“Вялікае мастацтва артылерыі” Казіміра Семяновіча на англійскай мове
Сярод прац нашых славутых землякоў у фондзе ЦНБ НАН Беларусі можна знайсці ажно два выданні Казіміра Семяновіча, які жыў у першай палове XVII ст. Праца, дзякуючы якой ён стаў знакамітым, завецца так: “Вялікае мастацтва артылерыі”. Упершыню кніга была выдадзена на лацінскай мове ў 1650 г. і амаль адразу пачала перакладацца на розныя еўрапейскія мовы. Адзін з першых такіх перакладаў – на англійскую мову “The Great Art of Artillery of Casimir Simienowicz” 1729 г.
Праца хутка набывае вядомасць і становіцца такім падручнікам па артылерыі (дарэчы, гэтую ролю яна выконвала больш за два стагоддзі). У кнізе прадстаўлены канструкцыі ракет, запальных снарадаў і іншых піратэхнічных прыстасаванняў.
Менавіта Казімір Семяновіч упершыню прадставіў ідэю выкарыстання рэактыўнага руху ў артылерыі. Вялікі раздзел прысвечаны калібрам, канструкцыі, будове і якасцям ракет (вайсковых і грамядзянскіх), у тым ліку шматступеньчатых ракет, ракетных батарэй і ракет са стабілізатарам.
Аўтар тэксту: Анастасія Сакаловіч
Фота: Валерыя Гусева