Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Прэзентацыя кнігі «Жыватворная спадчына»

22 чэрвеня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася ўрачыстая імпрэза, прысвечаная прэзентацыі кнігі “Жыватворная спадчына”, аўтарам якой з’яўляецца вядомы беларускі літаратуразнавец, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, кавалер медаля Францыска Скарыны Вячаслаў Антонавіч Чамярыцкі.

ЦНБ НАН Беларуси

Прэзентаваная кніга сабрала лепшыя здабыткі навуковых дасягненняў за многія гады, якія Вячаслаў Антонавіч прысвяціў вывучэнню старажытнага беларускага пісьменства, беларускай літаратуры і гісторыі. Гэта значны ўклад у развіццё сучаснай беларускай навукі.

ЦНБ НАН Беларуси

Ад імя бібліятэкі шчырыя словы ў адрас аўтара выказаў дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі Аляксандр Іванавіч Груша. Ён выразіў перакананне ў тым, што кніга знойдзе вялікую колькасць зацікаўленых чытачоў, паколькі з’яўляецца трывалым умацаваннем пазіцый таго навуковага кірунку, у якім працуе аўтар. “У часы сваёй маладосці, сваіх студэнцкіх, аспіранцкіх гадоў, я ўвесь час сустракаўся з публікацыямі Вячаслава Антонавіча. У маім развіцці, як навуковым, так і асабістым, яго працы значна паўплывалі на мяне сваім шчырым стаўленнем да мінулага”, – адзначыў Аляксандр Іванавіч. Немалаважным з’яўляецца і той факт, што у бібліятыцы ёсць пастаянная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі стварэння навуковай бібліятэкі, у галоўнай частцы якой знаходзіцца плакат з фотаздымкам віноўніка ўрачыстасці. Гэта было адзначана дырэктарам і выклікала здзіўленне ў аўтара і публікі.

ЦНБ НАН Беларуси

У сваю чаргу, Вячаслаў Антонавіч Чамярыцкі выразіў удзячнасць усім, хто прыйшоў на мерапрыемства з нагоды выхаду кнігі. Сам навуковец адзначыў, што гэта вынік яго паўвекавых заняткаў. Кніга дае ўяўленне той разнабаковасці спадчыны, якой займаўся Вячаслаў Антонавіч. Яна прасякнута цікавымі матэрыяламі, рознымі думкамі, гіпотэзамі. “Я, напрыклад, нават перакананы ў тым, што ў Навагрудку першымі князямі былі не Міндоўг і Войшалк, а амаль за сто гадоў раней быў валадар Глебавіч, унук Усяслава Чарадзея”, –падзяліўся сваімі меркаваннямі Вячаслаў Антонавіч.

Да мерапрыемства супрацоўнікамі бібліятэкі была падрыхтавана прэзентацыя, аснову якой склалі фотаздымкі аўтара з сямейнага альбома, аўтографы Рыгора Барадуліна, Дзмітрыя Ліхачова, Радзіма Гарэцкага, віншаванне з паспяховай абаронай дысертацыі ад Уладзіміра Караткевіча і інш. Вячаслаў Антонавіч з задавальненнем даносіў да ўсіх прысутных успаміны свайго мінулага і ўносіў цікавыя каментарыі ў адлюстраваныя на экране фотаздымкі.

ЦНБ НАН Беларуси

Акрамя таго, дэманстравалася выстава выбраных прац Вячаслава Антонавіча Чамярыцкага, сярод якіх і першая аўтарская манаграфія “Беларускія летапісы як помнікі літаратуры” (1969), і такое вядомае выданне як “Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры: у 2 т.” (суместна з Ю. Пшырковым, М. Прашковічам, 1968).

Вельмі часта В.Чамярыцкі выступаў суаўтарам калектыўных зборнікаў, слоўнікаў, энцыклапедый, перакладчыкам і каментатарам даўніх тэкстаў, укладальнікам анталогій, аўтарам падручнікаў, навуковым кансультантам, рэдактарам. Найбольш цікавыя выданні былі прадстаўлены перад публікай. Сярод іх вылучаецца праца В. Чамярыцкага ў суаўтарстве з М. Улашчыкам над выданнем “Полного собрания русских летописей”, а дакладней падрыхтоўка 32 і 35 тамоў, якія былі прысвечаны даследаванням мясцовага летапісання Беларусі XVII-XVIII стст. У прыватнасці, менавіта ў гэтым выданні адбылася першая публікацыя “Магілеўскай хронікі”.

На выставе былі прадстаўлены і сучасныя перавыданні старабеларускіх тэкстаў і хронік. Напрыклад, “Летапісы і хронікі Вялікага Княства Літоўскага, XV—XVII стст.” (2015), падрыхтаваныя да друку Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Вячаслаў Чамярыцкі выступае адным з укладальнікаў, рэдактарам, аўтарам прадмовы, каментатарам тэкстаў.

В.Чамярыцкі зрабіў таксама значны ўнёсак і ў сучасную Скарыніяну: аўтар выдання “Беларускі тытан эпохі адраджэння : (да 500-годзя з часу нараджэння Францыска Скарыны) (1990), ён прымаў удзел і ў выданні такіх кніг як “Скарына і яго эпоха” (1990), “Творы : прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Францыск Скарына” (1990), “Францыск Скарына – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар / Г. Я. Галенчанка” (1993) і многіх іншых.

ЦНБ НАН Беларуси

Па тых артыкулах, якія змешчаны ў прэзентаванай кнізе, можна вывучаць не толькі беларускую літаратуру і беларускую гісторыю, але і беларускую навуку. І шмат гадоў побач з Вячаславам Антонавічам працаваў доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Уладзімір Васільевіч Гніламёдаў. У сваім выступленні ён расказаў гісторыю знаёмства з Вячаславам Антонавічам і адзначыў, што ў мінулым шмат узяў ад Вячаслава Антонавіча ў сэнсе павышэння сваёй культуры і інтэлектуальнага ўзроўню, за што і выразіў яму ўдзячнасць.

ЦНБ НАН Беларуси

На мерапрыемстве таксама прысутнічаў беларускі пісьменнік, літаратуразнавец Міхась Аляксандравіч Тычына. Ён звярнуў увагу прысутных на тое, што Вячаслаў Антонавіч – не толькі таленавіты вучоны, які выдаў кнігу даўжынёю ў жыццё, але яшчэ і асаблівы чалавек. Ён заўсёды умее слухаць і даваць парады, падказкі.

ЦНБ НАН Беларуси

Сярод гасцей прысутнічала яшчэ адна знакавая ў гістарычнай і літаратуразнаўчай навуцы фігура – доктар гістарычных навук Георгій Якаўлевіч Галенчанка. Па яго словах, кніга Вячаслава Антонавіча – гэта тое, на што замахнуўся сам аўтар і над чым яшчэ трэба працаваць, таму пажадаў віноўніку ўрачыстасці моцы і натхнення для далейшай працы.

ЦНБ НАН Беларуси
ЦНБ НАН Беларуси

Шмат шчырых слоў удзячнасці прагучала ў адрас Вячаслава Антонавіча ад яго вучняў. Яны дзяліліся ўспамінамі пра супольныя працы, пра турботнае стаўленне да іх з боку настаўніка, пра цёплую атмасферу, якая заўсёды панавала ў іх калектыве дзякуючы віноўніку імпрэзы.

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля