Выстава да 120-годдзя з дня нараджэння Пятра Фёдаравіча Глебкі
У чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў арганізавана выстава “Радзіма, прымі маё шчырае слова”, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага паэта, вучонага, грамадскага і культурнага дзеяча, акадэміка НАН Беларусі Пятра Фёдаравіча Глебкі (1905–1969).
Экспазіцыя складзена на падставе матэрыялаў з яго асабістага архіва, што захоўваюцца ў аддзеле даследавання рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, і распавядае пра жыццёвы і творчы шлях літаратара і арганізатара навукі.
Адкрываюць выставу матэрыялы, што датычацца перыяду навучання П. Глебкі у Мінскім Белпедтэхнікуме, Беларускім дзяржаўным універсітэце, яго удзелу ў дзейнасці літаратурнага аб’яднання “Узвышша” (хадайніцтва, даведкі, лекцыйная кніжка і інш.).
Увазе наведвальнікаў прапануюцца цікавыя дакументы, што даюць уяўленне пра станаўленне П. Глебкі як пісьменніка, пачынаючы з ранніх крокаў у вялікую літаратуру: адна з першых паэтычных публікацый – “Над варстатам” (1925), чарнавыя рукапісы вершаў 1920–1930‑х гг., драматычны абразок пад назвай “Згасшыя надзеі”, першы друкаваны паэтычны зборнік “Шыпшына“ (1927) са шматлікімі праўкамі, лірыка ваеннага часу і інш. Таксама ў экспазіцыі прысутнічаць паэтычныя зборнікі 1930‑х гг. : “Урачыстыя дні” (1930), “Арка над акіянам” (1932), асобна выдадзеная паэма“Арлянка”(1932), “Чатыры вятры” (1935), “Мужнасць” (1938).
Сярод экспанатаў пэўную цікавасць выклікае і літаратурны твор за подпісам Лукаш Бандылевіч. Лукаш Бандылевіч – калектыўны псеўданім двух літаратараў, П. Глебкі і П. Броўкі. Гэты творчы і сяброўскі тандэм натхніў вядомага беларускага скульптара Заіра Азгура на стварэнне жартаўлівага малюнка пад назвай “Пратаплазма Бандылевіча”, які можна ўбачыць на выставе.
Шматгранны талент П. Глебкі не абмяжоўваўся толькі літаратурнымі здабыткамі. У экспазіцыі дэманструюцца разнастайныя дакументы, што прадстаўляюць працу П. Глебкі ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў (даведкі, пасведчанні, мандаты), яго навуковую дзейнасць ў Акадэміі навук БССР, дзе П. Глебка узначальваў групу па падрыхтоўцы Руска-беларускага слоўніка, паспяхова кіраваў шматпрофільнай навуковай установай – Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, выконваў функцыі акадэміка-сакратара Адзялення грамадскіх навук (шэраг разнастайных дакументаў).
Таксама ў экспазіцыі знайшла адлюстраванне і грамадска-палітычная дзейнасць П. Глебкі: ў якасці дэпутата Вярхоўнага Савета БССР некалькіх скліканняў, як прадстаўніка ад Беларусі ў рабоце сесій Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, у прыватнасці, XI сесіі (1956). Яна праілюстравана рознымі матэрыяламі: даведкамі, службовымі пасведчанямі, запісамі дзённікавага характару, вершамі, што з’явіліся ў выніку назірання за амерыканскім ладам жыцця.
Выстава знаёміць з аўтабіяграфічнымі дакументамі фондаўтваральніка, асобнымі ўзнагародамі і віншавальнымі адрасамі.
Своеасаблівым завяршэннем экспазіцыі можна лічыць прадстаўленую кнігу “Пясняр мужнасці: Кніга пра Пятра Глебку” (1976), дзе сабраны ўспаміны розных асоб пра П. Ф. Глебку – пісьменніка, навукоўца і чалавека.
Разнастайныя дакуметальныя сведчанні, прапанаваныя на выставе, дапаўняюць і аздабляюць цікавыя фотаздымкі розных гадоў з архіва П. Глебкі, у тым ліку падчас яго вучобы ў Белпедтэхнікуме, універсітэце, сярод сяброў-узвышаўцаў, у час ваенных выпрабаванняў, з пісьменнікамі і навукоўцамі і інш.
Інфармацыя падрыхтавана навуковым супрацоўнікам аддзела кнігазнаўства М.М. Ліс.









