Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Прэзентацыя кнігі ўспамінаў пра Пятра Фёдаравіча Лысенку

19 студзеня 2024 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася прэзентацыя кнігі ўспамінаў пра Пятра Фёдаравіча Лысенку – «Скарбаў падземных шчаслівы шукальнік». 

Кніга прысвечана памяці выдатнага беларускага вучонага-археолага П.Ф. Лысенкі. Адкрыццё, археалагічнае даследаванне і музеефікацыя старажытнага Бярэсця паставілі яго імя побач з імёнамі самых знакамітых гісторыкаў свету.

Ва ўтульнай зале бібліятэкі адбылася сустрэча калег і сваякоў Пятра Фёдаравіча Лысенкі, аўтараў прэзентуемага выдання.

Адкрыла імпрэзу вучоны сакратар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Наталля  Юр’евна Перавалава. 

З прывітальным словам выступіў укладальнік кнігі, член-карэспандэнт НАН Беларусі Сцяпан Сцяпанавіч Лаўшук. Ён адзначыў, што многімі бліскучымі навуковымі адкрыццямі Пятро Фёдаравіч Лысенка абяссмерціў сваё імя. Адно толькі «Бярэсце» прынесла яму па-сапраўднаму заслужаную сусветную навуковую вядомасць і славу. Сцяпан Сцяпанавіч распавёў гісторыю знаёмства з Пятром Фёдаравічам. Яно адбылося дзякуючы Уладзіміру Караткевічу, які даваў характарыку Лысенку, кажучы, што «гэта глыба». Сцяпан Сцяпанавіч выказаў надею, што дадзеная кніга з’яўляецца першай, але не апошняй спробай прэзентаваць чытачу–сучасніку асноўныя вехі жыцця выдатнага чалавека, вучонага і грамадзяніна Пятра Фёдаравіча Лысенкі.

Удава Пятра Фёдаравіча Наталля Мікалаеўна Дубіцкая падзялілася цікавымі звесткамі пра яго маладосць і першыя крокі ў навуку. Са слоў Наталлі Мікалаеўны, падчас працы з найбольш аўтарытэтным беларускім археолагам Георгіем Васільевічам Штыхавым, той казаў маладому Лысенку: «Ты малады – ты мацуйся». Так палачанін Пятро Фёдаравіч стаў вывучаць Палессе, якое было ў той час мала даследавана, а палешук Георгій Васільевіч – Полацк. Узгадала Наталля Мікалаеўна пра прыхільнасць Пятра Фёдаравіча да кіравання матацыклам, на якім яе муж аб’ехаў усё Палессе, і які зараз захоўваецца ў Брэсцкай крэпасці.

Сын вучонага Фёдар Пятровіч Лысенка ўзгадаў, як уразіла яго – чатырохгадовага хлопчыка Акадэмія навук, калі ён упершыню ступіў на парог кабінета, дзе працаваў бацька. У 2004 годзе П.Ф. Лысенка ўпершыню ўзяў з сабой сына ў экспедыцыю на раскопкі гарадзішча старажытнага Турава. Фёдар Лысенка адзначаў арганізацыйны талент пры правядзенні раскопак свайго бацькі і яго здольнасць заўсёды даводзіць пачатую працу да канца, пры любых абставінах і ўмовах.

Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вадзім Леанідавіч Лакіза расказаў пра сваю гісторыю знаёмства з Пятром Фёдаравічам, якое адбылося падчас яго вучобы ва ў аспірантуры.  Узгадаў пра тое, што П.Ф. Лысенка ў далёкім 1962 годзе ў Тураве знайшоў 4 свінцовыя іконкі з вобразамі святых, у тым ліку Кіріла Тураўскага і як на працягу 50 гадоў Пётр Фёдаравіч даказваў сваю ідэю важнасці для гісторыі беларускай дзяржаўнасці аднаўлення Тураўскага крыжа. І даказаў, бо хто шукае, той заўсёды знойдзе! Вадзім Леанідавіч выказаў спадзяванне, што музей у Бярэсці будзе насіць імя Пятра Фёдаравіча Лысенкі.

Загадчык Цэнтра гісторыі Беларусі канца XVIII–XXI стагоддзяў Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук Мікалай Уладзіміравіч Смяховіч адначыў, што Пётр Фёдаравіч заставаўся сціплым і абаяльным чалавекам, але цвёрда гнуў сваю лінію і, калі яны з ім спрачаліся, то прыходзілі да агульнага меркавання, бо ў спрэчцы нараджаецца ісціна. 

Цёплыя словы пра Пятра Лысенку гучалі і ад акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, акадэміка Аляксандра Аляксандравіча Кавалені. Ён выказаў меркаванне, што ў навуцы не можа быць выпадковага чалавека, і Пётр Фёдаравіч не быў выпадковым, ён усяго сабе аддаваў навуцы, нягледзячы на бязмерную любоў да сям’і, сына. 

Аляксандр Аляксандравіч падзякаваў бібліятэку за супрацоўніцтва. 

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі IX–XVIII стагоддзяў і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук Андрэй Анатольевіч Мяцельскі з цеплынёй узгадаў пра тое, што менавіта дзякуючы Лысенку, ён паступіў у аспірантуру. Таксама ён адзначыў, што галоўны даследчык старажытнасцяў Тураўскай зямлі – Пятро Фёдаравіч Лысенка шмат зрабіў для вывучэння яе мінулага і папулярызацыі яе гісторыі.

Добрымі ўспамінамі падзяліўся вучоны-археолаг, які вывучае матэрыяльную культуру гарадоў Беларусі Х–ХVІІІ стст., Леанід Уладзіміравіч Калядзінскі. Дзякуючы таму,  што с Пятром Фёдаравічам ён правёў тры палявых сезоны, пазнаў усе архэалагічныя працы – ад разбіўкі раскопу да нанясення на план драўляных канструкцый. 

Загадчык Цэнтра археалогіі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук Аляксей Міхайлавіч Аўласовіч выказаў меркаванне пра тое, што навуковец працягвае жыць у сваіх працах і вучнях. А кніга ўспамінаў падкрэслівае маштаб асобы выдатнага вучонага Пятра Лысенкі.

Да імпрэзы супрацоўнікамі бібліятэкі была падрыхтавана выстава «Пётр Федаравіч Лысенка (1931–2020) – археолаг, доктар гістарычных навук, прафесар. Выбраныя працы». У экспазіцыі былі прадстаўлены асноўныя вынікі навукова-даследчай дзейнасці П. Ф. Лысенка. Гэта вядомыя манаграфіі «Древнейшие города Белоруссии» (1966), «Сказание о Турове» (2006), «Материальная культура городов Туровской земли (X—XIII вв.)» (2020) і  шматлікія артыкулы, апублікаваныя ў часопісах і зборніках за перыяд з 1965 па 2020 гг. 

Адзін з раздзелаў выставы больш падрабязна знаёміць з біяграфіяй, жыццём і дзейнасцю вучонага.

Выстава працягне сваю працу ва ўніверсальнай чытальнай зале да 2 лютага 2024 года.

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля