Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Генеалогія і сямейная гісторыя Беларусі : пытанні тэорыі і практыкі камплектавання, даследавання і выкарыстання архіваў асабістага паходжання

18 верасня 2025 г. у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася ІІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Генеалогія і сямейная гісторыя Беларусі: пытанні тэорыі і практыкі камплектавання, даследавання і выкарыстання архіваў асабістага паходжання”.

Падзея сабрала гісторыкаў, архівістаў, музеязнаўцаў, бібліятэкараў, краязнаўцаў з Беларусі і Расіі.

У пленарнай частцы адбыліся выступленні кандыдатаў гістарычных навук Вольгі Івановай (Беларускі дзяржаўны універсітэт), Піліпа Падбярозкіна і Вадзіма Урублеўскага (абодва – Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі). Галоўным чынам, паведамленні датычыліся тэорыі і практыкі выкарыстання асабістых архіваў, іх камплектавання, тэрміналогіі, ролі архівіста ў працэсе фарміравання архіўнай культуры, стварэння спрыяльных умоў для рэалізацыі права грамадзяніна на захаванне ўласнай памяці і перадачы гэтай памяці наступным пакаленням. Таксама ў пленарнай частцы прагучаў даклад Алены Уладзіміраўны Ярмошынай, загадчыцы аддзелам фондаў і абслугоўвання Бібліятэкі Расійскай акадэміі навук, якая распавяла пра генеалагічны патэнцыял асабістых і сямейных бібліятэк.

Секцыйныя даклады сфарміравалі тры тэматычных палі для выступленняў: “Асабістыя архівы: фарміраванне і патэнцыял”, “Сямейна-родавыя архівы і бібліятэкі як аснова для правядзення біяграфічных і генеалагічных даследаванняў”, “Справаводства дзяржаўных устаноў як аб’ект сямейна-гістарычных і генеалагічных даследаванняў”.

У кантэксце тэмы “Асабістыя архівы: фарміраванне і патэнцыял” адзначалася актуальнасць даследавання збораў фондаўтваральнікаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі, якія разглядаліся на прадмет трансляцыі камемаратыўных і аксіялагічных практык, генеалагічнага патэнцыялу. Увага слухачоў была таксама звернута на вопыт камплектавання і выкарыстання фондаў асабістага паходжання дзяржаўных абласных архіваў.

Патэнцыял сямейна-родавых архіваў прадэманстраваны на падставе мемуараў, аўтабіяграфій, фотаздымкаў, пасведчанняў і іншых матэрыялаў дваранскіх і сялянскіх архіваў, якія прадстаўлялі выступоўцы. Пры гэтым дзве калекцыі датычыліся непасрэдна радаводаў дакладчыкаў. Так, музеязнавец Наталля Мартынава прадэманстравала багацейшы збор дакументаў за апошнія 125 гадоў гісторыі роду Шпакавых з Віцебскага р-на, а краязнавец Таццяна Швядко правяла гісторыка-геналагічнае даследаванне на падставе матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і сямейнага архіва роду Мятліцкіх, адштурхоўваючыся ад аўтабіяграфіі дзеда Паўла Лявонавіча Мятліцкага, адшуканай у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.

Не менш плённай працай адзначыліся спікеры па тэматыцы справаводства дзяржаўных устаноў. Прагучалі даклады па генеалогіі і сямейнай гісторыі прадстаўнікоў этнаканфесійных супольнасцяў (татары і адыгі), сацыяльных катэгорый (выбранцы і патомныя дваране). Эксклюзіўнасцю адзначыўся даклад Канстанціна Карпекіна, супрацоўніка Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, прысвечаны радаводу абаронцы Брэсцкай крэпасці Яфіма Маісеевіча Фаміна, ураджэнца Лёзненскага р-на, даведзены да чацвёртага пакалення. Акрамя таго, архівіст распавёў перад удзельнікамі канферэнцыі пра запуск сістэмы адкрытага доступа да дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонда Беларусі, адзначыўшы асаблівасці яе выкарыстання.

На падвядзенні вынікаў канферэнцыі было заяўлена пра намер арганізатараў распачаць выпуск штогодніка “Біяграфіка і генеалогія Беларусі” з планамі аб уключэнні ў пералік Вышэйшай атэстацыйнай камісіі для публікацыі вынікаў дысертацыйных даследаванняў.

Матэрыял падрыхтаваны загадчыкам аддзела даследавання рукапісаў В.В. Урублеўскім

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля