Вечарына «Якуб Якубоўскі ў беларуска-татарскім культурным адраджэнні»
28 кастрычніка 2015 года ў чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі ў межах вечарыны “Якуб Якубоўскі ў беларуска-татарскім культурным адраджэнні” адбыліся прэзентацыя кнігі “Мы з Іманам жывём на зямлі Беларусі: беларускі татарын Якуб Якубоўскі” і адкрыццё выстаўкі “Здабыткі Якуба Якубоўскага”.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел акадэмік НАН Беларусі Радзім Гарэцкі, доктар гістарычных навук Леанід Лыч, старшыня (муфцій) мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бекір Шабановіч, былы муфцій Ісмаіл Александровіч, галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Беларуская навука” Георгій Кісялёў, галоўны рэдактар выдавецтва “Тэхналогія” Зміцер Санько, прадстаўнікі выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”, супрацоўнікі НАН Беларусі, вышэйшых навучальных устаноў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, землякі і сваякі Якуба Якубоўскага, СМІ.
На пачатку вечарыны прагучала мусульманская малітва, якую прачытаў былы муфцій Ісмаіл Александровіч.

Загадчык сектара кнігазнаўства аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Алена Цітавец ад імя бібліятэкі павітала ўсіх прысутных і азнаёміла з экспазіцыяй выстаўкі “Здабыткі Якуба Якубоўскага”.

Удава Якуба Якубоўскага Таццяна Васільеўна выказала сардэчную пядзяку супрацоўнікам бібліятэкі за арганізацыю імпрэзы, прысвечанай памяці Якуба Адамавіча, і падаравала кнігу “Мы з Іманам жывём на зямлі Беларусі…” з дарчым надпісам.

Доктар гістарычных навук Леанід Лыч высока ацаніў унёсак Якуба Якубоўскага і Ібрагіма Канапацкага ў справу беларуска-татарскага культурнага адраджэння, выказаў надзею, што справа выдатных дзеячаў татарскай супольнасці будзе пряцягнута наступным пакаленнямі.

Акадэмік НАН Беларусі Радзім Гарэцкі падзяліўся сваімі ўспамінамі пра сумесную працу з Якубам і Таццянай Якубоўскімі, даў высокую ацэнку прафесійнай дзейнасці Якуба Якубоўскага ў рэдакцыі “Беларускай энцыклапедыі”.

Паэт Яўген Гучок расказаў пра свае ўражанні ад знаёмства з Якубам Адамавічам, адзначыў яго лепшыя прыродныя якасці: сціпласць, добразычлівасць, пачуццё гумару.

Журналіст Алесь Матафонаў распавёў пра тое, як яго зацікавіла гісторыя ды самабытная культура татараў Беларусі і як ён знаёміць з ёй гледача ў сваіх навукова-папулярных тэлевізійных праектах.

Краязнавец Іван Драўніцкі, адзін з аўтараў кнігі, зямляк ды сябра дзяцінства Якуба Якубоўскага, расказаў пра родныя мясціны – вёску Камаі на Пастаўшчыне, падзяліўся ўспамінамі пра дзіцячыя, школьныя гады, якія прайшлі разам з ім.

Таццяна Якубоўская расказала пра працу над складаннем кнігі “Мы з Іманам жывём на зямлі Беларусі: беларускі татарын Якуб Якубоўскі”, падзякавала ўсім, хто быў датычны да яе стварэння і выхаду ў свет.


Галоўны рэдактар выдавецтва “Тэхналогія” Зміцер Санько адзначыў, што супрацоўнікі выдавецтва рабілі сваю справу з адказнасцю і любоўю. Ён выказаў ідэю стварэння энцыклапедыі, прысвечанай татарам Беларусі.

Ад імя калег Якуба Якубоўскага выступілі былыя супрацоўнікі выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” Соф’я Самуэль, Вячаслаў Вайткевіч і Іосіф Хаўратовіч. Яны адзначылі, што Якуб Адамавіч быў вельмі адказным і адукаваным чалавекам, любіў Беларусь і ведаў яе.


Пісьменнік Міхась Шавыркін выказаў свае ўражанні ад кнігі “Мы з Іманам жывём на зямлі Беларусі…”, звярнуў увагу на тое, што кніга прасякнута любоўю да бацькоў, братоў, дзяцей.

Старшыня мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бекір Шабановіч павітаў прысутных, выказаў удзячнасць за захаванне памяці пра Якуба Якубоўскага, заклікаў да супрацоўніцтва ў справе вывучэння культуры татараў Беларусі.

Паэт Алесь Корнеў прачытаў верш, прысвечаны беларускім татарам.

Галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Беларуская навука” Георгій Кісялёў, краязнавец Міхась Маліноўскі, прадстаўніца татарскай суполкі Фаўзія Ахмадуліна падзяліліся ўспамінамі пра знаёмства з Якубам Якубоўскім, адзначылі яго найлепшыя чалавечыя якасці, сціпласць, добразычлівасць, пачуццё гумару.



Мерапрыемства вяла метадыст вышэйшай катэгорыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Разалія Александровіч. Яна засяродзіла ўвагу прысутных на асноўных датах жыцця татараў на зямлі Беларусі, расказала пра маладое пакаленне татарскай суполкі.


Ад імя маладога пакалення татараў Беларусі выступіла кандыдат гістарычных навук Зарына Канапацкая. Яна выказала ўпэўненасць, што памяць пра выдатнага беларускага татарына Якуба Якубоўскага будзе жыць, а справа беларуска-татарскага культурнага адраджэння працягвацца.

Падчас імпрэзы быў прадэманстраваны фільм «Фрагменты з юбілейнай вечарыны, прысвечанай Якубу Якубоўскаму», прэзентацыя «Якуб Якубоўскі ў беларуска-татарскім адраджэнні. Прэзентацыя кнігі», падрыхтаваныя супрацоўнікамі аддзела сацыякультурнай і інфармацыйнай дзейнасці ЦНБ НАН Беларусі.