Яўстафій Піевіч Тышкевіч

Яўстафій Піевіч Тышкевіч, які нарадзіўся 18 красавіка 1814 года ў Лагойску Барысаўскага павета Мінскай губерні, прадстаўляецца ў гістарыяграфіі галоўным чынам як археолаг, гісторык, заснавальнік Віленскага музея старажытнасцяў. Акрамя таго, ён быў калекцыянерам, усё жыццё прысвяціў збіранню кніг, фармаваў сваю асабістую бібліятэку, гісторыя стварэння якой, а таксама яе змест і далейшы лёс да канца не даследаваны.
Першыя згадкі пра кніжныя калекцыі, сабраныя Яўстафіем Тышкевічам, з’явіліся ў прыжыццёвых публікацыях, прычым частка з іх сустракаецца ў працах самога калекцыянера.


Аўтар апісання Барысаўскага павета пакінуў падрабязны аповед пра калекцыю, сабраную ў Лагойску. Бібліятэка ў Лагойску налічвала ў той перыяд да трох тысяч тамоў, з іх 500 асобнікаў Яўстафій Тышкевіч адносіў да «аддзела старых кніг» («oddział ksiąg starych»), сярод якіх адзначаў нямала бібліяграфічных рэдкасцяў.

Як вядома, асабісты ўклад Яўстафія Піевіча склаў аснову бібліятэкі Віленскай часовай археалагічнай камісіі і Віленскага музея старажытнасцяў, што было зарэгістравана ў Запісках Віленскай археалагічнай камісіі (Pamiętniki Kommissji Archeologicznej Wileńskiej).
Вучонага з кнігамі звязвала яшчэ адно месца – Біржанскі маёнтак. Тут ён не толькі карыстаўся ўжо сабранай бібліятэкай, але прыводзіў яе ў парадак і, вядома, папаўняў. Пасля смерці Яўстафія Тышкевіча 25 жніўня 1873 года ў шматлікіх успамінах асаблівая ўвага надавалася яму як актыўнаму калекцыянеру кніг і дакументаў.

Амаль усе інфармацыйныя і даведачныя выданні канца XIX–пачатку XX стст. апісваюць вядомыя прыватныя бібліятэкі і іх кніжныя знакі, ўтрымліваюць згадкі пра Яўстафія Піевіча і яго калекцыі кніг і старадаўніх дакументаў.
Захапленне кнігамі звязана з сямейнай традыцыяй, пачатак якой стварэннем бібліятэкі ў Лагойску паклала яго маці Аўгуста Тышкевіч, народжаная Плятэр (1782–1834), жонка Пія Тышкевіча (1756–1858). «Аматарка навуковых ведаў» («Pani lubigca nauki»), як пісаў пра яе сын, пакінула пасля сябе нямала кніг. Стараннямі спадчыннікаў бібліятэка папоўнілася мноствам каштоўных кніг, сярод якіх было нямала рэдкіх у бібліяграфічных адносінах асобнікаў. Асабліва каштоўнымі былі кнігі, якія змяшчаюць звесткі па гісторыі мясцовага краю.
Пасля вучобы спачатку ў Віленскай, а затым Мінскай гімназіях, Яўстафій Тышкевіч пражыў тры гады ў Санкт-Пецярбургу, дзе ўвесь свой вольны час праводзіў у Імператарскай публічнай бібліятэцы, знаёмячыся з найважнейшымі кнігамі па гісторыі роднага краю. Пасля 1835 года ён вяртаецца ў родныя мясціны – спачатку ў Вільня, затым на Міншчыну, захапляецца археалогіяй, мясцовымі паданнямі, народнымі традыцыямі. Убачанае і пачутае запісвае, пачынае публікаваць невялікія нататкі спачатку ў перыядычным друку, з часам з’яўляюцца асобныя працы невялікага аб’ёму.
У Цэнтры даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Цэнтарльнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі захоўваецца кніга з уласнай бібліятэкі Яўстафія Тышкевіча.



Гэта вядомае «Opisanie powiatu Borysowskiego…» (1847), якое стала вынікам дзейнасці краязнаўцы на Барысаўшчыне. Кніга ўпрыгожана гравюрай Язэпа Азямблоўскага «Сяляне з Барысаўскага наваколля». Для сваёй працы Я. Тышкевіч некалькі гадоў збіраў першакрыніцы па гісторыі, геаграфіі, этнаграфіі, літаратуры, мастацтве, археалогіі, фальклоры.
Чым больш далёкімі ад нас гістарычна робяцца звесткі, што перадаў нам Яўстафія Тышкевіч у рабоце «Апісанне Барысаўскага павета», тым большую навуковую каштоўнасць яны набываюць. Аўтар апісвае арганізацыю земляробства, агародніцтва, садаводства, асноўныя сельскагаспадарчыя прылады працы, спосабы апрацоўкі глебы. Яўстафія Тышкевіч пакінуў даволі падрабязнае апісанне адзення сялян Барысаўскага павета. У яго рабоце разгледжаны шэраг промыслаў, характэрных для сялян Барысаўшчыны. Вялікую цікавасць уяўляе апісанне даследчыкам асаблівасцей палявання сялян. Так, асобна прыведзены спосабы палявання на розныя віды звяроў (мядзведзя, дзіка, лася, ваўка і іншых), а таксама птушак.