Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Семінар “Пад знакам Перамогі: асобы, архівы, дакументальныя сведчанні”

На платформе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбыўся семінар “Пад знакам Перамогі: асобы, архівы, дакументальныя сведчанні”, прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, ‒ супольнае мерапрыемства акадэмічнай бібліятэкі і навукова-метадычнага часопіса “Роднае слова”.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуўся дырэктар ЦНБ НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі. Кіраўнік установы адзначыў, што гэта толькі адно з мерапрыемстваў, запланаваных бібліятэкай на юбілейны год: “Даклады ваеннай тэматыкі прагучалі на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Навука. Бібліятэка. Інфармацыя”, прымеркаванай да 100-годдзя нашай установы. У сакавіку мы прымалі выстаўку экслібрысаў і кніжнай графікі “Салют, Победа!” з Музея экслібрыса і мініяцюрнай кнігі Масквы. Ваенная тэмы была прастаўлена на пляцоўках нядаўняй “Бібліяночы”. Спіс мерапрыемстваў, запланаваных і рэалізаваных, можна доўжыць”.

У сваім пленарным выступленні Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Янкі Купалы, падрабязна спыніўся на тэме былых супрацоўнікаў установы – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, падмацаваў сваё выступленне відэапрэзентацыяй.

Наталля Шапран, галоўны рэдактар навукова-метадычнага выдання, азнаёміла прысутных з супольнымі медыйнымі праектамі бягучага года, адзначыла: “Пашырэнне вынікаў актуальных навуковых даследаванняў – першасная місія часопіса. Дзякуючы гэтаму штогод у зварот масіравана ўводзяцца здабыткі навуковых росшукаў і адкрыццяў, узбагачаецца летапіс беларускай культуры. У пераважнай большасці гэта адбываецца праз асэнсаванне архіўных матэрыялаў. Сёлета традыцыя супольных праектаў часопіса з установамі культуры і асветы набыла асаблівы архіўна-мемарыяльны водсвет”.

Мікалай Трус, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, сфакусіраваў увагу на этапах рэалізацыі праекта “Бібліятэка: акадэмічны фармат”, яго медыйнай падтрымцы рознымі СМІ рэспублікі. Лейтматыў Вялікай Перамогі быў падтрыманы ў дакладзе навуковага супрацоўніка Цэнтра Таццяны Жук “Дакументальныя сведчанні ваенных гадоў у архіўных зборах беларускіх пісьменнікаў”.

Загадчык навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Валянціна Кароткіна прадставіла этапныя вынікі медыйнага праекта “Лісты на шляхах Перамогі”.

Дзмітрый Самахвалаў, вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, ахарактарызаваў спецыфіку рэпрэзентацыі некаторых дакументаў у рамках рэалізацыі праекта “Асоба на архіўных старонках”.

З вялікай цікавасцю быў прыняты ўдзельнікамі семінара даклад дацэнта кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аксаны Бязлепкінай-Чарнякевіч “Творы пра Вялікую Айчынную вайну ў кантэксце нацыянальнага літаратурнага канона”.

Нечаканай фактаграфіяй уразіла прысутных выступленне супрацоўніка аддзела навукова-асветніцкай работы і маркетынгу Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Анастасіі Рубашнай “Страчаныя каштоўнасці: Лёс твораў беларускага мастацтва з нямецкага спісу 1942 года”, пабудаванае на выяўленых спікерам дакументах. Названая тэма распрацоўвалася ў рамках выкання супольнага праекта “Арт-лекторый”.

Эмацыйным і факталагічна багатым было выступленне Веранікі Курцовай, загадчыка аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, ‒ “Дыялектныя тэксты як комплексная навукова-інфармацыйная крыніца пра падзеі ваеннага часу”.

Семінар прайшоў у абстаноўцы зацікаўленага дыялогу, свабоднага абмену думкамі, вызначэння перспектыўнасці наступных этапаў выканання супольных праектаў.

Да семінара была падрыхтавана кніжная выстава “Подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны: да 80-годдзя Вялікай Перамогі”. Былі прадстаўлены выданні вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якія раскрываюць тэму Вялікай Айчыннай вайны і Перамогу савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, а таксама былі рэпрэзентаваны матэрыялы часопіса “Роднае слова”, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны.

Справаздачны матэрыял падрыхтаваў мадэратар семінара М.В. Трус.

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля