Выстава «Да 85-годдзя з дня нараджэння А. У. Рагулі»
У чытальнай зале гуманітарных навук Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі дэманструецца выстава «Да 85-годдзя з дня нараджэння А. У. Рагулі, беларускага літаратуразнаўцы, кандыдата філалагічных навук, прафесара»
Аляксей Уладзіміравіч Рагуля нарадзіўся 25 сакавіка 1935 г. у в. Сенна (Сенная) Наваградскага раёна Гродзенскай вобласці. Вучыўся на філалагічным факультэце БДУ, з 1957 па 1963 год працаваў школьным настаўнікам у Барысаўскім раёне, да 1970 года настаўнікам у Мінскай школе-інтэрнаце (цяпер школа алімпійскага рэзерву). У 1970-1991 гг. А. У. Рагуля – асістэнт, старэйшы выкладчык, дацэнт на кафедры беларускай літаратуры Мінскага педагагічнага інстытута, да 2012 г. загадчык кафедры тэорыі і гісторыі кудьтуры ў БДПУ імя М. Танка. З 2011 г. працуе на кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
Даследчыцкая праца А. У. Рагулі з першых крокаў была пазначана зваротам да класічных твораў беларускай літаратуры. Яго героямі былі і застаюцца Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны, Іван Мележ, Васіль Быкаў і іншыя пісьменнікі, ў літаратурных даследаваннях паўстаюць як празарліўцы, яркія выразнікі найлепшых рыс менталітэту беларусаў, як “стваральнікі нацыі”. У навуковых публікацыях Аляксея Рагулі ўвага канэнтруецца найперш на вырашэнні пісьменнікамі філасофскіх праблем, якія цесна звязаны с гістарычным шляхам беларускага народа, з пошукамі беларусамі сваёй будучыні, з праблемамі пераасэнсавання нацыянальнай літаратурнай спадчыны.
Прафесія выкладчыка патрабавала шмат увагі пытанням выкладання літаратуры. А. У. Рагуля – аўтар метадычных дапаможнікаў, праграм па беларускай літаратуры. Побач з навукова-метадычнымі выданнямі (першая літаратуразнаўчая кніга А. Рагулі «Імгненні…» (1990), адрасавана настаўнікам) важкія літаратуразнаўчыя набыткі, такія як зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Пафас станаўлення» (1991), культурфіласофскія нататкі «Зерне хараства» (2013) і шмат іншых публікацый у перыядычных выданнях і навуковых зборніках.
На выставе дэманструюцца асноўныя працы Аляксея Уладзіміравіча Рагулі за вялікі творчы перыяд з 1968 па 2019 гг. уключна. Асобны раздзел выставы пазнаёміць з літаратурай аб жыцці і дзейнасці вядомага беларускага літаратуразнаўцы.
Да юбілейнай даты падрыхтаваны буклет.