Станіслаў Лем: да 100-годдзя з дня нараджэння
12 верасня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння выдатнага польскага пісьменніка, класіка навуковай фантастыкі Станіслава Лема (1921–2006).
У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з 20 мая працуе выстава “Шматгранны Лем”.
Апошнім часам склад экспазіцыі папоўніўся новымі выданнямі.
Незадоўга да 100-гадовага юбілею Станіслава Лема ЦНБ НАН Беларусі атрымала чарговы падарунак ад Віктара Язневіча – даследчыка і перакладчыка творчасці славутага польскага фантаста.
У гэтым годзе Віктар Іосіфавіч ужо прэзентаваў бібліятэцы кнігі з унікальнага ўласнага кнігазбору. Зараз В.І. Язневіч перадаў у дар ЦНБ НАН Беларусі яшчэ два выданні – “Станислав Лем Нон Фикшн. Библиография и персоналии” і “Станислав Лем в мире”.
Першае з выданняў уключае сусветветную бібліяграфію “нон фікшн” прац Станіслава Лема з дадаткамі: бібліяграфія вершаў, рукапісаў, адкрытых лістоў, мастацкай літаратуры, а таксама указальнікі выдавецкіх персаналій (сааўтары, перакладчыкі, рэдактары і інш.) і персаналій, што згадваюцца ў творах С. Лема.
У кнігу “Станислав Лем в мире” увайшлі выбраныя фрагменты твораў пісьменніка на розных мовах свету (усяго каля 60 моў). Гэта пераклады фрагментаў рамана ”Салярыс”, зборнікаў “Кіберыяда” і “Зорныя дззённікі”, а таксама іншых твораў.
Віктар Язневіч з’яўляецца укладальнам абедзьвюх кніг, якія вышлі ў гэтым годзе ў мінскім выдавецтве “Медисонт”.
Акрамя таго, на выставе з’явіліся новыя кнігі Станіслава Лема на польскай мове.
Гэта апошнія выданні шырока вядомых кніг “Казкі робатаў”, “Кіберыяда”, “Сума тэхналогіі”, “Агляд на месцы”, а таксама выданне “Фантастычны Лем”. Яна ўяўляе сабоў анталогію апавяданняў Станіслава Лема, выбраных у ходзе плебісцыту чытачоў, які адбыўся ў 2001 годзе – у год 80-годдзя аўтара. Усе гэтыя выданні пабачылі свет у 2021 годзе.
Да юбілею славутага фантаста ЦНБ НАН Беларусі падрыхтавала відэафільм “Такі розны Лем”.
Фільм расказвае пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Аповед пра лепшыя творы пісьменніка шчыльна переплецены з фактамі яго біяграфіі і гістарычным кантэкстам. Шырока выкарыстаны фрагменты кінафільмаў паводле твораў Лема, фотадакументы, гучаць трапныя і вобразныя выказванні самога пісьменніка.