаважаны аўстрыйскім славістам передаць публічна інстытуту мовазнаўства асобнік сваёй працы.
Шмат увагі прысвяціла даследаванню пытанняў беларускай і нямецкамоўнай тэрміналогіі Кацярына Пятроўна Любецкая, загадчык кафедры рускай мовы як замежнай і агульнаадукацыйных дысцыплін беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У сваім выступленні яна выразіла меркаванне наконт таго, што ў выданні ёсць нішто яншае як выключная нагода звярнуць увагу, а можа нават пазнаёміць айчынных і замежных навукоўцай з вельмі значным перыядам у гісторыі фарміравання беларускай літаратурнай мовы.
Перад прысутнымі таксама выступіў дырэктар інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар Іван Васільевіч Саверчанка, які падкрэсліў важнасць таго, што замежныя вучоныя праяўляюць цікавасць да нашай спадчыны, культуры.
Нацыя можа лічаць сябе нацыяй, а дзяржава можа лічыць сябе дзяржавай толькі ў тым выпадку, калі яны маюць свой пераклад Бібліі. Гэта добра разумеў Антон Луцкевіч, які зрабіў пераклад Псалтыра і Новага Запавету на беларускую мову.
Па словах спецыяліста ў галіне перакладаў Бібліі на беларускую мову і даследавання рэлігійнай лексікі, загадчыцы кафедры беларускай і рускай моў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Ірыны Уладзіміраўны Будзько, прэзентуемая праца можа быць узорам метадалогіі, прыкладам апрацоўвання і аналізу тэксту з навуковага пункту гледжання. У сваім выступленні Ірына Уладзіміраўна прадставіла шмат цікавых доследаў, якія заўважыла падчас параўнання граматычнага матэрыялу, які Бідэр прадстаўляе ў першай частцы працы з перакладам Псалтыра Антона Луцкевіча. “Гэта тая праца, якая павінна быць актуальнай для нас, мы павінны ёю карыстацца і вучыць маладых даследчыкаў вось такому ўзорнаму навуковаму стылю”, – падкрэсліла даследчыца.
Сапраўды, даследаванне прафесара Германа Бідэра павінна быць цікавым усім тым, хто займаецца вывучэннем беларускай мовы і каму не абыякавы яе лёс.