Дыялогавая пляцоўка «Беларускія пісьменнікі – дзецям»
2 верасня 2022 г. у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася дыялогавая пляцоўка «Беларускія пісьменнікі – дзецям».
З прывітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы звярнулася намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі – начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, кандыдат педагагічных навук, старшыня першаснай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Альбіна Леанідаўна Давідовіч.
У сваім выступе А.Л. Давідовіч падкрэсліла, што беларуская дзіцячая літаратура – важны аспект культуры і заклікала гасцей да актыўнага ўдзелу ў дыялогу.
З Днём ведаў і Днём беларускага пісьменства павіншавала прысутных Юлія Васільеўна Качурка, начальнік упраўлення навукова-арганізацыйнай і прававой работы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, старшыня першаснай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Дацэнт кафедры беларускай і замежнай літаратуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат філалагічных навук Ала Уладзіміраўна Жардзецкая, выступаючы з тэмай «Актуальнасць дзіцячай літаратуры на сучасным этапе», адзначыла выхаваўчую, адукацыйную і эстэтычную функцыі дзіцячай кнігі.
А. У. Жардзецкая звярнула ўвагу гасцей на працу Якуба Коласа «Методыка роднае мовы» (1926) – першы метадычны дапаможнік для настаўнікаў, у якім знайшлі адлюстраванне не толькі асабісты педагагічны вопыт Коласа як настаўніка, але і дасягненні айчыннай метадычнай навукі таго часу. У сваёй рабоце аўтар раіў настаўнікам стымуляваць эмацыянальную і творчую актыўнасць вучняў. «Кожны ўрок, – пісаў Колас, – гэта чарадзейнае, казачнае царства ведаў, таямніца адкрыцця».
На думку А. У. Жардзецкай «Методыка роднае мовы» Якуба Коласа не страціла актуальнасці і ў нашы дні. Ала Уладзіміраўна расказала пра падрыхтоўку будучых настаўнікаў. Падкрэсліла ролю бацькоў і настаўнікаў у выхаванні дзяцей праз кнігу.
Выступленне старшага навуковага супрацоўніка лабараторыі гуманітарнай адукацыі навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Вячаслава Іванавіча Караткевіча было прысвечана асэнсаванаму чытанню, якое яўляецца асновай чытацкай адукаванасці. Чытацкая адукаванасць – здольнасць чалавека разумець, ацэньваць і выкарыстоўваць тэксты, асэнсоўваць іх і быць уцягнутым у працэс чытання для дасягнення ўласных мэт, пашырэння сваіх ведаў і магчымасцяў, усебаковага ўдзелу ў жыцці грамадства. Асэнсаванае чытанне – від чытання, якое накіравана на разуменне тым, хто чытае, сэнсавага зместу тэксту.
У сваёй прэзентацыі В. І. Караткевіч прыводзіць вынікі даследаванняў – статыстыку па чытацкай адукаванасці, наколькі асэнсаваным яўляецца чытанне сярод беларускіх навучэнцаў, а таксама, якія крокі трэба рабіць для развіцця такога чытання ў дзяцей.
«Чытанне выхоўвае мускулы душы» – з такіх слоў пачаў свой выступ Уладзімір Ліпскі, беларускі пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, аўтар 90 кніг.
Уладзімір Сцяпанавіч падзяліўся ўспамінамі са свайго дзяцінства, расказаў, якую ролю адыгралі бацькі і настаўніца Аляксанда Лявонаўна ў яго выхаванні.
У экспазіцыі кніжнай выставы аўтар дзіцячай літаратуры знайшоў шмат сваіх твораў, са зместам некаторых з іх і пазнаёміў гасцей сустрэчы.
Сярод кніг асаблівае месца ў творчай скарбонцы аўтара займае яго дзённік-дыялог з унукам «Сонца над галавой». Уладзімір Сцяпанавіч прызнаўся, што сябе асацыюе з вобразам, апісаным Р. Барадуліным: «Дзед як дзіця, хаця...».
А бібліятэка атрымала ў дар ад Уладзіміра Ліпскага яшчэ адзін дзённік – кнігу «Усякі дзень апошні».
Старшы выкладчык кафедры беларускай і замежнай літаратуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэт імя Максіма Танка Лілія Пятроўна Лесько прысвяціла сваё выступленне творчасці А. Васілевіч. «Янка Маўр – бацька беларускай літаратуры, а Алена Васілевіч – маці» – падкрэсліла Лілія Петровна. Яна адзначыла, што кожнае апавяданне пісьменніцы шчырае, шчымлівае, лірычнае, направленае на выхаванне дзіцяці.
З незвычайнымі цікавымі формамі правядзення ўрокаў пазакласнага чытання азнаёміла ўдзельнікаў дыялогавай пляцоўкі старшы выкладчык кафедры беларускага і рускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук Ірына Аляксандраўна Буторына. Яна падзялілася вопытам рэалізацыі адукацыйнага праекта «Ад культуры чытання – да культуры асобы».
Як на старонках часопіса «Пралеска» ствараецца матэрыял «Літаратурнай гасцёўні» і дзе можна азнаёміцца з біяграфіяй і творчасцю беларускіх пісьменнікаў, распавяла галоўны рэдактар часопіса Святлана Анатольеўна Штабінская.
Яна расказала, як часопіс прымяняе сучасныя тэхналогіі і суадносіць традыцыйны папяровы носьбіт з новымі патрабаваннямі чытача, размяашчаючы ў выглядзе QR-кода спасылкі на відэаматэрыял.
Намеснік дырэктара па маркетынгу выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Анастасія Віктараўна Радзікевіч правяла ўдзельнікаў сустрэчы па маршруце адукацыі і выхавання – пазнаёміла з прадукцыяй выдавецтва, расказала пра змест асобных кніг і часопісаў для дзяцей.
У рамках дыялогавай пляцоўкі дэманстравалася выстава кніг беларускіх пісьменнікаў для дзяцей «Свет дабрыні. Кнігі для дзяцей». На выставе былі прадстаўлены кнігі як класікаў беларускай дзіцячай літаратуры: Васіля Віткі, Эдзі Агняцвет, Алены Васілевіч, так і сучасных беларускіх пісьменнікаў: Алеся Карлюкевіча, Раісы Баравіковай, Уладзіміра Ліпсакага і інш. Таксама выстава складалася з кніг выдавецтва «Адукацыя і выхаванне»: выданні серый «Мир путешествий», «Бібліятэка часопіса «Вясёлка»» і інш.
Па заканчэнні сустрэчы яго арганізатары прапанавалі зрабіць традыцыйнымі такія фарматы сустрэч і пашырыць кола ўдзельнікаў діялогу.