Прэзентацыя кнігі «Г. З. Шкляр. Выбраныя працы. Моўная спадчына»
16 лютага 2021 г. у рамках Тыдня роднай мовы ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі «Г. З. Шкляр. Выбраныя працы. Моўная спадчына», падрыхтаванай Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа і Кастрамскім дзяржаўным універсітэтам.
Гэтае комплекснае выданне змяшчае выбраныя працы Герцаля Залманавіча Шкляра – вучонага-лінгвіста, які працаваў у Акадэміі навук Беларусі ў 30‑я гады ХХ ст. і зрабіў істотны ўклад у беларускае мовазнаўства і гебраістыку ў 1930‑я гады, у расійскую лінгвістыку ў 1940–1950‑я гады.
Аўтар кнігі і вядучая прэзентацыі кандыдат філалагічных навук Вераніка Мікалаеўна Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, падзялілася гісторыяй асабістага знаёмства з імем Г. З. Шкляра, дзякуючы якой пазней узнікла ідэя стварэння сумеснага праекта. Ён і быў ажыццёўлены ў рамках міжнароднага навуковага супрацоўніцтва на падставе дамовы, заключанай паміж Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Кастрамскім дзяржаўным універсітэтам.
Да прэзентацыі праз Zoom далучыўся Кастрамскі дзяржаўны ўніверсітэт у асобе рэктара А. Р. Навумава, выкладчыкаў і сааўтараў кнігі Н. С. Ганцоўскай і Г. Д. Няганавай.
Імя Герцаля Залманавіча Шкляра з’яўляецца фактычна невядомым у беларускім мовазнаўстве. У Беларусі яго, магчыма, ведалі або ведаюць толькі тыя, хто цікавіцца гебраістыкай у галіне лексікаграфіі. Якраз у гісторыю беларускай яўрэйскай лексікаграфіі Г. З. Шкляр увайшоў як аўтар «Яўрэйска-рускага слоўніка», выдадзенага ў суаўтарстве з С. Л. Рохкінд у 1941 г. у АН БССР у тагачасным Інстытуце мовы і літаратуры. Працы, створаныя даследчыкам у галіне беларускага мовазнаўства, не ўзгадваюцца ні ў бібліяграфічным указальніку «Беларускае мовазнаўства (1825–1965)», ні ў беларускіх універсальных энцыклапедыях або спецыяльных даведніках пра айчынных мовазнаўцаў, у тым ліку і больш позніх па часе выданнях. Вельмі сціслая інфармацыя пра вучонага змяшчаецца ў Расійскай яўрэйскай энцыклапедыі, дзе звесткі пра яго датычацца толькі публікацый па яўрэйскай праблематыцы.
Яшчэ адной з прычын, якая, на думку аўтара Веранікі Курцовай, мабыць, паспрыяла забыццю імя Г. З. Шкляра ў беларускім мовазнаўстве, стала яго навукова-даследчая дзейнасць у пасляваенны час. Даследчык быў звязаны з расійскім мовазнаўствам, у якое, а ў першую чаргу ў рускую дыялекталогію, ён зрабіў дастаткова важны ўнёсак. Асабліва неацэнны ўклад лінгвіста ў гісторыю стварэння Дыялекталагічнага атласа рускай мовы (ДАРМ). Пад кіраўніцтвам выкладчыка Кастрамского настаўніцкага (у наступным педагагічнага) інстытута былі праведзены чатыры дыалекталагічныя экспедыцыі. Час выкладчыцкай працы ў Кастрамскім інстытуце адметны таксама тым, что Г. З. Шкляр падрыхтаваў новае, тэматычна не звязанае з папярэдняй кваліфікацыйнай працай дысертацыйнае даследаванне «Польские элементы в современном белорусском языке».
Беларускі перыяд навуковай дзейнасці Г. З. Шкляра найперш звязаны з Беларускай акадэміяй навук (пазней АН БССР). Гэта было сталае месца працы лінгвіста, хоць ён таксама па сумяшчальніцтве працаваў у Мінскім педагагічным інстытуце (1934–1936) і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (1934–1941).
Праца ў Акадэміі была досыць плённай для Г. З. Шкляра. У гэты час мовазнаўца прымаў удзел у напісанні двух падручнікаў па беларускай мове для вышэйшай школы – «Сінтаксіс беларускай мовы» і «Курс сучаснай беларускай мовы». Некалькі досыць аб’ёмных артыкулаў было надрукаванна ў часопісе «Лінгвістычны зборнік», што выдаваўся ў Беларускай акадэміі навук.
Прэзентаваная кніга – вынік супольнай працы і агульнай зацікаўленасці ў яе з’яўленні выкладчыкаў Кастрамского дзяржаўнага ўніверсітэта і супрацоўнікаў Інстытута моваўнаўства імя Якуба Коласа В. М. Курцовай і І. Л. Капыловым.
Да рэалізацыі праекта далучылася Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі, супрацоўнікамі якой былі адсканаваны матэрыялы рэдкіх і маладаступных сёння выданняў падручнікаў «Сінтаксіс беларускай мовы» і «Курс сучаснай беларускай мовы».
Гаварыць пра ўклад Г. М. Шкляра ў нацыянальную навуку, як і проста пра яго лёс, было б таксама немагчыма без архіўных дакументаў, якія ў невялікай колькасці, аднак захаваліся як біяграфічныя факты-расповеды пра навуковае жыццё лінгвіста. Супрацоўнікі Цэнтральнага навуковага архіва НАН Беларусі адфатаграфавалі наяўныя ў справе Г. З. Шкляра артэфакты і даслалі іх для працы. Важны ўнёсак у пошукі дакументальнай спадчыны даследчыка зрабілі супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Яны знайшлі ў музейных архіўных сховах ліст Г. З. Шкляра, напісаны ў час вайны (май 1943 г.) віцэ-прэзідэнту АН БССР Якубу Коласу, у якім адрасант расказвае пра свае навуковыя заняткі.
Усім пералічаным вышэй установам і іх супрацоўнікам, а таксама выдавецтву «Беларуская навука» В. М. Курцова выказала словы шчырай падзякі.
Аўтары спадзяюцца, што кніга знойдзе свайго дасціпнага чытача, які зоймецца новымі даследаваннямі, заахвоціцца да эўрыстычных пошукаў у галіне нашай навукі і зробіць аб’ектыўную, непрадузятую ацэнку працы папярэднікаў, а маладымі даследчыкамі будуць раскрыты лексікаграфічныя таямніцы 1930‑х гадоў.