Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Выстава да прэзентацыі «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы»

26 кастрычніка 2017 г. у Прэзідыуме НАН Беларусі адбылася прэзентацыя «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» ў 37-мі выпусках (1982–2017). Праца над слоўнікам вялася ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі прыкладна з 60‑х гадоў ХХ стагоддзя некалькімі пакаленнямі таленавітых беларускіх лінгвістаў пад кіраўніцтвам членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі А.І. Жураўскага і А.М. Булыкі.

«Гістарычны слоўнік беларускай мовы» з упэўненасцю можна назваць цяпер сапраўдным праектам стагоддзя. Звыш 75 000 слоў, зафіксаваных у дагаворах, статутах, летапісах, хроніках, хранографах, воінскіх і рыцарскіх раманах і аповесцях, мемуарных, публіцыстычных, навуковых і рэлігійных творах, атрымалі дэталёвую лексікаграфічную апрацоўку. Яны з максімальнай паўнатой адлюстроўваюць багацце беларускай мовы XIV–XVIII стст.

ЦНБ НАН Беларуси
ЦНБ НАН Беларуси

Падчас мерапрыемства Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа дэманстравала выставу «Да пытання гістарычнай лексікаграфіі: па матэрыялах з фонду ЦНБ НАН Беларусі», на якой ганаровае месца занялі ўсе 37 выпускаў «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы».

Таксама на выставе была магчымасць азнаёміцца з крыніцамі, якія былі пакладзены ў аснову складання слоўніка, з прыжыццёвымі выданнямі знакамітых даследчыкаў-моваведаў мінулага.

На экспазіцыі былі прадстаўлены і асобныя тамы такіх значных публікацый беларускіх гістарычных дакументаў як «Акты, относящиеся к истории западной России» (СПб, 1846–1853), «Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею для разбора древних актов» (Вильна, 1865–1915), «Статут Великого Княжества Литовского» (СПб, 1811), працы Я.Ф. Карскага «Белорусы» (Варшава, 1911), «Материалы для изучения северно-малорусских говоров…» (СПб, 1898) і інш. Дэманстраваліся сучасныя перавыданні гістарычных помнікаў: «Баркалабаўскі летапіс» (Мінск, 2013), «Слуцкае Евангелле» (Мінск, 2008), «Статут Вялікага княства Літоўскага, 1588» (Мінск, 2005), «Метрыка Вялікага княства Літоўскага» (Мінск, 2001) і інш.

ЦНБ НАН Беларуси
ЦНБ НАН Беларуси

Адзін з раздзелаў знаёміў з манаграфіямі такіх даследчыкаў як А.І. Жураўскі, А.М. Булыка, І.І. Крамко, У.М. Свяжынскі, А.Я. Баханькоў, М.Г. Булахаў і інш. Экспанатамі выставы сталі і добра вядомыя энцыклапедычныя даведнікі і слоўнікі : «Францыск Скарына і яго час» (1990), «Слоўнік мовы Скарыны» (склад. У.В. Анічэнка), «Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі» (у 2 т.), «Рэлігійны слоўнік старабеларускай мовы» (2003), «Кароткі гістарычны слоўнік беларускай мовы» (2015).

На выставе былі прадстаўлены і аўтарэфераты дысертацый даследчыкаў, якія звярталіся да пытанняў сацыяльна-эканамічнай, сельскагаспадарчай, юрыдычнай, гандлёвай, будаўнічай, музычнай, рэлігійнай і іншай лексікі ў беларускай мове.

ЦНБ НАН Беларуси
ЦНБ НАН Беларуси

26 кастрычніка ў Прэзідыуме НАН Беларусі пачаў працу Міжнародны навуковы кангрэс «Наука – экономике знаний». Удзельнікі эканамічнага кангрэса таксама звярнулі ўвагу на кніжную выставу і з вялікай зацікаўленасцю знаёміліся з яе экспанатамі.

ЦНБ НАН Беларуси
ЦНБ НАН Беларуси

На фотаздымках: член калегіі па прамысловасці і аграпрамысловаму комплексу Еўразійскай эканамічнай камісіі С.С. Сідорскі, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі У.Р. Гусакоў, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі А.А. Каваленя.

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля