Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Выстава “Не ідзі па глебцы, а ідзі па броўцы!..”

20 студзеня ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі адбылося адкрыццё выставы “Не ідзі па глебцы, а ідзі па броўцы!..”.

Адным з арганізатараў экспазіцыі, акрамя Літаратурнага музея Петруся Броўкі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва стала і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Петруся Броўку і Пятра Глебку звязвала не толькі літаратурнае супрацоўніцтва. Праз усё жыццё яны пранеслі шчырае сяброўства. Доўгія дзесяцігоддзі свайго жыцця два Петрусі ішлі поруч – не толькі абмяркоўвалі новыя творы, чыталі адзін аднаму вершы, вырашалі навуковыя праблемы, але і сябравалі сем’ямі, наведваліся адзін да аднаго ў госці, у вольныя хвіліны размаўлялі на самыя розныя тэмы.

Менавіта сябороўскім адносінам двух пісьменнікаў і прысвечана выстава. У аснове яе назвы – гісторыя-жарт пра Глебку, Броўку і Кандрата Крапіву, якую ўзгадвала Ларыса Александроўская: “Скажаш: “Не ідзі па глебцы, а ідзі па броўцы!” – і абодва Петрусі рагочуць, а дадасі яшчэ: “…і сцеражыся крапівы”, і ўжо весела смяюцца ўсе ўтрох, з Кандратам Кандратавічам”.

Сярод экспанатаў выставы – лісты і паштоўкі, рукапісы і фотаздымкі, кнігі і малюнкі. А таксама асабістыя рэчы класікаў нашай літаратуры: пяро-асадка, кая калісьці належала Броўку, бутэлька мінеральнай вады “Есентукі”, набытая сябрамі-пісьменнікамі падчас сумеснага падарожжа, попельніца, што стаяла на стале падчас іх сустрэч.

На адкрыцці выставы прагучала шмат займальных гісторый з творчага і асабістага жыцця Броўкі і Глебкі, якія расказала наведвальнікам вядоўца мерапрыемства навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Петруся Броўкі Карына Бадылевіч.

Нямала цікавага пачулі наведвальнікі і з выступленняў запрошаных гасцей. Пра цікавыя знаходкі з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтваі, якія маюць дачыненне да біяграфіі і творчасці герояў выставы, рапавядала вядучы архівіст аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў гэтай установы Наталля Мізон.

Прадстаўніком Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі на адкрыцці выставы быў навуковы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Віктар Свякла. Ён паведаміў пра тое, як у ЦНБ НАН Беларусі захоўваецца памяць пра Пятра Глебку. З 1970‑х гг. бібліятэка зберагае асабісты архіў пісьменніа і вучонага, а таксама ягоны кнігазбор (больш за 3800 кніг). У бібліятэцы арганізаваны і прымае наведвальнікаў мемарыяльны кабінет Пятра Глебкі.

Да глебкаўскага архіву і кнігазбору мае дачыненне большасць дакументаў, перададеных бібліятэкай НАН Беларусі для экспанавання на выставе “Не ідзі па глебцы, а ідзі па броўцы!..”. Гэта і сяброўскі шарж Заіра Азгура “Пратаплазма Бандылевіча” (Лукаш Бандылевіч – сумесны псеўданім Броўкі і Глебкі), і выданне аповесці Броўкі “Каландры” з дароўным надпісам аўтара Глебку (“Пётру ад Пётры. Ліхому кавалярысту, самарцу, які выбіў на стрэльбішчы 1 ачко, а ў карты выбівае 21. Пятрусь Броўка. VIII. 31 г.”), якая нагадвае пра творчую камандзіроўку сяброў у 7‑ю Самарскую кавалерыйскую дывізію, і ліст Броўкі, дасланы цёзку з Нью-Ёрка ў 1959 г., і многае іншае.

Арганізатары запэўнілі прысутных у тым, што на прэзентацыі выставы прагучалі далёка не ўсе цікавыя гісторыі, што датычацца сяброўства выдатных беларускіх пісьменнікаў.

Выстава чакае наведвальнікаў па адрасе: г. Мінскі, вул. Карла Маркса, 30, Літаратурны музей Петруся Броўкі

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля