160 гадоў з дня нараджэння фундатаркі і асветніцы Магдалены Радзівіл
Палякі называлі яе «эксцэнтрычнай», нямецкія арыстакраты – дзівачкай, што аддалася справе беларускіх мужыкоў. У Расіі шчыра не разумелі яе памкненняў, у Літве паважалі і нават узнагародзілі ордэнам «Вялікі крыж Гедзіміна». Беларусы ж заслужана лічылі княгіню-асветніцу Марыю Магдалену Радзівіл адной з тых, хто складае гонар іх нацыі.
Нарадзілася Марыя Магдалена 8 ліпеня 1861 года ў Варшаве. Дзяцінства яе прайшло ў родавых маёнтках Жарноўцы і Кухцічы ў Ігуменскім павеце. Бацька дзяўчынкі, граф Ян Казімір Завіша-Кіжгайла, які паходзіў са старадаўняга беларускага роду, вызначаўся патрыятызмам. З’яўляючыся археолагам і этнографам, імкнуўся прывіць дочкам любоў да роднай зямлі і сам з’яўляўся для іх прыкладам у гэтай справе…
1906 год. Удава графа Людвіка Красінскага, вядомага ў Беларусі прадпрымальніка, які славіўся сваімі конезаводамі, Магдалена з роду Завішаў-Кежгайлаў, выклікала неверагоднае пачуццё кахання ў маладога арыстакрата-авантурыста Мікалая Радзівіла.
Маладажоны пакінулі Варшаву і пасяліліся ў Кухцічах. Менавіта тады і распачалася, уласна кажучы, асветніцкая і мецэнацкая дзейнасць Магдалены Радзівіл.
У сваіх маёнтках яна адкрыла сем пачатковых беларускамоўных школ, якія сталі самымі першымі ў Беларусі агульнаадукацыйнымі навучальнымі ўстановамі. Справай яе волі стала таксама заснаванне ў мястэчку Узда рамеснага вучылішча для сялянскіх дзяцей, дзе таксама панавала беларуская мова. Марыя Магдалена аказвала грашовую дапамогу студэнтам Віленскага і іншых універсітэтаў, для якіх устанавіла некалькі стыпендый. Шмат сродкаў яна ахвяравала на царкву і ахову здароўя. Яе намаганнямі былі адчынены шпіталі ў Кухцічах, Уздзе, Каменцы; збудавана ветка Лібава-Роменскай чыгункі.
Другім бокам дабрачыннай дзейнасці Магдалены Радзівіл стала фундацыя беларускага друку. Княгіня аказвала фінансавую дапамогу беларускай суполцы «Загляне сонца і ў наша ваконца» ў Санкт-Пецярбургу, Беларускаму выдавецкаму таварыству ў Вільні. За яе грошы былі надрукаваны першыя кнігі класікаў беларускай літаратуры, газеты «Наша ніва» і «Biełarus».
Сярод выданняў, якія фінансавала Магдалена Радзівіл, – зборнікі вершаў «Вянок» М. Багдановіча, «Курганная кветка» К. Буйло, «Рунь» М. Гарэцкага, «Васількі» Ядвігіна Ш., «Родныя з’явы» Тараса Гушчы (Я. Коласа) і інш.
Яе не стала, але засталіся кнігі, што былі выдадзены на грошы Магдалены Радзівіл, касцёлы, фундаваныя ёю, нашы землякі, якія з яе дапамогай змаглі атрымаць адукацыю і прысвяціць сябе справе служэння роднай зямлі.
Засталася памяць.
Прапануем паглядзець фільм «Старонкі жыцця вядомай мецэнаткі», які быў створаны да 150-годдзя Магдалены Радзівіл і віртуальную выставу.
Прэзентацыю можна паглядзець тут.
17 лютага 2018 года ў касцёле Святога Роха (Святой Тройцы) прайшло перазахаванне скрыні з астанкамі княгіні Марыі Магдалены Радзівіл. У цырымоніі развітання з прадстаўніцай знакамітага роду ў Мінску і вядомай мецэнаткай прыняў удзел яе праўнук Адам Замойскі. Скрыню з прахам Марыі Магдалены Радзівіл захавалі ў левай частцы сцяны касцёла Святой Тройцы.