Прэзентацыя рамана-эпапеі Мухтара Аўэзава «Шлях Абая»
22 снежня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася ўрачыстая прэзентацыя рамана-эпапеі Мухтара Аўэзава «Шлях Абая» у перакладзе на беларускую мову. Праца па перакладзе кнігі адбывалася па замове Пасольства Казахстана ў Рэспубліцы Беларусь. Усе чатыры тамы рамана-эпапеі пабачылі свет у 2021 годзе.
Знаёмства з бібліятэкай прадстаўнікоў дыпміссіі Казахстана да пачатку імпрэзы пачалося з экскурсіі ў аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў.
У мемарыяльным кабінеце Пятра Глебкі гасцям былі паказаны жамчужыны фондаў нашай бібліятэкі: рэдкія кірылічныя выданні, кнігі з бібліятэкі несвіжскай ардынацыі Радзівілаў; а таксама і культурная спадчына беларускіх татараў: кітабы і Каран.
У сваю чаргу Пасольствам Казахстана была арганізавана выстава нацыянальных казахскіх вытворчасцяў: куфры, дываны і г.д.
Усе ўдзельнікі прэзентацыі змаглі акунуцца ў атмасферу нацыянальнага каларыту, самабытнасці казахскага народа, яго культуры. У экспазіцыі былі прадстаўлены і кнігі, пачэснае места сярод іх займалі чатыры тамы рамана-эпапеі Мухтара Аўэзава «Шлях Абая» (на беларускай мове).
Мерапрыемства аб’яднала аматараў не толькі розных культур, але людзей, якія годна ставяцца да сусветнай літаратурнай спадчыны.
Да прэзентацыі супрацоўнікамі бібліятэкі таксама была падрыхтавана кніжная выстава, якая знаёміць з творчасцю Абая Кунанбаева і літаратурай аб знакамітым паэце і асветніку. Другая частка выставы прысвечана аўтару эпапеі «Шлях Абая» Мухтару Аўэзаву.
Бібліятэка мае некалькі перавыданняў рамана. На выставе прадстаўлена і літаратура пра сучасны Казахстан, гісторыю, культуру казахскага народа, беларуска-казахскія адносіны.
Імпрэза пачалася з мастацкага выканання традыцыйнага казахскага домбравага кюя. На гэтым нацыянальным інструменце віртуозна сыграў Куаныш Жаксылык, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.
З прывітальным словам выступіў дырэктар ЦНБ НАН Беларусі Аляксандр Іванавіч Груша, які адзначыў значнасць гэтага мерапрыемства і тое, як сёння дакрануліся адзін да аднаго культуры дзвух краін.
Вітаючы ўдзельнікаў прэзентацыі, Дарадца-пасланнік Пасольства Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Кайрат Аман выказаў упэўненасць у тым, што выданне рамана «Шлях Абая» стане яркай падзеяй грамадскага і культурнага жыцця Беларусі, якая дазволіць лепш даведацца і зразумець дружалюбны казахскі народ, яго краіну, гісторыю, вытокі духоўнасці і ментальнасць, паслужыць новай вехай у гісторыі казахстанска-беларускага культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва.
Дырэктар філіяла «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Іван Васільевіч Саверчанка падзяліўся ўражаннямі, якімі на яго зрабіла кніга. У сваёй прамове навуковец надаў увагу высокай мастацкай культуры слова Аўэзава як увасабленню нацыянальнай ідэі і душы.
Да ўдзельнікаў прэзентацыі звярнуліся Саюз літаратурных перакладчыкаў, а таксама Саюз пісьменнікаў Казахстана праз лісты, якія паступілі на адрас Пасольства. Іх змест быў напоўнены словамі падзякі і надзеяй на захаванне і памнажэнне існуючага культурнага супрацоўніцтва.
Перакладчык рамана-эпапеі «Шлях Абая» паэт, празаік Міхась Пазнякоў падзяліўся сакрэтамі прафесійнага майстэрства перакладу і адзначыў, што з пачатку працы над перакладам ён «знаходзіцца ў стэпе». Падкрэсліў і тое, што гэты твор ёсць увасабленне казахскай душы і ўяўляе важнасць для сусветнай літаратурнай спадчыны.
«Думаю, перакладчык перажывае яшчэ больш, чым аўтар, таму што трэба ўзважыць кожную літару і пабачыць тое, што схавана паміж радкоў, тое, што недагаворана», – заўважыў у сваім выступе М. Пазнякоў.
У ходзе прэзентацыі былі прадэманстраваны відэасюжэты, прысвечаныя жыццю і творчасці Абая Кунанбаева і Мухтара Аўэзава, гучалі вершы з рамана «Шлях Абая» у выкананні мастацкага кіраўніка і артысткі тэатра паэзіі Вольгі Багушынскай. Яе выступ атрымаўся вельмі эмацыйным і кранальным.
А дыпламат Пасольства Казахстана Манар Усенава прадэкламавала урывак з паэмы А.С. Пушкіна – ліст Таццяны да Анегіна ў перакладзе на казахскую мову паэта Абаем Кунанбаева.
Падчас прэзентацыі ўдалося стварыць вельмі сяброўскую і цёплую атмасферу ўзаемадзеяння паміж выступоўцамі і гледачамі.
Выхад у свет рамана-эпапеі Мухтара Аўэзава «Шлях Абая» у перакладзе на беларускую мову стаў значнай падзеяй ў культурным жыцці і ўсталяванні добрых адносінаў паміж Беларуссю і Казахстанам.