Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Выстава да 130-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы

У чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў арганізавана выстава «Драматург, байкапісец, вучоны», прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, паэта, празаіка, драматурга, перакладчыка, вучонага, акадэміка Кандрата Крапівы (сапр. Кандрат Кандратавіч Атраховіч, 1896–1991).

У экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з асабістага архіва акадэміка, які захоўваецца ў рукапісным фондзе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.

Адкрываюць выставу матэрыялы, што датычацца біяграфіі Кандрата Крапівы, сярод іх дакументы біяграфічнага характару, фотаздымкі сям’і, франтавыя лісты ад сына Барыса, які загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны і інш.

Увазе наведвальнікаў прапануюцца творчыя дакументы Кандрата Крапівы, пачынаючы з яго ранніх публікацый 1920–1930‑х гг. Гэта байкі, фельетоны, памфлеты, гумарэскі, апавяданні; адно з ранніх – фельетон «Саракаградусная гарачка» (1925). Прадстаўлены творы, якія К. Крапіва напісаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку памфлет «Не будзем спрачацца» (1943), апавяданне «Ці была ў яго галава» (1945), публікацыя аднаактоўкі К. Крапівы «Володин галстук» у часопісе «Красноармеец» (1943 г., № 11). Гэта п’еса ішла на сцэнах беларускіх тэатраў, у 1944 г. яе паказвала на фронце брыгада Беларускага драматычнага тэатра (БДТ‑1) імя Янкі Купалы.

Сярод творчых матэрыялаў пісьменніка фрагменты тэкстаў сатырычных камедый «Хто смяецца апошнім» (1939), «Мілы чалавек» (1945), «Брама неўміручасці» (1972), п’есы «Людзі і д’яблы» (1958). Экспазіцыя аздоблена фотаздымкам сцэны са спектакля «Хто смяецца апошнім» у пастаноўцы БДТ‑1 (1934), фотаздымкам К. Крапівы і акцёраў Беларускага драматычнага тэатра (БДТ‑2) імя Якуба Коласа пасля генеральнай рэпетыцыі п’есы «Пяюць жаваранкі» (1950).

У экспазіцыі прадстаўлены перыядычныя выданні, у якіх змешчаны публікацыі Кандрата Крапівы. Падчас Вялікай Айчыннай вайны пісьменнік рэдагаваў сатырычную газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну», публікаваўся ў ёй. Таксама прымаў удзел у выданні сатырычнага лістка «Партызанская дубінка». У пасляваены час рэдагаваў сатырычны часопіс «Вожык». У 4‑м нумары часопіса за1981г., што прадстаўлены на выставе, надрукаваны байкі пісьменніка.

Дакументы юбілейнай выставы ілюструюць навуковы шлях К. Крапівы, пачынаючы з моманту яго абрання дзейсным членам Акадэміі навук БССР у 1950 г. Актыўная дзейнасць К. Крапівы як акадэміка прадстаўлена ў выбарцы запрашальных білетаў на сэсійныя пасяджэнні ў межах Савета па каардынацыі навуковай дзейнасці акадэмій навук саюзных дзяржаў, навуковых аддзяленняў Акадэміі навук БССР, а таксама на мерапрыемствы і выставы шэрагу навуковых устаноў. На экспазіцыі прадстаўлены абраныя лінгвістычныя працы К. Крапівы 1950‑х гг. (у апублікаваным і машынапісным выглядзе з аўтарскімі праўкамі). У экспазіцыі тэксты выступленняў акадэміка, як папулярызатара лінгвістычных напрацовак на тэлебачанні, так і ўдзельніка сэсійных сустрэч у межах акадэмічных асяродкаў. Асаблівую цікавасць уяўляюць фотадымкі, якія асвячаюць разнастайнасць работы К. Крапівы: як навукоўцы ў якасці члена Арфаграфічнай камісіі Акадэміі навук БССР, як супрацоўніка Інстытута мовазнаўства БССР, як віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР.

На выставе адлюстравана грамадзянская дзейнасць Кандрата Крапівы. Дакументы і фотаздымкі знаёмяць з яго працай у якасці дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, удзелам у пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН у 1946 г., дзейнасцю ў Саюзе пісьменнікаў БССР, Савеце па ахове помнікаў культуры пры Прэзідыуме Акадэміі навук БССР і ў Камітэце па дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Асобна можна звярнуць увагу на машынапісныя запісы выступленняў Кандрата Крапівы па радыё ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Экспазіцыю завяршае падборка мастацкіх віншавальных адрасоў, падараваных Крапіве рознымі беларускімі ўстановамі з нагоды яго 60‑, 80- і 90-гадовых юбілеяў. Разнастайнасць і багацце віншаванняў выразна дэманструюць тую важную пазіцыю, якую Кандрат Крапіва займаў у беларускай савецкай літаратуры і ў грамадска-палітычным жыцці БССР.

Асобныя дакументы і фотаздымкі, прадстаўленыя на выставе, дэманструюцца ўпершыню.

Матэрыял падрыхтаваны навуковым супрацоўнікам Дзенісенка А.П.

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля