Да 100-гадовага юбілею Анатоля Вялюгіна
У чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў падрыхтавана выстава “Радкі, падказаныя сэрцам”. Экспазіцыя прымеркавана да 100-гадовага юбілею вядомага беларускага паэта, празаіка, перакладчыка, кінасцэнарыста, лаўрэата літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, заслужанага дзеяча культуры БССР Анатоля Сцяпанавіча Вялюгіна (1923–1994).

На выставе экспануюцца дакументы з кніжнага фонду Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, а таксама асобныя матэрыялы з асабістага архіва пісьменніка, што захоўваецца ў фондзе Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў.


Так, у раздзеле “З біяграфіі” размешчаны энцыклапедычныя даведнікі, кніга аўтабіяграфій беларускіх пісьменнікаў “Пяцьдзесят чатыры дарогі”, што даюць уяўленне пра жыццё, дзейнасць і творчую актыўнасць Анатоля Вялюгіна.



Раздзел “З творчай спадчыны” знаёміць з першай літаратурнай публікацыяй будучага паэта – вершам “Матчына песня”, надрукаванаым у часопісе “Полымя рэвалюцыі”, № 7–8 за 1938 г. Акрамя таго, тут прысутнічае масіў кніжных дакументаў, які складаецца са шматлікіх паэтычных зборнікаў і асобных вершаў паэта, у тым ліку перакладзеных на рускую, украінскую, балгарскую мовы, перакладаў на беларускую мову твораў замежных аўтараў, што належаць пяру А. Вялюгіна, а таксама вершаў, адрасаваных дзіцячай аўдыторыі.

Вядома, што пісьменнік з’яўлялся складальнікам літаратурных зборнікаў, анталогій, літаратурна-папулярных выданняў, аўтарам літаратурных прадмоў. Некаторыя з іх, а таксама кнігі з дарчымі надпісамі Вялюгіна, адрасаваныя беларускім літаратарам, знайшлі сваё месца сярод экспанатаў юбілейнай выставы.


У раздзеле “Словы сяброў” сабраны кнігі беларускіх і замежных пісьменнікаў з цёплымі, шчырымі надпісамі ў адрас А. Вялюгіна – паэта і чалавеа.


Заключны раздзел выставы складаецца з дакументаў, што адлюстроўваюць узнагароды пісьменніка. Сярод экспанатаў – Дыплом лаўрэата першай ступені Усебеларускага фестывалю моладзі за зборнік вершаў “Голуб на вежы”, Дыплом лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, рашэнне журы аб прысуджэнні Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы за паэму “Вецер з Волгі”, Ганаровыя граматы Прэзідыумаў Вярхоўных Саветаў БССР, Літоўскай і Латвійскай ССР.
Экспазіцыю суправджаюць фотаздымкі А. Вялюгіна розных гадоў з яго асабістага архіва.
Выставу можна наведаць з 27 снежня 2023 г. па 20 студзеня 2024 г.