Вечарына да 95‑й гадавіны з дня нараджэння Сцяпана Александровіча
15 снежня 2016 года ў чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі ў рамках імпрэзы “Я заўсёды ішоў сумленнай пуцявінай...”, прысвечанай 95‑й гадавіне з дня нараджэння беларускага літаратуразнаўца, крытыка, доктара філалагічных навук, прафесара С.Х. Александровіча (1921–1986), адкрылася выстава “Здабыткі Сцяпана Александровіча”, якую падрыхтавалі супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.



У мерапрыемстве прынялі ўдзел навукоўцы, прадстаўнікі грамадскага аб’яднання “Беларускае згуртаванне татараў-мусульман “Аль-Кітаб”, дзеці, унукі, праўнукі, сябры, знаёмыя С.Х. Александровіча, а таксама супрацоўнікі НАН Беларусі, музееў, бібліятэк, навучальных і грамадскіх устаноў, выдавецтваў, прадстаўнікі СМІ.



З прывітальным словам да ўдзельнікаў вечарыны звярнуўся дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры” доктар філалагічных навук І.В. Саверчанка. Ён расказаў пра дзейнасць С.Х. Александровіча, які пачаў сваю навуковую кар’еру ў Інстытуце літаратуры НАН Беларусі, а таксама выказаў падзяку за арганізаваную выставу.

Загадчык сектара кнігазнаўства аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі А.І. Цітавец азнаёміла прысутных з матэрыяламі юбілейнай экспазіцыі.

Вядучая мерапрыемства метадыст НМУ “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі РБ Р.А. Александровіч выказала падзяку родным С.Х. Александровіча за матэрыялы з сямейнага альбома, якія склалі прэзентацыю, ухваліла добра падрыхтаваную выставу.

Былы муфцій мусульман Беларусі І.М. Александровіч прачытаў малітву (першую суру Карана) і падзякаваў арганізатарам вечарыны за ўшанаванне памяці С.Х. Александровіча.

Пра сваё знаёмства і сумесную працу з С.Х. Александровічам падрабязна расказалі яго землякі, былыя вучні: доктар гістарычных навук Л.М. Лыч, кандыдат філалагічных навук В.А. Чамярыцкі, паэт і публіцыст Я.С. Гучок.



З цікавымі фактамі з біяграфіі С.Х. Александровіча ваенных часоў азнаёміла кандыдат гістарычных навук С.У. Грыбава.

Успамінамі пра знаёмства і сяброўства з сям’ёй С.Х. Александровіча падзяліліся В.І. Навуменка, А.Ц. Міцкевіч.


Дачка С.Х. Александровіча Ірына ў сваіх успамінах пра бацьку адзначыла, што, нягледзячы на розныя, часам суровыя выпрабаванні, ён не страціў самыя галоўныя чалавечыя якасці – сціпласць, зычлівасць, прыязнасць. Яна падзякавала прысутным за мерапрыемства, арганізаванае з нагоды юбілейнай даты з дня нараджэння бацькі – вучонага і пісьменніка.

Падчас мерапрыемства адбылася прэзентацыя фільма “Я заўсёды ішоў сумленнай пуцявінай...”, падрыхтаванага супрацоўнікамі аддзела інфармацыйнай і сацыякультурнай дзейнасці.