Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Выстава “Нас разлучыў няўмольны лёс…”, прысвечаная Юрыю Міцкевічу

2 ліпеня адбылося адкрыццё часовай экспазіцыі “Нас разлучыў няўмольны лёс…”, прысвечанай сярэдняму сыну Якуба Коласа Юрыю Міцкевічу, які прапаў без звестак у першыя месяцы вайны. Выстава падрыхтавана супрацоўнікамі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Нарадзіўся Георгій (Юрый) Міцкевіч 1 мая 1917 года ў горадзе Пярмі, дзе сям’я Якуба Коласа знаходзілася падчас Першай сусветнай вайны. У 1935–1937 гг. Юрый вучыўся на геолага-геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля каля года правучыўся на геалагічным факультэце Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым вярнуўся ў Мінск і закончыў геаграфічны факультэт БДУ (1940).

У 1940 г. Юрый Міцкевіч быў прызваны на вайсковую службу і праходзіў яе пад Беластокам. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны яфрэйтар Ю. Міцкевіч знаходзіўся ў Мінску на спаборніцтвах па стэндавай стральбе, з Мінска і быў накіраваны ў 49‑ы карпусны артылерыйскі полк. Удзельнічаў у абароне Смаленска. Юрый Міцкевіч загінуў у баях пад Вязьмай ‚верагодна, увосень 1941 г.

У часовай экспазіцыі жыццёвы шлях Юрыя Канстанцінавіча Міцкевіча раскрываецца праз фотаздымкі, успаміны, дакументы, ліставанне з роднымі. Фотаздымкі паказваюць Юрку ў асяродку сваёй сям’і, а таксама сяброў і аднакурснікаў. Ліставанне з маці і бацькам у першыя месяцы вайны раскрывае Юрыя як мужнага і моцнага чалавека, і ваяра, і адначасова пяшчотнага і добрага сына. Свае перажыванні аб лёсе свайго сына Якуб Колас перадаў у вершаваных радках паэмы “Рыбакова хата”, а Міхась Міцкевіч боль аб страце любімага брата, якую пранёс праз доўгія гады, пакінуў ва ўспамінах пад назвай “Ліст наўздагон”. Значна пазней цэлую паэму, прысвечаную трагічнаму лёсу Юрыя Міцкевіча, напісаў паэт Мікола Мятліцкі, назваўшы яе “Апалены золак. Вяртанне Юркі Міцкевіча”.

Падрабязна на сайце музея

На адкрыцці выставы гучалі творы Якуба Коласа, адбыліся выступленні пісьменнікаў, навукоўцаў, а таксама нашчадкаў народнага паэта Беларусі. Сярод іх – Вера Данілаўна і Марыя Міхайлаўна Міцкевіч. Унучкі Якуба Коласа падзяліліся ўспамінамі сваіх бацькоў –Данілы і Міхася Міцкевічаў – пра брата Юрку. Яны расказалі цікавыя, падчас смешныя гісторыі з часоў дзяцінства і юнацтва трох братоў, якія пачулі ад старэйшых Міцкевічаў.

Удзельніца імпрэзы – архітэктар Галіна Левіна, дачка знакамітых архітэктараў Леаніда Левіна і Наталлі Афанасьевай, яўляецца ўнучатай пляменніцай Ігара Нахімавіча Малочнікава, які сябраваў з Юркам Міцкевічам. Пра іх сяброўства гасцям і расказала Галіна Леанідаўна.

Вечар працягнула паэтычная старонка. Лipычнae cлoвa ўзяў паэт Мікола Мятліцкі. Вельмі кранальна прагучалі вершы ў выкананні аўтара.

Вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Антон Астаповіч, які ўзначальвае Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, паведаміў пра работу сваіх калег у пошуку звестак пра загінулых і прапаўшых у Вялікай Айчыннай вайне, а таксама пра знаходкі гістарычных дакументаў і артэфактаў. Адна з нядаўніх знаходак, якую змаглі ідэнтыфікаваць члены Таварыства, належала сваякам Алеся Сушы, намесніка дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці НББ. Артэфакт быў урачыста перададзены Алесю Аляксандравічу падчас імпрэзы.

Выстава, якая ладзіцца ў ЦНБ НАН Беларусі, будзе экспанавацца да канца месяца.

Сардэчна запрашаем!

Тэлефон для даведак: 8 017 270 17 02
×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля