«Прыёмы цыркуля і лінейкі», 1709 г.
Працягваем візуальны праект да 100-годдзя з дня заснавання нашай бібліятэкі. Ён знаёміць вас з найбольш цікавымі экзэмплярамі, якія захоўваюцца ў ЦНБ НАН Беларусі.




Адной з самых ранніх кніг грамадзянскага шрыфта з’яўляюцца «Прiемы цiркуля i лiнеiкi iлi isбраннtiшое начало Во математiческiхъ iскуствахъ, iмже воsможмо легкiмъ i новымъ способомъ вскорt доступiтii sемлемtрiя, i iныхъ isъ онаго проiсходящiхъ iскуствъ» (далей «Прыёмы цыркуля і лінейкі»), надрукаваныя ў 1709 г.
Гэта трэцяе перакладное выданне працы Буркхарда фон Пюркенштэйна «Ertz-Hertzogliche Handgriffe des Zirkels und Lineals; oder auserwahlter Anfang zu denen mathematischen Wissenschaften» (1696), што перакладаецца як «Эрц-герцагскія прыёмы цыркуля і лінейкі, або Выбраныя пачаткі матэматычных навук...».




Пра самога аўтара «Прыёмаў цыркуля і лінейкі» – Антона Эрнста Буркхарда фон Пюркенштэйна звестак не шмат. Вядома, што ён быў настаўнікам геаметрыі ў сына імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі і караля Венгрыі Леапольда I – будучага імператара Іосіфа I. Каб малады чалавек не сумаваў (у год першага выдання падручніка Іосіфу споўнілася ўсяго восем гадоў), пад кожным геаметрычным чарцяжом у кнізе змяшчаліся гравюры з краявідамі.
Першае выданне працы Пюркенштэйна на рускай мове выйшла ў сакавіку 1708 г. Перакладчыкам па жаданні Пятра I выступіў яго паплечнік, дзяржаўны дзеяч, дыпламат, інжынер і вучоны Якаў Вілімавіч Брус. Яго імя было шырока вядома ў Эўропе. Астраном і матэматык, артылерыст і інжынер, батанік, мінералог, сфрагіст і географ, аўтар некалькіх і перакладчык шматлікіх твораў.




Пры перакладзе назва арыгінала была зменена. На тытульным лісце было напісана «Геометрия словенски землемерие», але ў той жа час на шмуцтытуле захаваны пераклад загалоўка арыгінала: «Прыёмы цыркуля і лінейкі...». Былі дададзены змест і прадметны паказальнік.
Не ўвайшлі ў перакладное выданне прадмова і гісторыя пра венгерскія крэпасці, якія намаляваны на чарцяжах.




Тыраж першага выдання «Геаметрыі» склаў усяго 200 экзэмпляраў, што не магло задаволіць усе патрэбы ў падручніку, таму ў тым жа 1708 г. было прынятае рашэнне аб другім выданні. Але дадзены варыянт не задаволіў Пятра I. Выданне нават не было скончана, а надрукаванае практычна поўнасцю знішчана. У цяперашні час вядома ўсяго два захаваліся асобнікі, абодва дэфектныя. Асобнікі знаходзяцца ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы і Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў.
Нягледзячы наняўдалае другое выданне, працы над падручнікам не спыніліся, і ў 1709 г. выйшаў трэці варыянт.






Ілюстратыўны матэрыял у разгляданым выданні мае свае асаблівасці: у пачатку кнігі чарцяжы размешчаны на старонках з тэкстам, а пасля 100‑й старонкі займаюць ужо ўсю старонку.
Кніга ў суцэльнаскуранай вокладцы эпохі, з цісненнем на карэньчыку. Мяркуючы па фізічным стане экзэмпляра, падручнік выкарыстоўваўся па прызначэнні і, хутчэй за ўсё, не адным уладальнікам: папера патрапана, у плямах, на форзацах і лістах шмат запісаў тыпу «проба пяра».
На прыкладзе «Прыёмаў цыркуля і лінейкі» можна вывучаць не толькі этап увядзення грамадзянскага шрыфта, але і яго люцыю, прасачыць, як на працягу нядоўгага часу мяняліся патрабаванні ў рамках гэтай рэформы. Разгледжаны намі экзэмпляр 1709 г. уяўляе цікавасць для гісторыкаў, бібліяфілаў і мастацтвазнаўцаў.




«Прыёмы цыркуля і лінейкі…» Антона Эрнста Буркхарда фон Пюркенштэйна 1709 гада выдання захоўваецца ў Цэнтры даследаванняў старадрукаў і рукапісаў.
Падрабязней з асаблівасцямі можна азнаёміцца ў навуковым выданні «Книги петровской эпохи (издания гражданской печати 1708–1725 гг.)». А таксама ў артыкуле В. Г. Навуменкі
Матэрыял падрыхтаваны Купцовай М. С.