Выстава да Дня беларускага пісьменства
Ва ўніверсальнай чытальнай зале дэманструецца выстава «Дзень беларускага пісьменства».
Дзень беларускага пісьменства ў нашай краіне святкуецца штогод у першую нядзелю верасня. Выстава, якая традыцыйна дэманструецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі, знаёміць з найбольш цікавымі публікацыямі за апошнія тры гады па гісторыі беларускага рукапіснага і друкаванага слова, пра мысліцеляў і асветнікаў зямлі беларускай.
Францыск Скарына – знакавая постаць у гісторыі беларускага кнігадрукавання і культуры, і дзейнасць яго, як усходнеславянскага першадрукара, асветніка, перакладчыка, пісьменніка і публіцыста высока ацэнена ў Беларусі і ў свеце. На выставе падзелімся інфармацыяй аб новых навуковых і навукова-папулярных выданнях, прысвечаных гэтаму выдатнаму дзеячу культуры Беларусі эпохі Адраджэння.
На выставе прадстаўлены таксама публікацыі, прысвечаныя гістарычнаму асэнсаванню спадчыны Еўфрасінні Полацкай у святле новых адкрыццяў, прапаведніцкай дзейнасці Сімяона Полацкага, жыццю і творчасці Сымона Буднага і іншых рэлігійна-асветніцкіх дзеячоў XII–XIV стст. Значная частка матэрыялаў выставы знаёміць з сучаснымі даследаваннямі помнікаў хрысціянскага пісьменства, беларускага летапісання, вывучэннем лексікі старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы, малавядомымі беларускамоўнымі тэкстамі XVIII ст., гісторыяй беларускай літаратурнай мовы і інш. Асвятляецца і сучасны стан беларускай кнігі і кніжнай культуры.
Выстава працягне працу да 26 верасня.
Прапануем для азнаямлення рэкамендацыйны спіс літаратуры па тэме.









