Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Круглы стол да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР

Беларуская Народная Рэспубліка: гісторыя і спадчына (да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР)

ЦНБ НАН Беларуси

Круглы стол пад такой назвай адбыўся 13 сакавіка 2018 г. у Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (ЦНБ НАН Беларусі). Арганізаваны ён быў рэдакцыяй «Беларускага гістарычнага часопіса» сумесна з ЦНБ НАН Беларусі.

ЦНБ НАН Беларуси

У пасяджэнні круглага стала прынялі ўдзел вядомыя беларускія гісторыкі: дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч; дырэктар Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, доктар гістарычных навук Пётр Брыгадзін; дэкан гістарычнага факультэта БДУ, доктар гістарычных навук Аляксандр Каханоўскі; доктар гістарычных навук Рыгор Лазько; кандыдаты гістарычных навук Уладзімір Ляхоўскі, Валянцін Мазец, Станіслаў Рудовіч, Андрэй Унучак. На круглым стале былі абмеркаваны наступныя пытанні: канцэпцыі беларускай дзяржаўнасці на пачатку ХХ ст.; геапалітычныя ўмовы і наступствы абвяшчэння незалежнасці БНР; уплыў Акту 25 сакавіка 1918 г. на гісторыю Беларусі.

ЦНБ НАН Беларуси

У працэсе змястоўнай, цікавай і часам вострай дыскусіі ўдзельнікі круглага стала прыйшлі да высновы, што абвяшчэнне незалежнасці БНР 25 сакавіка 1918 г. стала лагічным вынікам імкнення беларускага народа да стварэння ўласнай дзяржавы. Нягледзячы на тое, што ў складаных геапалітычных умовах БНР не была рэалізаваная, але яе заснавальнікамі ўпершыню былі зроблены першыя практычныя крокі па стварэнні нацыянальнай дзяржавы. Фактычна абвяшчэнне незалежнасці БНР стала першым этапам на шляху да станаўлення беларускай дзяржавы, які быў пройдзены праз стварэнне БССР да абвяшчэння незалежнай і суверэннай Рэспублікі Беларусь.

Да правядзення круглага стала была прымеркаваная выстава, на якой прадстаўлены выданні дзеячоў Беларускай Народнай Рэспублікі, навуковыя публікацыі, прысвечаныя гісторыі БНР.

ЦНБ НАН Беларуси

Экпазіцыю адкрываюць выданні А. Луцкевіча «Польская акупацыя ў Беларусі», Вільня, 1920, А. Цвікевіча «Адраджэнне Беларусі і Польшча», Менск–Вільня–Берлін, 1921, Я. Варонкі «Беларускі рух ад 1917 да 1920 году», Коўна, 1920, У. Ігнатоўскага «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі». Вільня, 1921 і інш.

ЦНБ НАН Беларуси
ЦНБ НАН Беларуси

Шырока прадстаўлены на выставе беларускамоўныя перыядычныя выданні 1918–1921 гг. Большая частка з іх – віленскія. Гэта газеты «Гоман», «Крывічанін», «Беларуская Думка», «Беларускае Жыцьцё», «Крыніца» і г.д.

Сярод перыядычных выданняў беларускі палітычна-літаратурны часопіс «Крывічанін» (рэдактар-выдавец Вацлаў Ластоўскі). У 1918 г. у Вільні выйшаў першы яго нумар на беларускай мове лацініцай. На старонках «Крывічаніна» змешчана апавяданне З. Бядулі «Русалкі», «Санет» М. Багдановіча і яго пераклад оды Гарацыя «Помнік». На вокладцы часопіса графічны і тэкставы план эвакуацыі з Усхода ад Бярэзіны германскіх акупацыйных войск паводле Брэсцкага міру 1918 г.

Увазе наведвальнікаў першы і адзіны нумар літаратурна-грамадскага, навукова-гістарычнага і эканамічнага часопіса «Варта», які выйшаў на беларускай мове у кастрычніку 1918 г.

У экспазіцыі газеты-аднаднёўкі, напрыклад, «Голас праўды: аднаднёўка» (Вiльня, 1921), у якой змяшчалі свае творы Алесь Гарун, Янка Купала.

Газеты на беларускай мове выходзілі і ў другіх гарадах: у Коўне – «Пагоня», у Гродна – «Беларускае слова» і інш.

ЦНБ НАН Беларуси

У фондах аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў найбольш прадстаўлена газета «Крыніца» – орган Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў 1917—1940 гг. У ёй прапагандавалася ідэя адраджэння царкоўнай уніі, увядзення беларускай мовы ў каталіцкай царкве. Газета кансалідавала вакол сябе беларусаў-католікаў. Яна таксама прадстаўлена ў складзе экспазіцыі.

Значнае месца на выставе займаюць сучасныя даследаванні беларускіх, расійскіх, польскіх навукоўцаў. Сярод выданняў «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў канцы XVIII – пачатку ХХI ст.» (Мінск, 2011, У 2 кн.). Выданне падрыхтавана Інстытутам гісторыі НАН Беларусі ў рамках выканання Дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў на 2006–2010 гг. «Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасці і культуры» (навуковы кіраўнік праграмы – доктар гістарычных навук прафесар А.А. Каваленя).

Акрамя таго ў гэтым раздзеле прадстаўлены аўтарэфераты дысертацый беларускіх гісторыкаў Мазеца В.Г. «Беларуская Народная Рэспубліка: абвяшчэнне і дзейнасць (1918 год)», Хоміча С.М. «Фарміраванне тэрыторыі Беларускай савецкай рэспублікі (канец 1918–1926 г.) » і інш.

З экспанатамі выставы можна азнаёміцца ў чытальнай зале аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў на працягу месяца (да 14 красавіка).

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля